ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Ці хочаш ты стаць святым?

Слова рэдактара

 Я часта задаю гэтае пытанне людзям з розных парафій падчас адвэнтавых ці велікапосных рэкалекцый там, дзе я іх праводжу. Я яшчэ не сустрэў чалавека, які б не хацеў стаць святым. Я заўсёды растлумачваю вернікам гэтую ісціну наступным чынам: святы – г.зн. шчаслівы, а кожны з нас хоча быць шчаслівым і жадае гэтага шчасця сабе і сваім блізкім, а таму, калі шчаслівы, то і святы. Варта ў чарговы раз па меры чалавечых магчымасцей засяродзіцца над святасцю, да якой мы ўсе тут, на зямлі, імкнёмся.
    Веруючы чалавек на сваёй дарозе мае ўсё, каб стаць святым. Сакраманты, навучанне Касцёла, прыклады тысяч людзей, якія робяць усё для таго, каб стаць святымі, і да т.п. Прыгадваю словы св. Яна Паўла II, які аб святасці сказаў наступным чынам: “Хрысціянства вельмі простае. Яно настолькі простае, што кожнае дзіця можа яго зразумець. Таксама і святасць – плён хрысціянства – па-дзіцячаму простая. Дык чаму вакол яе нарасло столькі непаразуменняў і няправільных інтэрпрэтацый?”. А якую інтэрпрэтацыю прынялі мы? Бо няпраўда, што я не магу стаць святым або што святыя жылі толькі ў часы Пана Езуса.
Святасць – гэта сапраўднае жыццё з Богам, і мы павінны кожны дзень прыгадваць сабе гэта. Вера, якую мы вызнаём, пабуджае нас да навяртання, да таго, каб мы мелі адвагу штодзённа жыць адзінствам і святасцю, а калі мы не святыя, то гэта толькі таму, што мы не верныя Хрысту. Крок за крокам мы павінны набліжацца да Езуса, прыгадваючы сабе словы св. Аўгусціна, які распачынае сваю “Споведзь” вядомым: “Ты стварыў нас, Пане, для сябе, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе спакой у Табе”.
    Быць святым – гэта таксама быць чалавекам з вялікім сэрцам. Некалькі дзён таму я пачуў па радыё аб пэўным эксперыменце, які праводзіўся ў Расіі і Злучаных Штатах, а затым быў паўтораны ў нас. На вуліцы ляжаў чалавек, якому была неабходна дапамога. У Расіі сотні людзей праходзілі міма, не звяртаючы на яго ўвагі, а ў ЗША людзі адразу рэагавалі, прапануючы сваю дапамогу. Мяне цешыць тое, што ў Беларусі быў такі ж рэзультат – людзі прапанавалі дапамогу таму, каму яна была неабходна. Вялікае сэрца нашага народа можа паспрыяць узмацненню веры, а тады бліжэйшай стане і дарога да святасці.
    Людзі, вынесеныя да хвалы алтара, – гэта не толькі мучанікі ці тыя, хто ўсё сваё жыццё праводзіў на малітве, молячыся з раніцы да вечару. Гэты вобраз не да канца праўдзівы. Сярод святых былі розныя людзі. Ізноў варта звярнуцца да навучання вялікага святога – Яна Паўла II: “Святасць не з’яўляецца ніякім ідэалам ці задачай для ідэалістаў. Гэта жыццё, жывыя, штодзённыя адносіны паміж людзьмі, штосьці надзвычай рэалістычнае. Толькі пазбаўленыя ілюзій рэалісты становяцца святымі. Няма і не было святых летуценнікаў. Многія з нас не разумеюць, як моцна па зямлі ступалі святыя, як добра ім былі вядомы самыя цёмныя бакі жыцця, у тым ліку і думкі аб самазабойстве, як рэалістычна яны ацэньвалі свае магчымасці. Гэта не людская слабасць і звязаныя з ёй памылкі з’яўляюцца перашкодай на шляху да святасці. Бог з большых слабакоў, чым мы, зрабіў святых. Ён спецыяліст па справах, якія чалавеку здаюцца немагчымымі. Перашкодай на шляху да святасці з’яўляецца толькі наша нявер’е”. Няхай вера ў нашым народзе ўзрастае, а тады і народ будзе святым.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.