ГРОДНА
Чацвер,
18 ліпеня
2024 года
 

Вучань мудраца

Дзіцячы куточак

Ён ужо насыпаў вялікую кучу пяску і пачаў яе ўпрыгожваць, ператвараючы ў вежу, калі да яго падышоў другі хлопчык. Хлопчык быў трохі малодшы за будаўніка вежы, але даволі высокага росту. Ён стаяў недалёка ад вежы, і яго правая нага час ад часу як бы тузалася, ледзь-ледзь прыпадымаючыся ад пяску. “Ламаць прыйшоў, – падумаў будаўнік вежы. – Што зараз рабіць? І нікога няма побач, каб ахоўваць вежу”.
    – Слухай, дапамажы насыпаць тут кучу пяску, – нечакана прапа­наваў будаўнік вежы і паглядзеў высокаму хлопчыку проста ў вочы.
    – А я не магу, – адказаў той.
    – А ты нагой – вось так, – сказаў будаўнік вежы і паказаў, як стоячы можна нагой насы­паць пя­сок у кучу.
    – Кажу табе, я не магу.
    – Проста так стаяць сумна, – сказаў будаўнік вежы. – Ты можаш быць вялікай і моцнай машынай, якая сыпле пясок. Давай, насыпай пясок з таго боку, а я – табе насустрач, і мы пагуляем у спаборніцтва вялікіх машын. Пясок аж да неба паляціць!
Ён пачаў насыпаць пясок рукамі на ногі хлопчыка. Але хлопчык толькі адышоў у бок.
    – А давай я табе ногі ў пясок закапаю! Ты прысядзь, проста так стаяць сумна. Цябе што, бацькі часта прымушаюць стаяць і нічога не рабіць, што ты так стаяць любіш?
    – Гэта цябе прымушаюць, а мяне – не, – злосна адказаў хлопчык.
    – Ну, тады прысядзь, а то ўсе падумаюць, што цябе прымусілі стаяць.
    Калі хлопчык пры­сеў, будаўнік вежы ўз­дыхнуў, нібы цяжка напрацаваўся, а затым прапанаваў:
    – Зараз рабі вось так, а я буду рабіць вось так! – І ён ізноў пачаў сыпаць да ног хлопчыка кучу пяску.
    – А як тваё імя? – спытаў ён хлопчыка.
    – Якуб. А тваё?
    “Чамусьці не хочацца проста так называць сваё імя, трэба штосьці цікавейшае прыдумаць”, – вырашыў будаўнік вежы.
    – А я – вучань мудраца, – нечакана адказаў ён.
    Якуб здзіўлена выта­рашчыў вочы і прамовіў:
    – Такога не бывае.
    – Ну, я ж ёсць, значыць, бывае! – проста растлумачыў вучань мудраца.
    – Усё роўна ў цябе ёсць нейкае імя.
    – Вядома, мяне называюць вучнем. А мой настаўнік – мудрэц. Вось і атрымліваецца, што я – вучань мудраца. А мудрэц – гэта значыць самы разумны.
    – Ніякага мудраца няма.
    – А вось і ёсць! Гэта Бог, і Ён самы разумны, найдужэйшы і самы добры.
    – Бога няма.
    – А ў цябе тата ці мама ёсць?
    – Ёсць.
    – А ты іх заўсёды слухаешся?
    – Не, не заўсёды, – адказаў Якуб, нас­цярожыўшыся.
    – Вось бачыш, у дзяцей заў­сёды ёсць тата і мама, нават калі дзеці іх не слухаюцца. А ў дарослых заўсёды ёсць Бог, якога яны таксама часам не хочуць слухацца, а каб ніхто не думаў, што яны непаслухмяныя, яны прыдумалі гаварыць, што Бога няма. Але Ён усё роўна ёсць. Таксама як ты, нават калі ты не слухаеш бацькоў, яны ў цябе ўсё роўна ёсць.
    – А ты што, таксама мудрэц? – спытаў Якуб.
    – Я? Не... Я толькі вучуся быць мудрым. А вось ты, як я бачу, мудры.
    – Хто? Я? – са здзіўленнем перапытаў хлопчык.
    – Ага. Калі ты зразумеў, што проста так стаяць і нічога не рабіць вельмі сумна, значыць, ты мудры. А ты вось так умееш? – пры гэтых словах будаўнік весела павёў двума пальцамі па пяску.
    – Умею, глядзі!
