ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

VI Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі

З жыцця Касцёла

Інаўгурацыя VI Парафіяды  дзяцей і моладзіЗ 16 па 19 чэрвеня ў Гродне праходзіла VI Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Яе дэвізам былі словы: “Радасць Евангелля”. На Парафіяду прыбыло каля 400 удзельнікаў з 31 парафіі дыяцэзіі. Па традыцыі дзяцей і моладзь прыняла парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Гродна-Паўднёвы).
Кс. Артур Малафей, галоўны арганізатар Парафіяды, адзначае: “Найважнейшае – не перамога, а ўдзел”. Святар заахвоціў маладых людзей да таго, каб яны не толькі ў гэтыя дні, але заўсёды кіраваліся гэтым прынцыпам. Па словах кс. Артура, сам прыезд на гэтую сустрэчу, дзе прысутнічае шмат маладых вернікаў з розных куткоў дыяцэзіі, – вялікая ласка, таму што так удзельнікі могуць пазнаёміцца, духоўна ўзбагаціць адзін аднаго, а найперш падзяліцца радасцю, да чаго з моманту свайго абрання на Святы Пасад часта заклікае Святы Айцец Францішак.

   I дзень: адкрыццё VI Парафіяды дзяцей і моладзі, прысяга і сцяг Парафіяды
    Вялікая радасць удзельнікаў адчувалася і падчас адкрыцця Парафіяды: гэта было бачна па вясёлых вачах і ўсмешках на тварах. Сустрэча дзяцей і моладзі, што на працягу некалькіх дзён праз малітву, спартыўныя спаборніцтвы і тэатральныя пастаноўкі праслаўлялі Бога, пачалася ўрачыстай св. Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У св. Імшы ўдзел прымалі таксама святары з Гродзенскай дыяцэзіі і з-за мяжы.
    У гаміліі кс. Раман Катлімоўскі разважаў над дэвізам Парафіяды. Як адзначыў святар, “чалавек шукае радасць, ён нарадзіўся для радасці, радасць упісана ў яго сэрца, кожнае сэрца хоча радавацца”. Па словах святара, крыніцай радасці з’яўляецца Бог, сама радасць – другі плён Святога Духа пасля любові, пра што гаворыцца ў Пасланні св. апостала Паўла да Галатаў, і на гэтай Парафіядзе можна “адкрыць радасць, адкрываючы ўласныя таленты, а Айцец гэтых талентаў – Пан”.
    Напрыканцы літургіі кс. бп Аляксандр падкрэсліў важнасць такіх мерапрыемстваў, як Парафіяда, якія ўзбагачаюць маладога чалавека духоўна, інтэлектуальна і фізічна, і служаць вялікай дапамогай у развіцці асобы.
    Гонар адкрыць VI Парафіяду дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі меў кс. Тамаш Ольчак SchP, старшыня таварыства “Парафіяда імя св. Юзафа Каласанса” ў Варшаве (Польшча). Напрыканцы Імшы да алтара быў вынесены сцяг Парафіяды, прысутныя прамовілі прысягу ўдзельніка Парафіяды.
    Парафіяда праходзіць на аснове трыяды: “Святыня – Тэатр – Стадыён”. Святыня займае асаблівае месца ў гэтым мерапрыемстве, бо кожны дзень распачынаецца там у імя Бога.
   
   II дзень: малітва і спорт
    17 чэрвеня, чарговы дзень VI Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, удзельнікі распачалі святой Імшой у гродзенскім парафіяльным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую цэлебраваў віцэ-канцлер гродзенскай курыі кс. Антоній Грэмза. Падчас Парафіяды маладыя вернікі імкнуцца спалучыць спорт і культуру з верай, таму чарговы дзень яны правялі на стадыёне “Нёман” – галоўным стадыёне Гродна, дзе ўдзельнічалі ў спартыўных спаборніцтвах.
    Mаладыя людзі, якіх прыехала ў Гродна 400 асоб з 31 парафіі дыяцэзіі, выказалі вялікую зацікаўленасць спортам, які павінен падрыхтаваць маладога чалавека да сталага перажывання каштоўнасцей, якія суправаджаюць яго ў жыцці. Клопат пра духоўнае жыццё і ўдасканаленне свайго цела могуць узаемна ўзбагачаць.
   
