ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

“Уключыць” рэцэптары патрэбы

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
    Рада зноў вітаць Вас, паважаныя Чытачы, на старонках газеты ў рубрыцы “На скрыжаванні”. Мы разам сустрэнем гэтую восень і сплануем яе пачатак у разрэзе духоўнага развіцця.
    Самаўдасканаленне, як прыемны парфум – каб падтрым­ліваць вакол сябе чароўны пах, трэба перыядычна распыляць на сябе флакон. Інакш эфект можа застацца незаўважным. Таму духоўны рост – гэта канчатковая мэта кожнага нашага з Вамі прыпынку на скрыжаванні жыцця.
    Сёння паразважаем аб тым, як праяўляецца шчодрасць, навошта людзі ахвяруюць сабой дзеля іншых і як зразумець, што бліжняму зараз патрэбен менавіта ты.
    Адразу заахвочваю да каментарыяў у рубрыцы. Актыўныя чытачы будуць узнагароджаны разнастайнымі прызамі.
    З Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту” (Лк 6, 30).
    У гэтых радках Бог дае азначэнне шчодрасці: людзі просяць – дай, узялі – забудзься. Бог вучыць нас адкрываць сваё сэрца на бліжняга. Ісціна заключаецца ў тым, што рэчы патрэбна з лёгкасцю адпускаць – у свеце ёсць нешта больш важнае, напрыклад, душа, якая прагне збаўлення.  
        
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: Каб разумова адсталыя людзі былі акружаны любоўю і дапамогай, якая ім патрэбна для годнага жыцця

   Разумова адсталыя людзі – гэта людзі з прыроджаным псіхічным дэфектам. Яны не здольны да незалежнай сацыяльнай адаптацыі, ім патрэбна разуменне і дапамога з боку акружаючых. Папа агарнуў вераснёвай малітвай такіх людзей. Далучымся дя яе і мы.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: Шчодрасць
   Шчодрасць – надзел моцных людзей. Не так проста і лёгка “адрываць” ад сябе кавалкі душы і сэрца. Ахвотна дзеляць сябе з іншымі велікадушныя і міласэрныя людзі. Часта на добрыя справы на несвядомым узроўні адгукаюцца дзеці. Пазней многія з іх, “пабітыя” жыццём, закрываюцца ад свету. Дарэмна! Толькі чыстае шчодрае сэрца сёння здольна выратаваць чалавека. Духоўнае багацце памнажаецца, калі ім дзеляцца.
   
  СПРАВА МЕСЯЦА: Дапамагчы інваліду
   Каб адважыцца дапамагчы чалавеку з абмежаваннямі, дастаткова паставіць сябе на яго месца і падумаць аб тым, што жыццё часам такое непрадказальнае... Добрая справа для інваліда – паклон Богу за сваё ўласнае жыццё, магчымасць паўнавартаснага існавання. Калі кажуць, што на працягу свайго жыцця мужчына павінен пасадзіць дрэва, пабудаваць хату і выгадаваць сына, мне заўсёды хочацца дадаць: і дапамагчы бліжняму. А людзі з абмежаванымі магчымасцямі якраз першыя ў гэтай чарзе.
   
  МЭТА МЕСЯЦА: “Уключыць” рэцэптары патрэбы
   Перад тым, як зрабіць нешта добрае, трэба ўбачыць ці адчуць, каму патрэбна дапамога. Для гэтага неабходна прыслухоўвацца да свету, аналізаваць, давяраць сваёй інтуіцыі. Такім чынам, патрэбныя выпадкі “агаляюцца” – і справа мае месца быць. Хтосьці чакае матэрыяльнай дапамогі, хтосьці – духоўнай, а іншы раз людзям проста патрэбна ўвага, падтрымка.
     Няхай на гэты месяц мэтай для Вас стане настройка рэцэптараў, адказных за адчуванне патрэбы іншых людзей. Убачыце, Вы станеце больш гібкімі, спачувальнымі, міласэрнымі. Варта не забываць, што бескарыслівая шчодрасць – прамы шлях у неба.
     
