ГРОДНА
Панядзелак,
20 мая
2024 года
 

Repeat 50 разоў, альбо чаму варта маліцца на ружанцы

З жыцця Касцёла

Ружанец праз скайп, 2013 г.

Мы, людзі XXI стагоддзя, жывём у час, калі нам на ўсё вельмі часта не хапае часу. Не хапае часу на адпачынак, не хапае часу для сваіх блізкіх, не хапае часу на абед, на самаразвіццё і на многае іншае.
Мы заўсёды знаходзімся ў руху. З аднаго боку здаецца, што гэта добра, бо чалавек не звяртае ўвагі на непатрэбныя справы, якія не прыносяць яму карысці. Аднак можа здарыцца і так, што ў нас не застанецца часу, каб жыць, жыць па-сапраўднаму. Можна стаць падобным да робата, які будзе ўсё рабіць па ўжо вызначанай праграме і запраграмаваным маршруце кожны дзень. І гэта часта з’яўляецца прычынай таго, што ў нас няма часу нават на найважнейшыя справы.
    Адной з такіх найваж­нейшых спраў нашага хрысціянскага жыцця з’яўляецца малітва. Вельмі часта многія хрысціяне апраўдваюць сябе: што­дзённасць не пакідае магчымасці на малітву, а нават калі яна і ёсць, то яна абмяжоўваецца да якой-небудзь пабожнай формулы або знака крыжа на заканчэнне дня. Чаму так адбываецца ў нашым жыцці? Адна з прычын заключаецца ў тым, што з самага пачатку штодзённая малітва не ўваходзіць у план нашага жыцця. Бо калі б я сапраўды хацеў маліцца кожны дзень хаця б па 10 хвілін, то напэўна знайшоў бы час на малітву.
У кастрычніку каталіцкі Касцёл перажывае асаблівы час, якім з’яўляецца супольная малітва на ружанцы. Але гэта не значыць, што Ружанцам трэба маліцца толькі ў гэтым месяцы. Да гэтай малітвы Касцёл заахвочвае сваіх вернікаў увесь час. Аднак вельмі часта можна пачуць тэорыю, што Ружанец – гэта малітва толькі для старэйшых людзей, якім няма чаго рабіць, і таму яны могуць маліцца на ружанцы дома альбо прыходзіць на кастрычніцкае ружанцовае набажэнства ў касцёл. Некаторыя кажуць, што гэта нудная малітва, што яна толькі забірае наш каштоўны час. Але такія людзі, напэўна, не вельмі часта трымалі ў сваіх руках ружанец і яшчэ менш маліліся на ім.
    Гісторыя прыгадвае роз­ныя падзеі, калі ружанцовая малітва дапамагла ўсё змяніць. Адной з такіх падзей з’яўляецца бітва пад Лепанто ў 1571 г., калі быў пераможаны турэцкі флот, які пагражаў Еўропе. Аднак нямногія ведаюць і нямногія хочуць гаварыць аб тым, што ў гэты дзень папа Пій V прызываў еўрапейскія народы маліцца на ружанцы ў гэтай інтэнцыі. Трэба прыгадаць таксама, што турэцкі флот колькасна пераўзыходзіў еўрапейскія войскі. Гісторыя ўспамінае таксама падзею з 80-х гг. XX стагоддзя, калі на Філіпінах падчас праўлення дыктатара Маркоса 2 млн. людзей выйшлі на вуліцы сталіцы з ружанцамі і маліліся аб змене ўлады. І цудоўным чынам яны атрымалі тое, аб чым прасілі. Гэтая падзея атрымала назву “Ружанцовая рэвалюцыя”. Ніколі Ружанцам не будзе маліцца той, хто не разумее сэнсу малітвы, хто абыякава ставіцца да розных сваіх патрэб і патрэб сваіх блізкіх. Бо, праўду кажучы, калі б чалавек меў моцную патрэбу ў тым, аб чым просіць, то, узяўшы ў рукі ружанец, ён рабіў бы repeat (паўтарэнне) гэтай малітвы не адзін раз. Я ніколі не веру таму, хто гаворыць, што не мае, аб чым маліцца. Справа тут толькі ў тым, ці верыць чалавек у моц і сілу гэтай малітвы. І таму, калі маеш розныя патрэбы, калі нечага патрабуеш або штосьці перажываеш, паспрабуй узяць у рукі ружанец і павер, што ты не страціш свайго часу, а наадварот знойдзеш. Трэба толькі моцна ў гэта верыць, бо repeat 50 разоў (столькі разоў паўтараецца ў Ружанцы малітва “Вітай, Марыя”) можа змяніць многае.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  225

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.