ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

100-годдзе з дня нараджэння кс. прэлата Пятра Барташэвіча

Юбілей

30 жніўня 2014 г. у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся адмысловыя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння кс. прэлата Пятра Барташэвіча, шматгадовага пробашча гэтай парафіі. Яго выхаванцамі з’яўляюцца Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і кс. прэлат Антоній Ханько – канцлер Гродзенскай курыі і пробашч парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне.
Святую Імшу з гэтай на­годы ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, яе канцэлебравалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, кс. прэлат Антоній Ханько і іншыя святары, асабліва тыя, хто добра ведаў кс. Пятра Барташэвіча. У св. Імшы прынялі ўдзел таксама шматлікія вернікі жалудоцкай парафіі і госці, у тым ліку свецкія выхаванцы і міністранты кс. Пятра Барташэвіча.
У гаміліі Мітрапаліт прыгадаў сабраным служэнне кс. Барташэвіча ў Адэльску і Жалудку. Як адзначыў іерарх, пасля доўгага перыяду адсутнасці святара ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску ў 1955 г. з’явіўся даволі малады і вельмі энергічны душпастар – Пётр Барташэвіч, які толькі што вярнуўся з сібірскага лагера. Вернікі адразу заўважылі неардынарнасць гэтага чалавека, якога Бог адарыў многімі дарамі. Ён, як магніт, прыцягваў да сябе людзей, асабліва моладзь, што ў тыя часы магло прывесці да непажаданых наступстваў. І тут, па словах арцыбіскупа Тадэвуша, маладыя людзі, асабліва міністранты, атрымалі вельмі важны ўрок. Святар вучыў, што неабходна быць добрым і паслухмяным вучнем, але ў той жа час нельга адракацца ад сваёй веры; калі ў будні дзень прыпадае свята, то яго неабходна святкаваць, пайсці ў школу, а пасля яе – у касцёл. У гэтым сэнсе, дадаў Мітрапаліт, кс. Пётр Барташэвіч быў вельмі прынцыповым, і гэтая прынцыповасць перадалася яго вучням.
   
  Разам з першакамунійнымі дзецьмі  Ксёндз Пётр, як адзначыў арцыбіскуп, вучыў праўдам веры і адначасова вельмі шмат увагі прысвячаў агуль­нахрысціянскай і чалавечай фармацыі. “Ён правяраў нашы дзённікі, цікавіўся, як мы вучымся ў школе, дапамагаў у выкананні хатніх заданняў, гуляў з намі ў футбол, – распавёў іерарх. – Словам, быў вельмі адкрытым чалавекам, з якім усе хацелі паразмаўляць. Да яго ішлі людзі не толькі за духоўнай парадай, але проста каб параіцца ў жыццёвых справах. Яго аўтарытэт быў бясспрэчны і вельмі вялікі. Калі ксёндз Пётр сказаў, то гэта прымалася безварункова. Таму ягоны ўплыў на людзей і асабліва на моладзь быў вельмі вялікім”.
   
    Гэта, узгадаў Мітрапаліт, не спадабалася ўладам, якія пастанавілі перавесці святара ў іншую парафію. Тады былі вельмі цяжкія часы для адэльскай парафіі, цяжка было і кс. Пятру, але ён знайшоў выйсце і сказаў: “Выеду пры ўмове, што на маё месца прыедзе іншы святар”. У той час у Парэччы знаходзіўся інтэрнаваны кс. Фелікс Сарока, і ўлады згадзіліся. Такім чынам вакантная парафія ў Жалудку атрымала пробашча – кс. Пятра Барташэвіча, і Адэльск не застаўся без духоўнай апекі, бо пробашчам быў прызначаны кс. Фелікс Сарока.
   
    У Жалудку, як расказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, распачаўся новы этап служэння кс. Пятра. Як і ў Адэльску, да яго пацягнуліся людзі ўсіх узростаў. Мітрапаліт прызнаўся, што ў кс. Пятру Барташэвічу ён ўбачыў тып новага, адкрытага на свет і іншыя веравызнанні святара, які быццам папярэдзіў вучэнне Другога Ватыканскага Сабору.
   
    Гамілію арцыпастыр завяршыў просьбай да міла­сэрнага Бога, каб прыняў у сваё Валадарства кс. Пятра Барташэвіча, якога паклікаў да сябе ў 1991 г., каб “мы мелі новага нябеснага заступніка, які б маліўся за нас і блаславіў нас з акна нашага нябеснага Айца”.
   
    Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
    “Для мяне ксёндз Пётр Барташэвіч стаў духоўным настаўнікам і моцна паў­плываў на маю чалавечую фармацыю”.
    “Гэта быў чалавек малітвы і вельмі добры аратар. Яго казанні можна было слухаць гадзінамі. Асаблівую ўвагу ён звяртаў на моладзь. Адразу арганізаваў міністрантаў (а нас было каля 30). Вучыў служыць каля алтара. Але таксама клапаціўся і пра нашае навучанне ў школе, кантраляваў адзнакі. Яму трэба было паказваць дзённік. Ксёндз Пётр Барташэвіч вучыў нас гісторыі збаўлення, малітве, традыцыям Касцёла і інш. Будучы адкрытым і любячым усіх, ксёндз Пётр у той жа час быў вельмі станоўчым чалавекам, асабліва адносна захавання Божага закону і навучання дзяцей рэлігіі, для чаго выкарыстоўваў усе магчымасці. Асабіста мне імпанавала яго адкрытасць на іншых людзей, пошук новых способаў душпастарства і ўключэння свецкіх людзей у дзейнасці Касцёла. З усёй адказнасцю магу сказаць, што калі б не кс. Пётр Барташэвіч і падобныя да яго, я не змог бы стаць святаром”.
   
    Кс. Антоній Ханько
    “Пасля прыезду ў нашу парафію кс. Пятра Барташэвіча ўсе нашы хлопцы сталі міністрантамі, а дзяўчынкі сталі ўдзельнічаць ў працэсіі. Вельмі шмат дзяцей і моладзі пачало часцей хадзіць у касцёл. Ён быў сапраўды як бацька. Для кожнага ён стараўся знайсці час, кожнага заўважаў, абменьваўся некалькімі словамі, пытаўся... У парафіі яго называлі «айцом», бо перад вайной тут працавалі айцы кармеліты...”. “У тыя часы да святара на споведзь хворых людзей прывозілі на кані, у возе. Тады кс. Пётр выходзіў да воза, які стаяў перад касцёлам, спавядаў, удзяляў сакрамант намашчэння хворых, размаўляў, суцяшаў, дадаваў адвагі...”. “Ён быў чалавекам цёплым, хоць і крычаў за амбонай. Дзверы плябаніі былі заўсёды адчынены. Тую яго адкрытасць людзі памятаюць па сённяшні дзень. Падсумоўваючы жыццё вялікага святара, можна ўсё змясціць у некалькіх словах: любоў, добразычлівасць, мужнасць”.

Чытайце таксама "Прыклад для пераймання"

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.