ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

Поразава

Парафіі і святыні

Дэканат Ваўкавыск
Паселішча вядома з XV ст. як кара­леўскае мяс­тэчка ў Ваўкавыскім павеце Навагрудскага ваяводства ВКЛ, у XVI ст. яно нават лічылася “горадам на літоўскіх правах”. У 1523 г. атрымала магдэбургскае права. З 1795 г. у Расійскай імперыі; дзяржаўная ўласнасць, цэнтр воласці Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. У 1921–1939 гг. – у складзе Рэчы Паспалітай Польскай, мястэчка Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства. З лістапада 1939 года – у БССР, з 15.01.1940 года – вёска, цэнтр аднайменнага раёна Брэсцкай вобласці. З 30.04.1958 г. Поразава атрымала статус гарадскога пасёлка, з 20.01.1960 г. – у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці.
    Касцёл пад тытулам св. Міхала Арханёла заснавалі ў 1460 г. Забярэзінскія, якім тады належала Поразава. Па іншых звестках, касцёл быў заснаваны Рымвідам, дзедзічам Поразава, у 1460 г., першапачаткова пад тытулам Нараджэння НПМ. У 1511 г. фундуш быў сцверджаны каралём Жыгімонтам I.
У 1767 г. старажытная святыня згарэла ў пажары. Да 1769 г. касцёл адбудавалі нанава намаганнямі кс. Юрыя Цывіньскага на сродкі генерала войск літоўскіх графа Тышкевіча і ў тым жа годзе асвяцілі ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэта была драўляная аднавежавая святыня на камен­ным падмурку, прэсбітэрый фланкавалі дзве сакрыстыі. Першы ярус вежы-званіцы завяршалі разьбяныя фігуры святых Пятра і Паўла на пастаментах. Пад касцёлам знаходзіліся два мураваныя склепы: адзін пад прэсбітэрыем (з маўзалеем Завішаў, рэгентаў троцкіх), другі перад алтаром. Усе чатыры алтары ў касцёле былі ў оптыцы маляваныя. У галоўным трох’ярусным алтары знаходзіўся абраз Унебаўзяцця НПМ, над ім – абраз Найсвяцейшай Тройцы ў акружэнні фігур святых Пятра і Паўла, наверсе – “Божы Провід” у аблоках і промнях; злева стаяў двух’ярусны бакавы алтар Беззаганага Зачацця НПМ (у другім ярусе абаза не было). Яшчэ два двух’ярусныя алтары стаялі за краткамі: справа – алтар св. Ганны з абразом св. Пятра наверсе, злева – алтар Маці Божай Ружанцовай з абразом св. Тадэвуша ў другім ярусе (у 1796 г. у алтары знаходзіўся абраз Маці Божай з Езусам у шаце і абраз Імя Марыі). На хорах стаяў дзесяцігалосны арган. У двух’яруснай званіцы былі змешчаны тры званы.
    Пры касцёле дзейнічала альтарыя, якую фундаваў падстолі брац­лаўскі і брэсцкі падстароста Ян Бянклеўскі. Таксама здаўна дзейнічаў шпіталь, пляц пад які ахвяравалі паны Масальскія, а будынак будавалі пробашчы. З 1751 г. з дазволу Рыма ў парафіі дзейнічала Ружанцовае брацтва, ёй таксама належалі чатыры карчмы.
    Драўляны касцёл у 1797 г. спаліла маланка, і да 1828 г. набажэнствы адпраўляліся ў часовай капліцы. Святыня ізноў была асвечана пад тытулам святых Пятра і Паўла, унутры было тры алтары: галоўны – Унебаўзяця НПМ, левы бакавы – св. Тадэвуша і св. Тэклі, правы – Маці Божай Ружанцовай. Побач з капліцай стаяла званіца на чатырох слупах.
    У 1825 г. на сродкі рэгента троцкага Ксаверыя Завішы і Тамаша Завішы з дапамогай парафіян і тагачаснага пробашча кс. Міхала Грабавецкага ў Поразаве пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла ў стылі класіцызму паводле праекта архітэктара Цюнкевіча. Святыня была ўзведзена ў 1828 г., дату пабудовы выбілі на камяні справа ад уваходу. Касцёл быў асвечаны пад новым тытулам св. Міхала Арханёла 28 верасня таго ж года ваўкавыскім дзеканам і зэльвенскім плябанам кс. Ігнацыем Тарвідам. З 1830 г. пры касцёле пачала дзейнічаць парафіяльная школа.
    Касцёл пабудаваны з бутавага каменю і атынкаванай цэглы, бяз­вежавы і безапсідны, прамавугольны ў плане з унутранымі сак­рыстыямі. Перакрыты двухсхільным бляшаным дахам, завер­шаны невялікай двух’яруснай глаўкай над галоўным фасадам, на якім знаходзіцца надпіс “BÓG NASZĄ UCIECZKĄ” (“Бог – наш паратунак”).
   
