ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Да Марыі – Маці Тракельскай

З жыцця Касцёла

Сёлетgalleryнія ўрачыстасці ў Тракелях адбыліся пад дэвізам “А пад крыжам Маці стаяла”. Свята Маці Божай сабрала вялікую колькасць вернікаў не толькі з Гродзенскай дыяцэзіі, але і з іншых куткоў Беларусі, а таксама з-за мяжы. Вернікі прыбылі ў дыяцэзіяльны санктуарый, каб перажыць непаўторныя хвіліны з Марыяй і адчуць радасць у духу малітвы.
У гэтым годзе Тракелі прывіталі пілігрымаў 11 ліпеня. У дыяцэзіяльны санктуарый прыбыло каля 3 тысяч пілігрымаў. У дарозе да Марыі некаторыя пераадолелі нават 150 кіламетраў. Упершыню ў санктуарый прыбыла веласіпедная пілігрымка Смаргонь-Тракелі, удзельнікамі якой былі клерыкі Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі разам з кс. Віталіем Сідоркам. Сярод прыхільнікаў Маці Божай Тракельскай былі таксама і вернікі з Літвы.
    Урачыстасці распачаліся вечарам прывітаннем сімвалаў Сусветных дзён моладзі – крыжа і іконы Маці Божай “Salus Populi Romani”, якія ўрачыста ўнесла ў санктуарый моладзь з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Затым адбылася канферэнцыя “Марыя пад крыжам – узор хрысціянскай вернасці”, якую правёў кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі ў Вялікіх Эйсмантах. Кс. Мікалай казаў аб вернасці жыццёваму пакліканню.
“Штодзённа мы з’яўляемся сведкамі таго, як ламаюцца дадзеныя на ўсё жыццё абяцанні: сужэнскія, манаскія, – казаў кс. Мікалай. – Мы жывём у культуры непастаянства, якая таксама і нас, веруючых людзей, схіляе да пошуку нібыта чагосьці новага, ставячы пры гэтым пад сумненне нашу веру і тоеснасць. У такіх умовах менавіта вернасць з’яўляецца асаблівай каштоўнасцю”. Душпастар прывёў таксама словы папы Францішка аб тым, што без вернасці сваім караням грамадства не можа развівацца. Яно можа дасягнуць вялікага тэхнічнага прагрэсу, але не ў стане прывесці да інтэгральнага прагрэсу ўсяго чалавека і ўсіх людзей. А без вернасці хрысціянскаму пакліканню немагчыма дайсці да святасці і, аб чым сказаў Хрыстос: “Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага”.
    Кс. Мікалай звярнуўся да прысутных маладых людзей, заклікаючы іх сур’ёзна ставіцца да ўзаемаадносін з Богам і да сваіх жыццёвых выбараў. Словамі папы Францішка ён прасіў: “Скажыце «не» эфемернай, павярхоўнай культуры, культуры адкідаў, культуры, якая не лічыць вас моцнымі, якая мяркуе, што вы не здольны адказаць на вялікія выклікі нашай эпохі. Будзьце вернымі сваім выбраным жыццёвым шляхам і давярайце Богу так, як гэта рабіла наша нябесная Маці. І як казаў папа Бенедыкт XVI, «не бойцеся Хрыста, Ён нічога не адбірае і ўсё даруе»”.
    Пасля канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і Крыжовы шлях. Апоўначы ў санктуарыі была адпраўлена св. Імша з удзелам кс. б-па Аляксандра Кашкевіча, кс. б-па Юзафа Станеўскага і кс. б-па Антонія Дзям’янкі з Пінскай дыяцэзіі.
    Кс. бп Антоній Дзям’янка ў сваёй гаміліі звярнуў увагу на ролю малітвы, якая з’яўляецца нашай размовай з Богам. “Марыя выслухоўвае нашы малітвы, а шматлікія цуды сведчаць аб Яе заступніцкай малітве”, – сказаў іерарх, які таксама заахвоціў усіх прысутных у санктуарыі ў Тракелях ісці за Хрыстом: “Езус, якога вы выбралі, з’яўляецца вашым найлепшым сябрам. Яму трэба даверыць усе свае цярпенні, цяжкасці і недасканаласці чалавечай натуры, Ён вас умацуе і дадасць новых сіл”.
