ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Шлях да веры і духоўнасці. Нататкі з чацвёртай сустрэчы настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў

З жыцця Касцёла

Каб разумець адзін аднаго, каб жыць агульнымі інтарэсамі, каб несці святло, любоў і праўду, людзі часта наладжваюць сустрэчы, спатканні, на якіх вырашаюць важныя праблемы чалавечых узаемаадносін. Вось такая чарговая сустрэча (ужо чацвёртая па ліку) аб’яднала ў гэтым годзе настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі. Адбылася яна 20–21 чэрвеня ў цудоўным месцы Гродзеншчыны – у Санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шчучыне, помніку архітэктуры класіцызму.
Спатканне яшчэ раз пацвердзіла, што час сумеснага прабывання прадстаўнікоў адной прафесіі, тых, якія сеюць “добрае, разумнае, вечнае”, можа прынесці вельмі вялікую карысць для духоўнага развіцця кожнай асобы і для перадачы гэтай духоўнасці маладому пакаленню ў адукацыйна-выхаваўчым працэсе. Два дні, праведзеныя сумесна, натхнілі, духоўна падмацавалі і сталі чарговым стымулам для ажыццяўлення важных задач у выхаванні моладзі. Запланаваныя падчас сустрэчы мерапрыемствы дазволілі не толькі падмацаваць веру кожнага з прысутных, але яшчэ раз адчуць смак сумесных размоў з калегамі, са святарамі, з новымі сябрамі.
Праграма сёлетняй сустрэчы, цікавая і насычаная, сапраўды прынесла асалоду і карысць усім яе ўдзельнікам. Урачыста яе распачаў кіраўнік душпастарства настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў кс. Антоній Грэмза, які прывітаў усіх удзельнікаў і гаспадароў, пажадаў плённай працы і сапраўднай духоўнай інтэграцыі. Наступнай часткай праграмы стала Ружанцовая малітва з разважаннямі, падрыхтаваная настаўнікамі Гродна. Малітва шчырая і сардэчная, бо яна спалучыла ў сабе роздум пра падзеі з жыцця Езуса і Марыі, а таксама свайго настаўніцкага жыцця, якое так моцна патрабуе Божай падтрымкі. І таму з вуснаў настаўнікаў гучалі словы падзякі і просьбы да Нябеснай Заступніцы за сябе і за вучняў, за захаванне хрысціянскіх каштоўнасцей, за ўзмацненне веры.
    А 19-й гадзіне вечара распачалася ўрачыстая святая Імша, узначаленая дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім, якому ўдзельнікі сустрэчы разам са сваім душпастарам аказаліся бясконца ўдзячныя за магчымасць прысутнічаць сярод нас і несці Божае слова.
    Ксёндз біскуп у сваім казанні звярнуў увагу на тое, што настаўнікі выконваюць вельмі важную місію – перадаюць веды, жыццёвы досвед маладому пакаленню. Каб зрабіць гэта правільна, яны самі штодзённа павінны прыходзіць да Хрыста і пытацца ў яго, як вучыць, як выхоўваць. І вось такія малітоўныя сустрэчы вельмі патрэбныя, бо падчас іх фарміруецца моц настаўніцкага слова, упэўненасць у сваіх справах. Настаўнік – гэта своеасаблівае пакліканне, гэта дар, атрыманы ад Езуса. Але яго, гэты дар, трэба развіваць. Важна, каб вучні ў настаўніку бачылі не толькі таго, хто нясе веды, але і моцнага чалавека, які быў бы для іх прыкладам ва ўсім, але перш за ўсё – прыкладам веры. Моладзь заўсёды шукае настаўнікаў, шукае ў сям’і, школе, касцёле.
    І як важна, каб такія настаўнікі аказаліся шчырымі, бясконца адданымі сваёй справе. Напрыканцы ксёндз біскуп адзначыў, што галоўная задача настаўніка – паказаць вучням правільны шлях. А ён – у слове Божым, у ім мы знаходзім адказ на ўсе пытанні, якія ставіць сённяшняе жыццё. Пасля святой Імшы ўдзельнікі сустрэчы ў цёплай сяброўскай атмасферы атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца адзін з адным, паразмаўляць на тэмы, якія асабліва хвалююць настаўнікаў. Як адзначыў кс. Антоній Грэмза, мы сабраліся ўсе тут, бо нам не хапае духоўнага паветра, мы павінны разам фарміраваць моцны хрысціянскі светапогляд на ўсё, што адбываецца вакол нас. Толькі так мы дапаможам вучням стаць добрымі людзьмі, а самае галоўнае – дзецьмі Божымі. Сапраўдным падарункам для прысутных стала выступленне пробашча касцёла айца Вітольда, які так цікава расказаў пра дзейнасць ордэна айцоў піяраў, пра тую сістэму адукацыі, якую яны стварылі яшчэ ў далёкія часы, і пра іх працу на сучасным этапе. З цікавасцю ўдзельнікі сустрэчы даведаліся і пра піярскую дзейнасць самога айца Вітольда, які поўнасцю аддае сябе сваім парафіянам, якія, па словах мясцовых настаўнікаў, бясконца ўдзячны гэтаму святару за яго глыбокую чалавечнасць, за прыклад шчырай і сапраўднай веры, за самаадданасць у любой справе. Вось на такой аптымістычнай ноце, падбадзёраная цудоўным дыялогам з айцом Вітольдам, наша супольнасць разыходзілася на начлег, так добра арганізаваны нашымі гаспадарамі, за што ім і ксяндзу пробашчу выражаем шчырую падзяку. Мы вельмі крануты вашай гасціннасцю, пачастункам, шчырымі словамі, добрай усмешкай, ветлівасцю і адкрытасцю.
