ГРОДНА
Панядзелак,
22 красавіка
2024 года
 

У Гродна прыедзе духоўная сімволіка маладых людзей

З жыцця Касцёла

8–12 ліпеня вернікі нашай дыяцэзіі будуць перажываць перэгрынацыю сімволікі Сусветных дзён моладзі. З кс. Антоніем Грэмзам, галоўным каардынатарам перэгрынацыі крыжа і іконы Маці Божай, размаўляе кс. Павел Салабуда.
– Ксёндз Антоні, як з’явілася ідэя прыбыцця ў Беларусь духоўных сімвалаў СДМ?
    – Калі я чуў, што крыж і ікона Маці Божай з Сусветных дзён моладзі наведваюць цэлыя кантыненты і краіны, у сэрцы з’яўляўся цень смутку: калі ў Беларусі можна будзе ўбачыць гэтыя сімвалы? Моладзь з нашай краіны з 1991 года (СДМ у Чанстахове) рэгулярна прымае ўдзел ва ўсіх Сусветных днях моладзі, сімваламі якіх з’яўляюцца крыж і ікона. Пасля абвяшчэння наступнай сталіцы Сусветных дзён моладзі – Кракава – я меў пачуццё, што крыж і ікона СДМ наведаюць нашу краіну. Арганізатары сустрэчы ў Кракаве склалі праграму перэгрынацыі па ўсіх краінах, якія мяжуюць з Польшчай, каб яшчэ больш распаўсюдзіць ідэю Сусветных дзён моладзі і запрасіць маладых людзей з суседніх краін на сустрэчу ў Кракаў. Прапанова наведвання Беларусі была прынята з вялікай радасцю, тым больш, што крыж і ікона наведаюць Беларусь у год кананізацыі св. Яна Паўла II, які ў 1983 годзе падарыў іх моладзі ўсяго свету.

    – Перэгрынацыя духоўных сімвалаў распачалася ў 1984 годзе дзякуючы Яну Паўлу II. Чаму яны толькі праз 30 гадоў прыбываюць у Беларусь?
    – Гэта праўда, што крыж і ікона СДМ прыбудуць у Беларусь упершыню. Звычайна праграма перэгрынацыі складваецца так, што яна адбываецца ў краіне, якая арганізуе Дні моладзі, або ў суседніх краінах. Бліжэй за ўсё да Беларусі Сусветныя дні моладзі адбываліся ў Польшчы ў Чанстахове ў 1991 годзе. У той час, на жаль, перэгрынацыя па розных прычынах яшчэ не магла адбыцца ў нас. Таму мы з яшчэ большай ахвотай чакаем прыбыцця крыжа і іконы.
   
    – Калі і па якіх месцах Беларусі будуць пілігрымаваць сімвалы?
    – Плануецца, што перэгрынацыя распачнецца 28 чэрвеня ў Пінскай дыяцэзіі ў Брэсце. Моладзь Седльцкай дыяцэзіі з Польшчы перадасць крыж і ікону Дзён моладзі да польска-беларускай мяжы. Сімвалы наведаюць Баранавічы і Гомель. 2 ліпеня яны прыбудуць у Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Крыж і ікона наведаюць усе пілігрымковыя групы, якія будуць накіроўвацца ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай. Будуць прысутнічаць на галоўнай урачыстасці ў Будславе, а пазней іх прыме моладзь Віцебскай дыяцэзіі, перэгрынацыя ў якой пройдзе ў Віцебску і скончыцца ў прысутнасці шматлікай моладзі ўрачыстасцю ў Браславе. Затым эстафету перэгрынацыі прыме моладзь Гродзенскай дыяцэзіі. Плануецца, што мы атрымаем крыж і ікону ў Браславе.
   
    – Якія месцы для перэгрынацыі выбраны ў нашай дыяцэзіі і чаму менавіта яны?
    – Прыпынкі на шляху перэгрынацыі крыжа і іконы СДМ у нашай дыяцэзіі былі выбраны невыпадкова. Смаргонь, Ліда і Гродна – гэта галоўныя цэнтры душпастарскай дзейнасці ў нашай дыяцэзіі, дзе дынамічна развіваюцца супольнасці каталіцкай моладзі. Моладзь з гэтых супольнасцей шматліка прымае ўдзел ва ўсіх моладзевых сустрэчах і з нецярпеннем чакае арганізацыі такіх сустрэч у сябе. Сімвалічным таксама павінна быць тое, што пасля дыяцэзіяльнай урачыстасці ў Тракелях 12 ліпеня прадстаўнікі моладзі з розных гарадоў перададуць крыж і ікону Маці Божай маладзёнам з Літвы.
   
