ГРОДНА
Пятніца,
03 мая
2024 года
 

Вось ужо 20 гадоў існуе парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне!

З жыцця Касцёла

А. Юзаф Генза прэзентуе гісторыю парафіі7 верасня бягучага года а 12-й гадзіне пад кіраўніцтвам дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага была адпраўлена св. Імша падзякі за 20 гадоў існавання парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне на Дзевятоўцы.
Знамянальным з’яў­ляецца той факт, што св. Імша адбылася на месцы, дзе ўсё пачалося. На пачатку літургіі а. Юзаф Ген­за прадставіў гісторыю ўзнікнення парафіі.
    Канец васьмідзясятых гадоў XX стагоддзя – гэта час палітычных змен у Еўропе, якія маюць вялікі ўплыў на рэлігійнае жыццё. Пасля многіх гадоў праследаванняў Касцёлы і веравызнанні атрымліваюць магчымасць свабодна абвяшчаць Евангелле. Рэлігійнае жыццё, якое перажывае сваё адраджэнне, у той жа час пакутуе ад недахопу святынь і святароў. Гэта датычыцца таксама і Беларусі. На дапамогу прыходзяць святары з іншых краін, у першую чаргу з Польшчы, а сярод іх рэдэмптарысты, якія праводзяць у Гродзенскай дыяцэзіі парафіяльныя місіі. Кс. бп Аляксандр Кашкевіч даручае рэдэмптарыстам душпастарства ў некалькіх парафіях, сярод якіх таксама новая парафія ў Гродне на Дзевятоўцы, утвораная дэкрэтам ад 27 жніўня 1994 года.
Першым пробашчам становіцца а. Ян Зубель, які нарадзіўся на Гродзеншчыне, але ў 1957 г. разам з сям’ёй эмігрыраваў у Глівіцы. Дзякуючы зычлівасці сясцёр назарэтанак а. Ян селіцца пры пабрыгіцкім касцёле і распачынае арганізацыю парафіі. Гэта магчыма толькі дзякуючы адданай дапамозе кола людзей новай парафіяльнай супольнасці.
    28 жніўня 1994 г. кс. бп Аляксандр Кашкевіч асвячае часовую капліцу пад тытулам Найсвяцейшага Адкупіцеля. Гэта тут, пры гэтым алтары, ля якога мы сёння сабраліся, парафія на працягу многіх гадоў павялічваецца колькасна і духоўна, будуючы касцёл і душпастарскае заплечча. Аўтарам праекта капліцы, як і пабудаванай затым святыні і душпастарскага цэнтра, з’яўляецца брат а. Яна – інжынер Генрык Зубель і яго супрацоўнікі. У праектных працах прымаюць удзел таксама інжынеры з Гродзенскага “Грамадзянпраекта”. Для інжынера Генрыка Зубеля магчымасць праектавання касцёла ў родных мясцінах была асаблівай радасцю і гонарам.
    У чэрвені 1995 г. на дапамогу а. Яну прыязджае а. Вальдэмар Слота, які, пасля выезду а. Яна ў лютым 1996 г., прымае абавязкі душпастарства ў парафіі і будаўніцтва касцёла. У тым жа 1995 г. пабудаваны катэхетычныя класы і пакоі для душпастараў.
    24 снежня 1995 г. у капліцу ўносяць абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі і адпраўляецца першае набажэнства Нястомнай навэнны. У наступным годзе – 22 і 23 чэрвеня 1997 г. – парафію наведвае фігура Маці Божай Фацімскай, якая вандравала па ўсіх парафіях Беларусі. У тым самым годзе “Радыё Марыя” з Торуні ахвяруе нашай супольнасці фігуру Маці Божай Фацімскай, у вобразе якой Марыя надалей прымае пашану ў нашым касцёле.
    Асабліва значным момантам у жыцці нашай парафіі з’яўляецца дата 14 лістапада 1997 г. У гэты дзень распачынаецца праца па будаўніцтве касцёла. Пасля трох гадоў будаўніцтва, 7 кастрычніка 2000 г. кс. бп Антоній Дзям’янка ўмуроўвае і асвячае вуглавы камень. Камень паходзіць з базілікі св. Пятра ў Рыме, яго падарыў і блаславіў папа Ян Павел II. Асвячэнню каменя папярэднічае аднаўленне першых місій, акія былі праведзены за год да гэтага – 7–14 лістапада 1999 г.
    Вельмі важнай і радаснай падзеяй для польскіх рэдэмптарыстаў, якія працуюць не толькі ў Гродне, але і ўвогуле ў Беларусі, становяцца святарскія пасвячэнні і прыміцыя 21 чэрвеня 1998 г. першага рэдэмптарыста з Беларусі. Ім становіцца а. Станіслаў Станеўскі, які з 26 чэрвеня 2008 г. па 20 жніўня 2012 г. выконвае функцыю пробашча парафіі і даводзіць касцёл да асвячэння, што 15 кастрычніка 2011 г. здзяйсняе кс. бп Аляксандр Кашкевіч.