    Спачатку на алтарнай сцяне было змешчана Укрыжаванне, злева стаяў алтар св. Тэклі (наверсе быў абраз Маці Божай), справа – алтар Беззаганнага Зачацця Маці Божай.
    Годам пазней на антыпендыюме галоўнага алтара адзначаюцца гербы Букавіцкіх. У 1840 г. галоўны алтар ужо чатырохкалонны; паміж калонамі стаяць фігуры чатырох Евангелістаў, у цэнтры – абраз Маці Божай з Дзіцяткам. Бакавыя алтары двух’ярусныя: левы прысвечаны Маці Божай, абраз якой засланяецца абразом св. Юзафа, наверсе – абраз св. Антонія; правы прысвечаны Пану Езусу, у цэнтры – Укрыжаванне (Езус у сярэбранай цярновай кароне) у акружэнні фігур святых Пятра і Паўла, наверсе – абраз Пана Езуса ў цярновай кароне. Падлога ў касцёле была цаглянай.
    Залавы інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной дашчанай столлю, упрыгожваюць разьбяныя барокавыя алтары XVIII ст. У цэнтры галоўнага алтара змешчаны абраз Маці Божай Поразаўскай, які ў 1937 г. намаляваў вядомы мастак Пётр Сергіевіч, наверсе – тытульны абраз св. Міхала Арханёла. На менсе алтара ўсталяваны фігуры святых біскупаў Аўгусціна (злева) і Амброзія. Бакавыя алтары двух’ярусныя: у левым – абраз Найсвяцейшай Тройцы і св. Дамінік з ружанцам, наверсе змешчаны абраз св. Марыі Магдалены, а таксама фігуры Езуса Убічаванага і Маці Божай, у правым – абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, наверсе – Маці Божая Шкаплерная і фігуры святых Пятра і Паўла. На бакавых сценах малітоўнай залы змешчаны вялікія абразы св. Вінцэнта (злева) і св. Францішка. Пры правай сцяне касцёла яшчэ ў 1980-я гг. стаяў невялікі драўляны пафарбаваны ў белы колер барокавы алтар канца XVIII ст., потым ён быў некуды вывезены. Над уваходам зроблены арганныя хоры, дзе знаходзіцца арган, створаны ў 1897 г. Эдвардам Крукоўскім на сродкі, што сабралі парафіяне на чале з тагачасным пробашчам кс. Янам Кажарновічам.
    Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай-званіцай, якая пабудавана паміж 1830 і 1840 гг. У ёй змешчаны чатыры званы (у тым ліку цікавы звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749 г.). Перад касцёлам, амаль у куце агароджы, стаіць былая костніца, якая цяпер выкарыстоўваеца як сховішча. Таксама перад касцёлам свае крыжы ўсталявалі місіі рэдэмптарыстаў (9–17.VI.1990) і францішканцаў (16–24.Х.2004).
    Перад II Сусветнай вайной колькасць вернікаў поразаўскай парафіі перавышала 6500 чалавек. Да парафіі ў ХVIII ст. належала капліца ў Янаўшчыне, а ў ХIХ ст. – капліцы ў Студзеніках і на мясцовых могілках (капліца ў Янаўшчыне ў гэты час ужо не ўзгадваецца). Апошняя была асвечана кс. М. Грабавецкім каля 1830 г., але да сённяшняга дня не захавалася. Затое захавалася невялічкая драўляная прыдарожная капліца, пабудаваная на пачатку ХХ ст. на высокім схіле дарогі на Новы Двор, пры выездзе з Поразава.
    Верагодна, яшчэ да пачатку вайны з Германіяй савецкія ўлады адабралі велічны будынак плябаніі. У пасляваенны час поразаўскі пробашч (кс. Ян Славінскі) жыў у драўлянай хаце перад касцёлам, але ў 1958 г. будынак забралі пад публічную бібліятэку (цяпер – Дом палякаў). Касцёл жа дзейнічаў увесь час, з 1970-х гг. мае статус помніка архітэктуры.
    Кляштар фран­цішканцаў у Поразаве заснаваны 27 мая 1992 г., мае тытул св. Міхала Арханёла. Размяшчаецца ў новай плябаніі, пабудаванай з сілікатнай цэглы ў 1988–1989 гг.
    Сёння да поразаўскай парафіі належаць новаўтвораныя капліцы ў Вялікіх Баброўніках, Верабейках, Навасёлках, Студзеніках і Шурычах.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.