ГРОДНА
Субота,
05 кастрычніка
2024 года
 

Пастырскі ліст кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча на пачатак новага навучальнага года

Пастырскае Слова

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры, дарагія Дыяцэзіяне!
   
    Дзякуючы Пану Богу за добра і плённа перажытыя канікулы і летні адпачынак, мы распачынаем чарговы навучальны і катэхетычны год.
   
    Пасля перапынку на канікулы ізноў “ажылі” школы ў нашых гарадах і вёсках, запрашаючы дзяцей і моладзь узяцца за навуку і здабыванне ведаў, якія ўжо цяпер дапамогуць ім усё лепш разумець сябе саміх, іншых людзей і навакольны свет, а ў будучыні дапамогуць стаць свядомымі і карыснымі членамі грамадства. Таму мы лічым правільным і неабходным абавязак паўсюднай адукацыі і цешымся, што бацькі, настаўнікі і выхавацелі падыходзяць да яго рэалізацыі, як правіла, з належным клопатам і моцным пачуццём адказнасці.

   Аднак мы як хрысціяне павінны памятаць, што веды і ўменні, здабываемыя ў школе, якімі б карыснымі і нават неабходнымі яны не былі, не могуць гарантаваць дзіцяці ці маладому чалавеку ўсебаковага і гарманічнага развіцця. У выхаваўчым працэсе веруючага чалавека трэба ўзяць пад увагу таксама духоўнае вымярэнне – вывучэнне і паглыбленне ісцін веры і навукі Касцёла, развіццё жыцця малітвы, усё больш свядомае карыстанне святымі сакрамантамі, удзел у літургіі і жыцці сваёй парафіяльнай супольнасці. Пазнаючы Хрыста і Яго вучэнне, малады чалавек вучыцца будаваць сваё жыццё на грунтоўным і трывалым маральным фундаменце, вучыцца дзейнічаць згодна з навучаннем Евангелля і голасам уласнага сумлення, а ў прымаемых рашэннях і жыццёвых выбарах кіравацца сапраўднымі каштоўнасцямі.
   
    Гэтае выхаванне да жыцця веры рэалізуецца ў межах сістэматычнай катэхізацыі дзяцей і моладзі. Праз катэхезу святы Касцёл рэалізуе наказ Уваскрослага Хрыста: “Ідзіце і навучайце ўсе народы [...]. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам [...]” (Мц 28, 19–20). Навучанне, ці перадача веры, з’яўляецца сутнасцю місіі Касцёла і выражэннем яго мацярынскага клопату аб сапраўднай карысці і шчасці для сваіх дзяцей. Поўнасцю паважаючы кампетэнцыю бацькоў як першых і галоўных выхавацеляў, Касцёл прагне з імі супрацоўнічаць у справе рэлігійнага выхавання маладога пакалення і таму арганізуе пры парафіях сістэматычную катэхезу. Яе праводзяць адпаведна падрыхтаваныя катэхеты паводле зацверджанай Касцёлам праграмы, дастасаванай да ўзросту катэхізуемых асоб і да іх пазнавальных магчымасцей. Такім чынам дзеці і моладзь могуць пазнаваць Хрыста, паглыбляць сваю веру, сталець да ўсё больш дасканалага хрысціянскага жыцця.
   
    На пачатку новага навучальнага і катэхетычнага года, клапоцячыся аб будучыні маладога пакалення, яго шчасці і сапраўднай карысці, я хачу прыгадаць Вам, дарагія Бацькі, аб абавязку клопату пра тое, каб Вашы дзеці прымалі ўдзел у катэхезе на працягу ўсіх гадоў навучання ў школе. На шчасце, ужо мінуў той час, калі Касцёлу на нашых землях не дазвалялася арганізаваць нармальную сістэматычную катэхізацыю дзяцей рознага ўзросту на розных этапах іх развіцця. Тады неабходна было абмежаваць да мінімуму навучанне катэхізіса, стараючыся перадаць дзецям хаця б самыя асноўныя праўды веры ў межах падрыхтоўкі да першай споведзі і св. Камуніі. Нягледзячы на тое, што з тых часоў сітуацыя вельмі змянілася і сёння Касцёл можа свабодна праводзіць катэхізацыю дзяцей і моладзі пры парафіях, нярэдка сярод бацькоў надалей жыве перакананне, што, каб выканаць абавязак хрысціянскага выхавання, дастаткова “давесці” дзяцей да першай Камуніі ці, магчыма, да канфірмацыі.
   