    Каб гэты акт мог быць здзейснены, у 2009 г. выкладзена гранітная плітка ў наве касцёла і мармуровая ў прэзбітэрыі. Тут трэба з удзячнасцю заўважыць, што гэта дар рэдэмптарыстаў з Італіі і Германіі. Падобнай дапамогай служылі таксама рэдэмптарысты з ЗША і Польшчы, а таксама іншыя вернікі. Табернакулюм, напрыклад, фундавала спадарыня Алена Далэнгоўская з Варшавы. У 2010 г., калі быў пабудаваны алтар, там змясцілі табернакулюм, 13 сакавіка распачаў сваю дзейнасць парафіяльны хор. У год кансэкрацыі касцёла самі парафіяне фундавалі фігуру Пана Езуса, жырандолі і стацыі Крыжовага шляху.
    Пасля пэўнага пера­пынку, асаблівым чынам у бягучым годзе, праводзяцца апрацоўчыя работы ў памяшканнях пад касцёлам, напрыклад, у зале, якую звычайна называюць тэат­ральнай. Распачаты таксама працы па агароджванні касцёльнай тэрыторыі.
    Пералічваючы некаторыя падзеі з жыцця касцёла, нельга забыцца пра самае важнае: пра духоўнае жыццё парафіі, якое не ўдасца змясціць у нейкія даты. На працягу ўсяго дваццацігадовага перыяду трывае катэхізацыя, адпраўляюцца св. Імшы і набажэнствы, адбываецца сакрамант пакаяння. Для прыкладу: у 2013 г. ахрышчана 250 дзяцей, 130 асоб прыступілі да сакраманту канфірмацыі, 125 пар заключылі сакрамант сужэнства, да Першай св. Камуніі прыступіла 180 чалавек. У парафіі існуе некалькі малітоўна-фармацыйных супольнасцей, нас духоўна ўзбагачае дзіцяча-моладзевы тэатр імя св. Яна Паўла II, дзіцяча-моладзевы ансамбль.
    Здзяйсняючы гэтае кароткае і няпоўнае падсумаванне існавання парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, мы, перш-наперш, павінны падзякаваць Богу, а таксама ўсім людзям, намаганнямі якіх парафія ўзнікла і развіваецца. З гэтай мэтай мы сабраліся на месцы капліцы, на месцы пачатку нашай парафіі, пры алтары, які нас яднаў і ўзмацняў. Удзячныя за ўсю дабрыню, за людзей, якія адор­валі нас сваёй малітвай, матэрыяльнай дапамогай і працай, мы просім аб бласлаўленні для іх і аб ласцы ўзрастання для нас. Для памерлых, асабліва для інжынера Алега Леўчука, які кіраваў будаўніцтвам касцёла, просім аб вечнай радасці”.
    На св. Імшы прысутнічалі ганаровыя госці: генеральны консул Рэчыпаспалітай Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч разам з працаўнікамі дыпламатычнай пляцоўкі, старшыня фонду “Крэсы ў патрэбе – палякі палякам” Цэзарый Анджэй Юркевіч разам з прадстаўнікамі фонду Веславам Лешка і Артурам Вольтэрам.
    У літургічнай службе падчас св. Імшы ўдзельнічала шмат міністрантаў, бялянак, чыгуначнікаў і скаўтаў. Літургію ўпрыгожылі сваім спевам хор “Vox Domini” (кіраўнік Вольга Маркевіч), а таксама дзіцяча-моладзевы ансамбль “Liberamente” (кіраўнік Наталля Лойка).
    Пасля св. Імшы ў тэатральнай зале пад касцёлам адбыўся мастацкі паказ Веранікі Паплаўскай, якая з дапамогай мастацтва малявання пяском паказала некаторыя моманты з гісторыі парафіі.
    На заканчэнне ўрачыстасці старшыня фонду “Крэсы ў патрэбе – палякі палякам” спадар Юркевіч пажадаў парафіі далейшага ўзрастання і духоўнага развіцця і з думкай аб гэтым уручыў пробашчу парафіі а. Дзмітрыю Лабкову альбом, каб весці парафіяльную хроніку наступнага дваццацігоддзя.
    Многае здарылася ў парафіі на працягу гэтых 20-ці гадоў. Таму было, што прыгадаць. Але не трэба спыняцца. Давайце, захоўваючы ў памяці тое, што было, з надзеяй ісці наперад, у наступнае дваццацігоддзе!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  243

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.