ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Час узяць жыццёвы аркуш і расставіць знакі прыпынку

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   У Паўночным паўшар’і зараз распачалася зіма, а ў нас – лета. Яшчэ адно лета ў нашым жыцці. А ці гатовыя мы, увогуле, да пачатку нечага ў сваім жыцці? Бо, калі за плячыма мноства незавершаных спраў, гэта наўрад ці прынясе радасць.
    У чэрвені зоймемся з Вамі жыццёвай граматыкай: будзем выпраўляць памылкі і расстаўляць знакі прыпынку. Паразважаем наконт працы і паспяховасці. Засяродзім увагу на мітусні свету. Напрыканцы – біяграфія святога Антонія, да якога мы часта звяртаемся, калі нешта згубілі.
    Адразу заахвочваю да каментарыяў у рубрыцы. Актыўныя чытачы будуць узнагароджаны разнастайнымі падарункамі.
    З Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Трэба заўсёды маліцца і не падаць духам” (Лк 18, 1).
   Каб не аслабець у сённяшнім свеце, трэба маліцца. У пасланні св. Лукі гаворыцца аб тым, што Бог чуе нас і хоча, каб мы не падалі духам, не гублялі надзею. Нястомная малітва і глыбокая вера здольны схіліць Айца на ласку.
   
   ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб беспрацоўныя знайшлі падтрымку і занятасць, якой патрабуюць, каб жыць годна

    Цяжкасці здараюцца ў кожнага: гэта непазбежна. Яны запавольваюць развіццё і змушаюць упадаць у роспач. Але якія б цяжкасці не напаткалі чалавека, калі ў яго сэрцы ёсць Бог, усё наладзіцца.
    Той, хто страціў працу або не мае яе, можа забыцца аб Усявышнім, раззлавацца на Яго. Але Бог праз Папу ўжо паклапаціўся аб гэтым – увесь каталіцкі свет моліцца ў інтэнцыі беспрацоўных людзей на працягу ўсяго чэрвеня. А праз малітву, як мы сёння прачыталі ў Бібіліі, мы напаўняем сілай свае жаданні, на якія Бог адказвае.  
        
    ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: праца

   Праца можа быць розная: прафесійная, захапленне (праца для душы), унутраная (праца над сабой), разумовая... У любым выпадку чалавек канцэнтруе свае рэсурсы дзеля нейкай дзейнасці.
    Праца можа быць простай і складанай, цікавай і нуднай. Чым большая зацікаўленасць у ёй, тым больш спасылак на поспех.
    У кнізе “Таямнічы сад” Фрэнсіса Бернэта ёсць цудоўнае выказванне: “Толькі там шыкоўна заквітнеюць ружы, дзе ты выпалаў усё пустазелле”. Поспех працы залежыць ад прыкладзеных намаганняў. І чым больш адказны падыход да працы, тым больш прадказальны вынік.
    Трэба не забывацца і аб тым, што чалавека ацэньваюць менавіта па ўчынках, па яго працы. Некалі чалавек пакіне гэты свет, а вынік яго працы застанецца жыць. І толькі ад нас залежыць, якімі будуць гэтыя самыя вынікі.
   
  СПРАВА МЕСЯЦА: папрацаваць над сваімі памылкамі
   Чалавек нарадзіўся, каб памыляцца. Але адну і тую ж памылку ён не павінен дапускаць двойчы. Сэнс жыцця заключаецца ў самаўдасканаленні і спасціжэнні гармоніі паміж унутраным і знешнім светам.
    Уявіце сябе ў ролі настаўніка і выпраўце памылкі, дзе яны таго патрабуюць. Упэўнена, Вы адчуеце сябе на галаву вышэй. Такая справа не можа не натхняць. Да таго ж, справы будуць даведзены да сваёй лагічнай завершанасці.
   