   III дзень: біскуп з Віцебска, “Тэатр” і конкурсы
    Трэці дзень VI Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі пачаўся св. Імшой у касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Літургію ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі, звяртаючы ўвагу на элемент “Тэатр”, якому прысвечаны трэці дзень Парафіяды, біскуп адзначыў, што тэатр, гульня на сцэне, могуць дапамагчы ўбачыць прынцыпы, пра якія кажа Святое Пісанне. Іерарх адзначыў таксама, звяртаючыся да дзяцей і моладзі, што далёка не заўсёды кнігі і фільмы, якія прапаноўвае свет, абвяшчаюць евангельскія прынцыпы, і “трэба заўсёды заставацца людзьмі веруючымі”, таму што “тады мы зможам ісці той простай дарогай да збаўлення, якую ўказвае Хрыстос”. На працягу гэтага дня дзеці і моладзь удзельнічалі ў конкурсах ведаў пра Касцёл і Святое Пісанне, конкурсах песні, малюнка і інш. Удзельнікі паказалі ў конкурсах гэтага дня высокі ўзровень ведаў. Яны кажуць, што да Парафіяды рыхтаваліся доўгі час, удзельнічаючы ў пробных конкурсах. Заўважаўся таксама высокі ўзровень культуры маладых вернікаў, якія ў міжасобасных зносінах праяўлялі ўзаемную пашану і разуменне.
    Вечарам адбыўся канцэрт дзіцяча-моладзевага гурта “Liberamente” гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, якая ўвесь гэты дзень прымала ўдзельнікаў Парафіяды.
   
    IV дзень: заканчэнне, уручэнне ўзнагарод і перамога парафіі Рось
    19 чэрвеня ў парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ у Гродне завяршылася VI Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. На цырымонію закрыцця прыбыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ўзначаліў св. Імшу і ўручыў узнагароды пераможцам. У гаміліі іерарх адзначыў: “Спаборніцтвы, сумесная малітва, тэатральныя таленты, веды – гэта тое, што фарміруе ў нас дары, падараваныя кожнаму Панам Богам. Не трэба засмучацца ад таго, што не ўсе змаглі заняць першыя месцы. Нам патрэбна навучыцца прымаць свае месцы”. Напрыканцы літургіі ўдзельнікі падзякавалі біскупу за падтрымку ў дыяцэзіі такой ініцыятывы, як Парафіяда. Затым у дольным касцёле адбылося ўзнагароджанне пераможцаў. Шмат маладых вернікаў атрымалі медалі за ўдзел у спаборніцтвах, у якіх выяўлялі свае здольнасці і таленты.
    Першае месца сёлета, трэці год запар, заняла парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Росі, другое – парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне (Тэаліне), трэцяе – парафія Святой Сям’і ў Лідзе.
    Таксама ўзнагароды атрымалі пераможцы ў кожным элеменце трыяды “Святыня – Тэатр – Стадыён”: у элеменце “Святыня” – парафія св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне, “Тэатр” – парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Росі, “Стадыён” – парафія Святой Сям’і ў Лідзе.
    На заканчэнне ўдзельнікі падзялілі між сабой вялікі святочны торт. Маладыя вернікі вяртаюцца дадому, заахвочаныя словамі біскупа Аляксандра Кашкевіча “заўсёды атрымліваць перамогу над грахом і страхам з дапамогай веры” і атрымаўшы чарговы досвед у малітве, спорце, культуры.
    Для многіх маладых людзей Парафіяда ў Гродне стала своеасаблівай трэніроўкай перад 26-й Міжнароднай парафіядай дзяцей і моладзі, якая 13–19 ліпеня адбудзецца ў Варшаве.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.