    У той жа час для пераадолення розных цяжкасцёй і пагроз для веры і маральнасці, з якімі маладыя людзі сустракаюцца ўжо цяпер ці сустрэнуцца ў недалёкай будучыні, неабходна пастава свядомага і сталага хрысціянства, якая б грунтавалася на фундаменце вучэння Хрыста і на нястомным супрацоўніцтве з Божай ласкай. Для таго, каб дасягнуць такой сталасці ў веры, неабходна доўгая і сістэматычная выхаваўчая праца, а таксама спадарожнічанне маладому чалавеку ў працэсе яго духоўнага ўзрастання і ўзмацнення асабістай сувязі з Хрыстом – нашай “Дарогай, Праўдай і Жыццём” (Ян 14, 6).
   
    Таму я прашу Вас, дарагія Бацькі, паклапаціцеся аб тым, каб Вашыя дзеці прымалі ўдзел у катэхезе ў парафіі незалежна ад таго, у якім класе яны вучацца, ажно пакуль яны не скончаць школу. Калі Вы пэўны час таму прасілі Касцёл аб удзяленні хросту для сваіх дзяцей, Вы прынялі на сябе абавязак выхоўваць іх у веры. Памятайце, што катэхеза – гэта адзін з найважнейшых элементаў рэлігійнага выхавання. Ніякія цяжкасці, такія як недахоп часу, адлегласць да касцёла, празмерная загрузка дзіцяці рэпетытарствам, прыналежнасць да розных гурткоў па інтарэсах ці ўдзел у факультатыўных занятках не могуць вызваліць ад абавязку пазнавання навукі Хрыста ў межах сістэматычнай катэхезы, а невыкананне гэтага абавязку з’яўляецца вельмі сур’ёзным маральным парушэннем.
   
    Я прашу Вас таксама аб тым, каб Вы самі давалі дзецям прыклад жывой веры. Ніякая катэхеза не здольна замяніць выхавання ў сям’і – першай школе хрысціянскага жыцця. Няхай Вашым укладам у справу выхавання будзе штодзённая супольная малітва, удзел у нядзельнай св. Імшы, рэгулярнае прыняцце святых сакрамантаў, а таксама стварэнне атмасферы сямейнага жыцця, прасякнутага верай, любоўю да Бога і павагай да людзей.
   
    Дарагія Дзеці і Моладзь! Святы Ян Павел II часта паўтараў, што Вы з’яўляецеся надзеяй Касцёла, яго будучыняй. На Вас ускладзена адказнасць за спадчыну веры, якую Вы павінны пераняць ад продкаў, павялічыць, уносячы свой асабісты ўклад, а затым перадаць наступным пакаленням. З такімі вялікімі задачамі могуць справіцца толькі людзі глыбокай веры, сталыя ў перажыванні свайго хрысціянства, верныя вызнаваемым каштоўнасцям і ўстойлівыя перад уздзеяннем зла. Таму Касцёл не шкадуе намаганняў, каб дапамагчы Вам сустрэць у сваім жыцці Хрыста і ў Ім знайсці крыніцу сапраўднага шчасця.
   
    Я прыгадваю Вам сёння аб абавязку прымаць удзел у занятках рэлігіі і прашу, каб Вы не паддаваліся спакусам ляноты, абыякавасці ці знеахвочвання. Будзьце стараннымі ў пазнанні навукі Хрыста, адкрыйце свае розумы і сэрцы на Яго Слова, і тады Вы ўбачыце, што Ваша жыццё стане багацейшым, прыгажэйшым, знойдзе сапраўдны сэнс.
   
    Паважаныя Святары, Дыяканы, Манаскія Сёстры, Катэхеты і Катэхеткі! Прашу Вас памятаць аб тым, што катэхізацыя адносіцца да самых важных заданняў Касцёла. Паклапаціцеся аб тым, каб у кожнай парафіі нашай дыяцэзіі праводзілася сістэматычная катэхеза. Старайцеся ахінуць навучаннем рэлігіі як мага больш дзяцей і моладзі, таксама арганізуючы там, дзе гэта неабходна, пад’язныя катэхетычныя пункты. Няспынна павышайце сваю кваліфікацыю і ўдасканальвайце дыдактычныя навыкі, каб дзякуючы Вашай перадачы веры катэхізаваныя маглі адчуць радасць яе пазнавання, а таксама перажыць сапраўдную сустрэчу з Хрыстом, які жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле.
   
    Дарагія Дыяцэзіяне! Жадаю Вам усім, каб новы навучальны і катэхетычны год прынёс найлепшы плён. Няхай Божае бласлаўленне спадарожнічае дзецям і моладзі, а таксама бацькам, настаўнікам, катэхетам і катэхеткам – усім, хто прымае ўдзел у катэхізацыі.
   
   
    Марыя, Зорка новай евангелізацыі, няхай ахінае мацярынскай апекай святы Касцёл у яго місіі абвяшчэння Добрай Навіны аб збаўленні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  87

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.