ГРОДНА
Серада,
22 мая
2024 года
 

У Божае Імя ў новы навучальны год

З жыцця Касцёла

Кс. Аляксандр Раманоўскі бласлаўляе вучняў на новы навучальны год“У Божае Імя” – менавіта такія словы перад вайной у польскіх школах пісаліся на першых старонках сшыткаў. Такім чынам вучні давяралі сваю будучыню Пану, пакорна прызнаючы – без Бога чалавек нічога не варты. Новы сшытак, новы навучальны год, усю сваю будучыню сапраўдны хрысціянін пачынаў з Богам, у Божае Імя.
1 верасня па ўсёй краіне прайшлі святочныя лінейкі, прымеркаваныя да пачатку новага навучальнага года. У першы вераснёўскі ранак каля школ было шматлюдна: вучні, настаўнікі, бацькі віталі Дзень ведаў. Званок паклікаў дзяцей і моладзь на заняткі, дзе іх будуць чакаць новыя веды і адкрыцці.
    Сталася добрай традыцыяй, што з нагоды пачатку навучальнага года ў святынях адбываюцца набажэнствы, падчас якіх вернікі моляцца аб патрэбных ласках для дзяцей і моладзі, просяць аб спасланні дароў Святога Духа для тых, хто прыступае да навукі, каб новы навучальны год быў плённым не толькі ў плане навукі, але і ў пазнаванні Бога і Яго ісцін. Вучні і студэнты прыносяць у касцёл дзённікі, сшыткі, заплечнікі, заліковыя кніжкі, каб іх асвяціў святар, і распачынаюць навучальны год у Божае Імя.
Але не варта забывацца пра тое, што разам з новым навучальным годам распачынаецца таксама новы катэхетычны год. Не толькі сцены навучальных устаноў, але і катэхетычныя класы ажывуць пасля летніх канікул. На занятках па рэлігіі вучні не толькі атрымаюць тэарэтычныя звесткі, але навучацца прымаць і захоўваць Божае слова, каб узрастаць духоўна і ў будучыні прыносіць добры плён. Варта выхоўваць дзяцей і моладзь па-хрысціянску – гэта забяспечыць нам і ім шчаслівае жыццё не толькі на зямлі, але і ў вечнасці. У адной са сваіх гамілій кс. бп Аляксандр Кашкевіч зазначыў: “...калі мы хочам дасягнуць паўнаты шчасця і чалавечай сталасці, неабходна развіваць у сабе найвышэйшыя каштоўнасці, а гэта значыць – весці глыбокае духоўнае жыццё. Чалавек створаны па вобразе і падабенстве самога Бога, і гэтага вобраза і падабенства яму ніколі нельга страціць”. Сапраўды, кожны чалавек павінен развівацца на працягу свайго жыцця, у тым ліку і духоўна, але сёння ўсё часцей можна пачуць пытанні: “У чым карысць рэлігійнага навучання і выхавання?”, “Што яно можа даць?”.
Падчас катэхезы дзеці знаёмяцца з асноўнымі праўдамі веры, развіваюць сваю чуллівасць на Бога  і іншага чалавека    Бацькі, якія з прагматызмам глядзяць у будучыню сваіх дзяцей, амаль з пялёнак пачынаюць клапаціцца пра тое, каб іх дзіця было самым разумным, шукаюць у ім таленты ды задаткі генія. Каб дасягнуць гэтай мэты, мамы, таты, а часам яшчэ і бабулі ды дзядулі перагортваюць горы літаратуры, запісваюць дзіця ў розныя секцыі, нядзельныя школкі, пасля на факультатывы, да рэпетытараў і інш. З аднаго боку, няма ў гэтым нічога дрэннага, гэта натуральна, бо ўсе жадаюць шчасця сваім дзецям. Але з іншага боку, засяроджваючыся на інтэлектуальным развіцці, дарослым вельмі часта не хапае часу на духоўнае выхаванне. Але ці можна без яго выгадаваць з дзіцяці сапраўднага Чалавека ў поўным сэнсе гэтага слова?