  святы  Руіс Ларэнса АСОБА МЕСЯЦА: Святы Руіс Ларэнса

   Дакладная дата нараджэння святога невядома. Па некаторых звестках, Руіс нарадзіўся ў 1600 г. у раёне Манілы Бінонда (Філіпіны). Гэтае месца знакаміта як тэрыторыя, на якой іспанцы дазвалялі сяліцца нованавернутым хрысціянам з ліку кітайскіх імігрантаў. Бінонда таксама лічыцца гістарычным цэнтрам метысаў-санглі – нашчадкаў кітайцаў і карэнных жыхароў Філіпін. Руіс быў адным з такіх прадстаўнікоў. Яго маці паходзіла з Філіпін, бацька – з Кітая. Абодва былі католікамі.
    Будучы хлопчыкам, Руіс прыслужваў у мясцовым касцёле. Некаторы час навучаўся ў дамініканцаў. Атрымаў пасаду каліграфа. Ведаў некалькі моў. Працаваў у касцёле клеркам. Ажаніўся, меў трое дзяцей.
    У 1636 г. Руіс быў ілжыва абвінавачаны ў забойстве іспанца, з-за чаго яму давялося бегчы з Манілы. У снежні Ларэнса сеў на карабель, які накіроўваўся з місіяй у Японію. На тым жа судне былі чатыры місіянеры і адзін пракажоны.
    Пасля высадкі з карабля місіянеры былі хутка схоплены і адпраўлены ў Нагасакі, дзе цярпелі за сваю веру. У той час хрысціяне ў Японіі цярпелі жорсткія ганенні. 27 верасня Руіс быў падвешаны ўніз галавою. Праз два дні ён памёр ад удушша і страты крыві. Усе яго спадарожнікі таксама загінулі.
    Руіс Ларэнса быў беатыфікаваны папам Янам Паўлам ІІ у 1981 г. Ён стаў першым філіпінскім святым, кананізаваным каталіцкім Касцёлам (1987 г.). Яго імя носіць плошча і касцёл у Бінонда, вядомы як малая базіліка св. Ларэнса Руіса. Дзень памяці святога – 28 верасня.
    Да якіх святых звяртацца з асаблівымі просьбамі ў верасні?
    Св. Лінда (1 верасня),
    прарок Майсей (4 верасня),
    св. Левій Мацвей (21 верасня),
    св. Міхал (29 верасня).

    КНІГА МЕСЯЦА: “Валодаць розумам і пачуццямі”, Нарчыза Ірала
   Кніга з серыі “Псіхалогія і асоба”. З анатацыі: “Кніга Нарчыза Ірала тлумачыць механізмы ўзнікнення эмацыянальных расстройстваў і прапануе методыку іх лячэння і прафілактыкі. Рэкамендацыі кнігі дапамогуць чытачу лепей адпачываць, пераадольваць комплексы, пазбавіцца страхаў, дэпрэсій, раздражняльнасці і іншых псіхалагічных праблем”.
    Пасля знаёмства з кнігай Вам стане зразумела, чаму людзі чырванеюць без прычыны, наколькі карысна цнатлівасць і як змагацца з песімізмам. Раю да чытання.

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА:  “Бог падарыў нам восень”, гурт Збаўленне

   “Восень, прыгожую восень Бог падарыў зямлі. Восень, прыгожую восень я папрасіў для сябе...”. Чамусьці менавіта восень прымушае чалавека спыніцца і задумацца над жыццём. Многія ў гэты час вырашаюць нешта змяніць, адважваюцца на сур’ёзныя крокі. Пад восенню ў песні разумеецца шанс, які Бог нястомна нам прапаноўвае. А кожны з нас абсалютна ў аднолькавай ступені мае магчымасць яго выкарыстаць. І зараз на вуліцы восень, Твая васень! Варта толькі ў гэта паверыць.
   
Дзяліцеся сваімі ўражаннямі ад планавання свайго жыцця разам з рубрыкай “На скрыжаванні”. Ці даведаліся Вы аб нечым новым, ці адкрылі для сябе нешта – пішыце на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Ініцыятыўныя чытачы абавязкова будуць узнагароджаны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.