ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Гісторыя Джонатана

Дзіцячы куточак

“Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8)
Джонатан Фёрстэр нара-дзіўся з фізічнымі і разумовымі недахопамі. Яму было дванаццаць гадоў, але ён вучыўся з дзевяцігадовымі дзецьмі ў адным класе. Здавалася, што вучоба была яму не пад сілу. Часта ён прыводзіў сваю настаўніцу Інгрыд Мюлер у роспач, круцячыся на сваім месцы, гледзячы ў вакно і выдаючы незразумелыя гукі.
    Але бывалі моманты, калі Джонатан выказваўся ясна і зразумела. Тады здавалася, што прамень святла пранізваў цемру яго розуму. Але часцей за ўсё Інгрыд было вельмі цяжка навучыць чаму-небудзь Джонатана. Аднойчы настаўніца патэлефанавала бацькам хлопчыка і запрасіла іх прыйсці да яе.
    – Джонатан павінен хадзіць у школу для разумова адсталых дзяцей, – сказала яна. – Гэта няправільна, што ён вучыцца ў адным класе з дзецьмі, малодшымі за яго на тры гады, у якіх няма цяжкасцей у вучобе.
Мама Джонатана ціха заплакала. А бацька запярэчыў:
    – Спадарыня Мюлер! Тут побач няма іншай школы. Для Джонатана будзе вялікім шокам, калі яму прыйдзецца змяніць сваё становішча. Я ведаю, што яму вельмі падабаецца ў гэтай школе.
    Пасля таго, як бацькі пайшлі, Інгрыд яшчэ доўга сядзела і глядзела ў вакно на снег. Ёй здавалася, што холад паступова пранікае ў яе сэрца. З аднаго боку, яна спачувала сям’і Фёрстэр. Джонатан – іх адзінае дзіця, да таго ж ён невылечна хворы. Але з іншага боку, недапушчальна, каб ён заставаўся ў гэтым класе. У яе яшчэ чатырнаццаць вучняў, якім яна павінна выкладаць і якіх Джонатан сваімі паводзінамі ўвесь час адцягвае ад заняткаў. Акрамя таго, ён ніколі не навучыцца чытаць і пісаць. Чаму ж яна павінна мучыцца з ім і марнаваць на яго свой час?
    Інгрыд сядзела і разважала над гэтай складанай сітуацыяй. Раптам яе ахапіла моцнае пачуццё віны: “О, Божа! Я сяджу тут і жалюся, у той час як мае праблемы непараўнальныя з праблемамі гэтай няшчаснай сям’і. Калі ласка, дапамажы мне: дай мне больш цярпення з Джонатанам”. З гэтага дня Інгрыд імкнулася не зважаць на тое, што Джонатан перашкаджаў на ўроку. Аднойчы Джонатан устаў і падышоў да стала настаўніцы.
    – Вам належыць маё сэрца, спадарыня Мюлер! – сказаў ён гучна.
    Дзеці пачалі смяяцца, а Інгрыд пачырванела.
    – Вось як, – ціха адказала яна, – гэта вельмі цікава. Ну а зараз, Джонатан, ідзі сядай на сваё месца.
    Прыйшла вясна. Дзеці ў класе абмяркоўвалі надыходзячае свята Вялікадня. Інгрыд расказвала ім гісторыю пра ўваскрасенне Езуса Хрыста. Пасля ўрока яна дала кожнаму вучню па невялікім пластмасавым яйку і сказала:
    – Я прашу вас узяць гэтае яйка дахаты і пакласці туды што-небудзь, што б азначала новае жыццё. Вы зразумелі мяне?
    – Вядома, спадарыня Мюлер! – закрычалі ўсё, акрамя Джонатана. Ён уважліва слухаў, пільна гледзячы на настаўніцу. Нават не шумеў, як заўсёды. Ці зразумеў Джонатан, што апавядала настаўніца пра смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста? Ці зразумеў ён заданне? Можа, лепш патэлефанаваць яго бацькам і растлумачыць ім?
    На наступны дзень усё пятнаццаць вучняў убеглі ў клас і напоўнілі прынесенымі яйкамі кошык, які Інгрыд паставіла на стале. Але яна папярэдзіла, што адкрываць яйкі будзе толькі ў канцы ўрока.
    У першым яйку была адна кветка.
    – Гэта кветка сапраўды з’яўляецца знакам новага жыцця, – сказала Інгрыд. – Калі першыя зялёныя лісткі праразаюць зямлю, мы ведаем, што надыходзіць вясна.
    У другім яйку быў пластмасавы матылёк. Ён выглядаў зусім як сапраўдны. Інгрыд падняла яйка ўгару і паказала класу:
    – Мы ўсе ведаем, што з гусеніцы атрымліваецца выдатны матылёк. Так, ён з’яўляецца знакам новага жыцця.
    Маленькая Ганна ганарліва заўсміхалася.
    – Гэта маё яйка, спадарыня Мюлер, – сказала яна.
    У наступным яйку Інгрыд знайшла камень, аброслы мохам. Яна растлумачыла класу, што мох таксама з’яўляецца знакам новага жыцця. Томас за апошняй партай падняў руку: – Гэта мой тата дапамог мне знайсці яго.
    Інгрыд адкрыла яшчэ адно яйка. Яно было падазрона лёгкім. “Гэта, вядома ж, яйка Джонатана. Як шкада, што я забылася патэлефанаваць яго бацькам!” – падумала яна. Інгрыд не хацела трывожыць Джонатана, таму проста адлажыла яйка ў бок. Не кажучы ні слова, яна ўзяла наступнае.
    Нечакана Джонатан падняў руку:
    – Спадарыня Мюлер, вы, хіба, не хочаце пагаварыць пра маё яйка?
    Інгрыд нават разгубілася:
    – Джонатан! Але яно пустое!
    – Так, але гроб Езуса таксама быў пусты!
    На некаторы час у класе павісла цішыня, ніхто не прамовіў ні слова.
    Нарэшце Інгрыд спытала:
    – Джонатан, а ты ведаеш, чаму гроб быў пусты?
    – Так! – адказаў Джонатан. – Езуса забілі і паклалі ў гроб. Але пасля Яго Тата ўваскрасіў Яго.
    Празвінеў званок на перапынак. Усе дзеці радасна выбеглі на вуліцу. А Інгрыд яшчэ сядзела ў классе, на яе вачах былі слёзы. Лёд, які быў у яе сэрцы, пачаў раставаць. Гэты хлопчык з інтэлектульным недахопам зразумеў праўду пра Уваскрасенне глыбей, чым усе астатнія дзеці.
    Праз тры месяцы Джонатан памёр. Людзі, якія прыйшлі на пахаванне, са здзіўленнем глядзелі на труну – на ёй ляжалі 15 пустых яечных шкарлупін.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.