    Усе мы ведаем, што ў дзіцячым садку, школе ці ўніверсітэце чалавек не толькі атрымлівае веды, але таксама фарміруе асобу, характар, свядомасць, таму ў адным шэрагу са школьным навучаннем павінна стаяць рэлігійнае навучанне. На вялікі жаль, у беларускіх школах пакуль не праводзяцца заняткі па рэлігіі, таму бацькі самі павінны паклапаціцца аб тым, каб катэхеза сур’ёзна трактавалася, была такой жа важнай, як прадметы, што выкладаюцца ў школе. Але катэхеза не павінна атаясамлівацца ў дзіцяці з прымусам, лепш правільна заахвоціць, растлумачыўшы дзіцяці, што Хрыстос можа стаць добрым правадніком, які будзе спадарожнічаць на працягу ўсяго навучальнага года, дапамагаць у складаных сітуацыях, заўсёды будзе побач, як добры сябар, які ніколі не здрадзіць. Але дзеля гэтага патрэбна адна ўмова – самому стаць сябрам Езуса, пазнаць Яго і даверыцца Яму.
    Не ўсе ведаюць, да чаго на самой справе зводзіцца катэхеза. Гэта не проста “навучанне малітве” ці “падрыхтоўка да святой Камуніі” (хоць і гэтыя аспекты маюць першаснае значэнне), гэта, перш за ўсё, вялікая і надзвычай складаная праца ў галіне маральнага выхавання. На занятках па рэлігіі дзеці вучацца быць добрымі сынамі і дочкамі, вучнямі ды сябрамі, паважаць бацькоў, быць адказнымі і добразычлівымі. Яны пазнаюць Бога, спасцігаюць маральныя нормы – усё тое, без чаго нельга сфарміраваць паўнавартаснага сумленнага чалавека, які будзе кіравацца ў жыцці катэгорыямі дабра і маралі.
    Мы не зможам зменшыць колькасць злачынстваў, пакуль не навучым дзяцей з самага ранняга ўзросту паважаць Божы запавет, мы не зможам пабудаваць нармальнае грамадства, калі замест духоўных каштоўнасцей будзем прапагандаваць маральную анархію. Адсюль напрошваецца вывад: катэхізацыя мае вялікае значэнне, паколькі спрыяе фармацыі чалавека, які будзе здольны будаваць здаровае грамадства.
    Аднак варта адзначыць, што катэхізацыя, якая праводзіцца пры парафіях, павінна дапаўняцца катэхізацыяй у сям’і. Сёння Касцёл вельмі занепакоены тым, што назіраецца ўсё меншы ўдзел бацькоў у рэлігійным выхаванні дзяцей і падлеткаў. Усё часцей задаецца пытанне: “Ці можна казаць аб тым, што ў працэсе выхавання галоўнае значэнне адыгрывае сям’я, а школа і Касцёл толькі падтрымліваюць у вырашэнні гэтай задачы? Так быць павінна, але на самой справе ў асобе бацькоў не заўсёды можна ўбачыць таго партнёра, які сумленна займаецца рэлігійным выхаваннем дзіцяці. Згодна з хрысціянскім вучэннем, менавіта бацькам належыць быць першымі і найважнейшымі выхавацелямі і катэхетамі сваіх дзяцей, быць прыкладам мудрай любові, адказнасці, узаемнай павагі, клапаціцца аб тым, каб у хаце была і шчырая размова, і супольная малітва. Таму на пачатку новага навучальнага года застаецца спадзявацца, што дарослыя паклапоцяцца аб належным рэлігійным выхаванні ды духоўным развіцці сваіх дзяцей, каб на пачатку новага жыццёвага этапу як мага больш хлопчыкаў і дзяўчынак сказалі Богу “так” і назаўсёды ўпісалі ў свой жыццёвы шлях прыгожыя словы “У Божае Імя”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  224

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.