    – Вось і выдатна! – сказаў вучань мудраца.
    – Тады гэта – я, а гэта – ты, і мы разам будзем жыць у гэтым палацы, які трэба пабудаваць. Давай, нагортвай больш пяску. Палац будзе прыгажэйшым. У цябе ўжо добра атрымліваецца! Тут будзе дарога наверх, да палаца, а тут – мост з вежамі.
    Праз некаторы час вучань мудраца заўважыў, што побач стаяць і глядзяць на іх працу іншыя дзеці.
    – Хочаце дапамагчы будаваць вялікі горад? – спытаў ён і, звяртаючыся да Якуба, сказаў: – Дапамажы ім насыпаць пяску і пакажы, як будаваць. Мы пабудуем вялікую сцяну, і ў нас атрымаецца вялікі і прыгожы горад з крэпасцю і палацамі.
    Але неўзабаве нечы вялікі цень лёг на іх горад. Вучань мудраца азірнуўся. Некалькі дарослых стаялі і глядзелі, як цэлая група дзяцей будуе пясчаны горад. Некаторыя нават іх фатаграфавалі. І сапраўды, дарослым было на што паглядзець: вежы, вялікая крэпасць з дарогай, гарадская сцяна з вежамі, мост і дарога пад мостам...
    – Якуб! – здзіўлена прамовіў хтосьці. – Ты што тут робіш?
    – Тата, мы будуем вялікі горад! Глядзі, як добра атрымліваецца! – адказаў Якуб.
    Тата Якуба са здзіўленнем глядзеў то на пясчаны горад, то на сына:
    – Якуб, ты ж ніколі нічога не будаваў!
    – Тата, мяне вучань навучыў, як будаваць. Гэта так цікава, тата!
    – Які вучань?
    – Вось ён, – сказаў Якуб і паказаў на хлопчыка. – Ён – вучань мудраца, якога называюць Богам.
    Гэта ён усё прыдумаў і мяне навучыў. Давай я цябе навучу, тата.
    – Не, я не хачу, – адказаў тата Якуба.
    – Сапраўды, дапамажыце нам, калі ласка, – сказаў вучань мудраца, – а мы вам дапаможам.
    – У чым жа гэта ты можаш мне дапамагчы? – яшчэ больш здзівіўся тата Якуба.
    – Вы прысядзьце, калі ласка, а то так размаўляць нязручна. Вы вялікі, а я маленькі, ды і сонца ў вочы свеціць, – ветліва прапанаваў вучань.
    Тата Якуба прысеў і паўтарыў сваё пытанне.
    – Як у чым? Жыць шчаслівей, чым вы жылі. Бо калі вы дапаможаце нам, значыць, дапаможаце Якубу, бо тым самым прымеце ўдзел у яго інтарэсах, а значыць, і ў яго асабістым жыцці, такім чынам ён больш будзе сябраваць з вамі. Якуб будзе вас больш любіць і больш слухаць. Вы будзеце менш злавацца, і будзеце адчуваць сябе больш шчаслівым. Праз хвілінку вучань мудраца дадаў:
    – Вы ж ведаеце, што людзей збліжае не тое, што яны жывуць пад адным дахам, а тое, што яны прымаюць значны ўдзел у жыцці адзін аднаго і давяраюць адзін аднаму.
    Тата Якуба доўга глядзеў на вучня. Яго рукі насыпалі пясок у кучу побач з рукамі Якуба, але яго твар усё яшчэ захоўваў здзіўленне. Відаць было, што ў яго душы штосьці адбываецца.
    Тата Якуба, гледзячы на вучня, пакруціў галавой і неяк дзіўна ўсміхнуўся. Памаўчаўшы, ён раптам прамовіў:
    – Паслухай, хлопчык, калі ты здолеў Якуба навучыць будаваць, а не ламаць, здолеў растлумачыць мне, як стаць шчаслівейшым, здолеў заахвоціць усіх гэтых дзяцей і нават мяне будаваць пясчаныя палацы, ты і сапраўды вучань мудраца, якога называюць Бог.
    – Дзякуй, – сказаў вучань. Ён быў рады пачуць гэтыя словы ад таты Якуба.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  167

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.