    Пасля Эўхарыстыі вернікі прынялі ўдзел у начной адарацыі, маліліся на ружанцы, спявалі Гадзінкі да Маці Божай.
    Галоўная святая Імша, што завяршала святкаванне тракельскіх урачыстасцей, распачалася 12 ліпеня а 10-й гадзіне. Перад Эўхарыстыяй да вернікаў звярнуўся кс. Валерый Быкоўскі, які сказаў: “Давайце даручым сёння Марыі ўсё складанае ў нашым жыцці. Запытайма ў Марыі, як трэба жыць, каб быць шчасцівым, як трэба любіць Бога, як мы можам адчуць Яго прысутнасць у нашым жыцці? Няхай гэтая наша сустрэча дапаможа нам вярнуцца дадому трохі змененымі духоўна”.
 galleryСв. Імшу, якой скончылася адпуставая ўрачыстасць, узначаліў кс. бп Юзаф Станеўскі   На пачатку св. Імшы пілігрымаў прывітаў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, які падзякаваў прыбылым на ўрачыстасці за такое цудоўнае сведчанне веры і пажадаў, каб кожны адчуў поўны любові позірк Марыі. “Няхай гэты мацярынскі позірк стане крыніцай духоўнай сілы, радасці, надзеі, няхай умацуе кожнага з нас у веры, дапаможа яшчэ больш адкрываць нашыя сэрцы на словы Добрай Навіны і на збаўчае дзеянне Божай ласкі”, – сказаў кс. бп Аляксандр. Гамілію падчас св. Імшы прамовіў кс. бп Юзаф Станеўскі, які адзначыў, што ў сучасным свеце існуе шмат новых магчымасцей для камунікацыі: інтэрнэт, тэлефон і г.д., у той жа час людзі ўсё радзей сустракаюцца, ёсць усё больш людзей, якія не вераць у сапраўдныя сустрэчы, поўныя шчырасці і цеплыні. “Але мы, прысутныя сёння ў Тракелях, хочам сказаць, што мае месца дыялог, што варта сустракацца ў гэтым месцы, дзе ўсё мае сваю мэту, сэнс і радасць, мы хочам сустракацца ля ног Марыі, – падкрэсліў ксёндз біскуп. – Давайце наблізімся да Маці Божай Тракельскай паразмаўляем з Хрыстом праз Яе, давайце зробім усё, каб хараство ўрачыстасцей напоўніла кожны дзень нашага пілігрымавання па гэтай зямлі, і скажам: «Марыя, вядзі мяне! Я пры Табе, памятаю, чуваю!»”
    Чарговыя тракельскія ўрачыстасці скончыліся, пакідаючы выразнае пачуццё таго, што пілігрымы здзейснілі самую важную пілігрымку – у самым сабе, бо яны пераадолелі не толькі шмат кіламетраў, але і свае страхі і слабасці. У дарозе да Марыі кожны пілігрым нёс у сэрцы свае інтэнцыі: аб здароўі, аб навяртанні, аб поспеху ў працы і вучобе, аб пазбаўленні ад дрэнных звычак, за сваю сям’ю – кожны старанна маліўся Ружанцам, Вяночкам, спевам, а таксама ўнутраным суцішэннем. “Пілігрымавалі” таксама тыя, хто не зрабіў ні кроку, але падаў кубак халоднай вады ў спякотны поўдзень, ахвяраваў начлег і пасілак альбо проста ўсміхнуўся і памахаў пілігрымам, што праходзілі побач. Пілігрымы перажылі глыбокія духоўныя змены і адчулі ўдзячнасць за тое, што Маці Божая дала ім магчымасць прывандраваць менавіта ў Тракелі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.