    Другі дзень сустрэчы распачаўся ранішняй малітвай каля фігуры Маці Божай Фацімскай. У цішы пад промнямі ранішняга сонца ўсе прысутныя звярнуліся да сваёй Апякункі, просячы заступніцтва за ўсіх настаўнікаў, за выхаванцаў, за сучаснае маладое пакаленне, якое так апантана спакусамі сённяшняга жыцця. Наступнай часткай праграмы стала канферэнцыя на тэму “Божы закон і яго ўплыў на светапогляд чалавека”, праведзеная кс. Віталіем Сідоркам. У форме дыялогу настаўнікі атрымалі цудоўную магчымасць паразважаць разам з ксяндзом над важнымі пытаннямі выхавання і фарміравання светапогляду маладога пакалення. Кожны зразумеў, што настаўнік – гэта не толькі чалавек, які перадае веды, але і той, хто вучыць сваёй асобай, сваёй паставай, сваім досведам. Сёння ў працэсе выхавання моладзі прымаюць удзел не толькі настаўнікі. Вялікі ўплыў аказваюць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, фільмы, вуліца і г.д. Але нішто гэта не можа замяніць жывых узаемаадносін паміж выхавацелямі і выхаванцамі. Фарміраваць сапраўдны светапогляд сучаснага чалавека можа той настаўнік, які сам выконвае Божыя законы, з’яўляецца сведкам веры ва ўсіх жыццёвых абставінах. Менавіта да гэтага павінен імкнуцца сапраўдны педагог-хрысціянін.
    Цікавай і карыснай аказалася і наступная частка праграмы, падчас якой над тэмай “Дыялог з Богам і з сабой – шлях да святасці” ўдзельнікі сустрэчы маглі паразважаць у трох групах: I – прыроджаны (натуральны) Закон (дыялог праводзіў кс. Юрый Жэгарын), II – Божы Закон (кс. Антоній Грэмза), III – устаноўлены Закон (кс. Віталій Сідорка). Праца ў групах дазволіла вызначыць тыя прыярытэты, якімі павінны кіравацца настаўнікі пры фарміраванні сваёй асобы і пры выхаванні сапраўдных якасцей маладога пакалення.
    Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту разам з душпастарам удзельнікі сустрэчы разважалі аб шляху, па якім павінны ісці настаўнікі, каб знайсці праўду і несці яе вучням. Мы ўсе слабыя, маем грахі, але, калі мы адкрыем сэрцы для Езуса і Ён будзе нашым Валадаром, мы станем не толькі тымі, хто перадае веды і вопыт маладым, а сапраўднымі сведкамі веры праз сваё асабістае жыццё.
    Завяршыла сёлетнюю падзею настаўніцкай супольнасці святая Імша, падчас якой удзельнікі сустрэчы дзякавалі Богу за магчымасць прысутнічаць тут, абменьвацца думкамі, разважаць над сапраўднымі каштоўнасцямі настаўніцкага жыцця і за магчымасць узмацняць і ўдасканальваць сваю веру. У сваім казанні кс. Віталій Сідорка яшчэ раз падкрэсліў важнасць таго, як свае жыццёвыя справы мы суадносім з тым, што прадпісана Евангеллем. Мы не можам служыць двум гаспадарам і ва ўсіх жыццёвых сітуацыях першае месца павінны адводзіць Богу. Толькі Ён падкажа сапраўднае рашэнне, і толькі за Ім павінен ісці чалавек моцнай і шчырай веры.
    Чацвёртае спатканне душпастарства настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў адбылося. Яно яшчэ раз падкрэсліла неабходнасць і важнасць такіх сустрэч, падчас якіх адбываецца духоўная інтэграцыя аднадумцаў. Такія спатканні становяцца сапраўдным стымулам для ажыццяўлення таго, чаго так моцна жадае ад нас Збаўца – быць сведкамі і носьбітамі сапраўднай веры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.