    – Якая духоўная мэта гэтай вандроўкі?
    – Асноўная мэта – паказаць праз перэгрынацыю крыжа і іконы адзінства моладзі з Беларусі і ўсяго свету, а таксама неабходнасць супольнага чування разам з Марыяй пад крыжам Хрыста. Духоўнасць крыжа павінна пабудзіць нас ступіць на дарогу патрабаванняў і барацьбы за перамогу сапраўднай Любові, а ў гэтым моладзі будзе дапамагаць Марыя, Маці цудоўнай Любові. Безумоўна, падчас перэгрынацыі будзе таксама адбывацца прамоцыя Сусветных дзён моладзі ў Кракаве 2016 года. Хацелася б, каб у гэтых Днях моладзі прыняла ўдзел як мага большая група з Беларусі. Наша вандроўка ў Кракаў распачнецца з перэгрынацыі крыжа і іконы СДМ па Беларусі.
   
    – Вы апекуецеся моладдзю. Ці не саромеюцца сёння маладыя людзі каталіцкай, хрысціянскай сімволікі?
    – Мова сімвалаў для маладых людзей сёння вельмі важная, яна выражае пасланне, якое неаднойчы цяжка выказаць словамі ці ўчынкамі. Тым больш, пэўную інфармацыю моладзь прымае падсвядома. Маладое пакаленне, якое верыць і практыкуе сакраментальнае жыццё, гатова сёння больш сведчыць аб веры, але заўсёды патрэбен прыклад іншых людзей, патрабен правільны накірунак. Перэгрынацыя крыжа і іконы СДМ у Беларусі будзе, бясспрэчна, для нашай моладзі чарговай праверкай яе гатоўнасці даць сведчанне сваёй веры і прыналежнасці да каталіцкага Касцёла.
   
    – Можа, варта паказаць гэтыя сімвалы моладзі, якая не знайшла дарогі ў Касцёл, і, напрыклад, замест таго, каб паказваць крыж і ікону ў касцёлах, выставіць іх для ўшанавання на плошчах нашых гарадоў?
    – Гэта заклік на будучыню, каб шукаць лепшыя шляхі, каб дайсці з Евангеллем да маладых людзей па-за Касцёлам. Гэтае заданне сёння не такое і лёгкае. На сучасную моладзь, арыентаваную на карыстанне светам, большы ўплыў маюць знакі і вобразы, якія нешта даюць – часовае задавальненне, прыемнасць, грошы. Але маладыя людзі пазбягаюць сімвалаў, якія пабуджаюць іх да роздуму. У тым выпадку, калі мы выставім крыж для публічнага ўшанавання ў свецкім месцы, можна чакаць разнастайных рэакцый, але я баюся, што большасць будзе абыякавай. Больш красамоўным сведчаннем для моладзі з па-за Касцёла з’яўляецца сёння радасць і прыгажосць жыцця верай жывых людзей, якія любяць Хрыста і Яго Касцёл. Бо Хрыстос паслаў нас, каб мы сведчылі аб Ім перад светам.
   
    – На што павінна звярнуць увагу каталіцкая моладзь падчас гэтай перэгрынацыі сімвалаў?
    – Кульмінацыяй малітоўнага чування пад крыжам у кожным касцёле і ў супольнасцях, якія будуць яго прымаць, павінна быць адарацыя крыжа пры спакойным спеве або ў цішыні. Тады можна будзе дакрануцца да крыжа і пацалаваць яго, прысланіцца да дрэва крыжа і даручыць сваю любоў і будучыню Хрысту. Кожны з удзельнікаў перэгрынацыі будзе мець магчымасць прамовіць Акт абрання Хрыста сваім Панам, а таксама запрасіць у сваё жыццё Марыю, разважаючы пра Яе дабрадзействы і прыклад жыцця сёння. Сімвалы ў нашай дыяцэзіі наведаюць таксама ўсе буйныя пілігрымковыя групы ў Тракелі.
   
    – Вялікі дзякуй за размову. Жадаю шмат сіл падчас перэгрынацыі сімволікі СДМ.
   
   
ПРАГРАМА ПЕРЭГРЫНАЦЫІ:
   
    8 ліпеня каля 14.30 – Смаргонь;
    8 ліпеня 19.00 – Ліда, касцёл Узвышэння Святога Крыжа;
    9 ліпеня 19.00 – Гродна, касцёл св. Францішка Ксаверыя (катэдра);
    10–11 ліпеня – наведванне ўсіх пілігрымак, якія накіроўваюцца ў Тракелі;
    11–12 ліпеня – наведванне дыяцэзіяльнай урачыстасці ў Тракелях;
    12 ліпеня ў другой палове дня – перадача крыжа і іконы моладзі з Літвы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  254

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.