ГРОДНА
Чацвер,
30 мая
2024 года
 

Падароск

Парафіі і святыні

Дэканат Ваўкавыск
Першае ўзгадванне аб Падароску датуецца 1522 г. Менавіта ў гэтым годзе тут быў заснаваны касцёл. Фундатарамі святыні сталі шляхцічы Клочкі, тагачасныя ўладальнікі маёнтка. У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя. На карце ВКЛ Макоўскага (каля 1600 г.) Падароск пазначаны ўжо як мястэчка.
    У XVII ст., верагодна, у сувязі з падзеямі Рэфармацыі, парафія спыніла існаванне. У 1630 г. уладальніца мястэчка Марына Клачкоўна Падароская зафундавала тут праваслаўную царкву, даручыўшы апеку над фундушам віленскаму Свята-Духаваму кляштару. Аднак, намаганнямі яе сына Паўла Дольскага, ваўкавыскага войскага, у 1643 г. царква прыняла унію.
    Не пазней за сярэдзіну XVIII ст. уладальнікамі Падароска сталі Грабоўскія. Граф Павел Грабоўскі (+1794), староста ваўкавыскі, або Жыгімонт Ксаверы Грабоўскі (+1809) (не высветлена, хто з іх быў тады ўласнікам Падароска) на месцы былой драўлянай узнёс мураваную уніяцкую царкву. Святыню асвяцілі пад тытулам св. Альжбеты Каралевы Вянгерскай і Дзевы.
У 1839 г. каталіцкая святыня была забрана пад праваслаўную царкву. З канца ХIХ ст. Падароск належаў роду Бохвіцаў, якія на паўднёва-ўсходней ускраіне сядзібнага комплексу пабудавалі цікавую капліцу пахавальню. Святыню ўбудавалі быццам пячору ў пагорак. У жалобную залу са спічастай алтарнай нішай і асіметрычна размешчанымі нішамі для пахаванняў вядзе калідор у бутавых сценах (на пачатку ХХ ст. умацаваныя бетонам). На жаль, цікавы помнік архітэктуры сёння знаходзіцца ў зруйнаваным стане.
    У 1921 г. рымска-каталіцкая супольнасць у Падароску адрадзілася, і ў 1925 г. старажытная святыня была вернута католікам і асвечана пад гістарычным тытулам св. Альжбеты. У 1938–1939 гг. касцёл быў значна рэканструяваны: галоўны фасад быў разабраны, малітоўная зала падоўжана на 5 м, галоўны ўваход пазначаны магутнай чацверыковай (5х6 м) вежай-званіцай, да апсіды дабудаваны дзве прамавугольныя ў плане сакрыстыі, адна з якіх была накрыта неабарокавым шлемам (не захаваўся). Перад II Сусветнай вайной колькасць парафіян перавышала 2000 чалавек.
    Касцёл дзейнічаў да 1947 г. Калі пробашч кс. Міхал Шамковіч быў арыштаваны, касцёл зачынілі і прыстасавалі пад сховішча. У 1959 г. савецкія ўлады знялі падароскую парафію з рэгістрацыі. Напрыканцы 1980-х гг., калі ўлады вырашылі вярнуць будынак былой святыні вернікам, на права атрымаць будынак падалі заяўкі і католікі, і праваслаўныя. У выніку старажытны храм ізноў стаў праваслаўнай царквой, а католікам у 1991 г. аддалі пад святыню былое сховішча хімікатаў (да вайны тут размяшчаўся клуб пажарнікаў). У 1993 г. вернікі прыстасавалі будынак пад касцёл, які быў асвечаны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам пад гістарычным тытулам св. Альжбеты і Міласэрнасці Божай. Тытульны абраз св. Альжбеты сёння змешчаны над фігурай Пана Езуса.
    Новы касцёл цагляны і атынкаваны, прама­вугольны ў плане, безапсідны, з адной сакрыстыяй з паўднёвага боку. Галоўны фасад пазначаны двух’яруснай чацверыковай шатровай вежай-званіцай. Аб’ём накрыты двухсхільным бляшаным дахам. Касцёльны ўчастак абнесены мураванай атынкаванай агароджай. Залавы інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной столлю. У алтары змешчаны абраз Міласэрнасці Божай, левая бакавая алтарная кампазіцыя тытульная, прысвечана св. Альжбеце, правая – Маці Божай Вострабрамскай. Над уваходам зроблены хоры.
    У Падароску нарадзіўся і быў ахрышчаны Максімільян Рыла (1802–1848 гг.), археолаг, першаадкрывальнік Вавілона, рэктар Рымскага калегіума (1844 г.), апостальскі вікарый Цэнтральнай Афрыкі (1846 г.).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  216

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.