  МЭТА МЕСЯЦА: навучыцца ставіць кропку ў справах
   Людзі любяць слова “абставіны”. На іх спасылаюцца, калі нешта не атрымліваецца, не выконваецца ў час. Але паспяховаму чалавеку абставіны не замінаюць, таму што ён здольны ўплываць на сітуацыю. Можа быць замінка, але, усё ж, павінна быць кропка ў канцы.
    Незавершанасць спраў выхоўвае ў асобе несур’ёзнасць і безадказнасць, укараняе ляноту і абыякавасць. Такія людзі часта бяруцца за мноства спраў і рэдка якія з іх даводзяць да канца. Лепш узяццца за адну справу і выканаць яе, чым “распыляцца” на ўсё і адразу.
    Здаецца, самы час узяць жыццёвы аркуш і расставіць знакі прыпынку. Дзе не хапае кропкі – скончыць справу, коскі – зматываваць сябе на далейшую працу, клічніка – звярнуць увагу, пытальніка – задацца пытаннем: а ці патрэбна, увогуле, тое, чым я займаюся?
     
  АСОБА МЕСЯЦА: святы Антоній Падуанскі

   Ён нарадзіўся ў 1195 г. у сям’і знатнага лісабонскага рыцара. Падчас хросту атрымаў імя Фернанда. Бацька хацеў, каб сын з часам прадоўжыў яго справу, але гэтага не здарылася. У 15-гадовым узросце хлопец паступіў у лісабонскі манастыр Ордэна рэгулярных канонікаў. У 1220 г. атрымаў сан святара.
    Амаль у той жа час у царкву Святога Крыжа ў Каімбры былі прывезены астанкі пяці францішканскіх першамучанікаў, якія загінулі за веру: прапаведавалі сярод мусульман у Марока. Гэта настолькі ўразіла маладога чалавека, што ён вырашыў стаць францішканцам і абраў сабе манаскае імя Антоній.
    Першае місіянерскае заданне Антоній выконваў у Паўночнай Афрыцы. Але з-за цяжкай хваробы быў вымушаны вярнуцца ў Еўропу. Карабель падчас шторму прыбіла да берагоў Сіцыліі. Антоній убачыў у гэтым Божы знак і застаўся ў Італіі.
    Усё жыццё ён правёў там, прапаведуючы. На яго казанні заўсёды збіралася шмат людзей. Акрамя таго, ён выкладаў багаслоўе ў Балоніі, Манпелье, Тулузе і Падуі. А таксама стаў адным з першых арганізатараў сістэмы адукацыі ў Ордэне. Яго называлі “Светачам Ордэна”.
    Пры жыцці Антоній быў правінцыялам Францыі і Паўночнай Італіі, заснаваў у Сіцыліі некалькі манастыроў, змагаўся з крывавымі тыранамі – стараўся іх прымірыць. Папа Рыгор ІХ у свой час прапаноўваў Антонію ганаровы пост у Рымскай курыі, але святы адмовіўся – працаваў у Падуі. Памёр 13 чэрвеня 1231 г. Праз год быў кананізаваны.
    У 1263 г. яго мошчы былі перанесены ў базіліку св. Антонія, якую жыхары Падуі пабудавалі ў гонар святога. Аказалася, што язык і галасавыя звязкі вялікага прапаведніка засталіся ў цэласці. Цуд!
    Яшчэ адзін цуд здарыўся пры жыцці святога. Асёл устаў пры ім на калені перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Галоўнымі атрыбутамі на абразах са св. Антоніем з’яўляюцца кніга (сімвал Божага слова) і лілія (цнатлівасць).
    16 студзеня 1946 г. папа Пій XII абвясціў св. Антонія Падуанскага Настаўнікам Касцёла. Святы лічыцца заступнікам Лісабона і Падуі, а таксама бедных і вандроўнікаў. Да яго звяртаюцца з просьбай дапамагчы знайсці згубленае. У яго гонар названы горад у ЗША – Сан-Антоніо.
    Да якіх святых звяртацца з асаблівымі просьбамі ў чэрвені?
    Св. Антоній (13 чэрвеня),
    св. Пётр і св. Павел (29 чэрвеня).

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА:“Праклён веку – спешка”, Эдуард Ільніцкі
   Адна назва колькі каштуе!
    “Паспешна п’юць, паспешна любяць, і апускаецца душа”. А гэта ж пра нас, людзі. Выканаўца кажа, што мы ляцім па жыцці, спешна каемся і зноў ляцім... Ён заклікае нас хоць на хвіліну задумацца: хай не пра Бога, хай пра сябе. Ён адкрывае праўду: той, хто ўвесь час бегае, варты жалю; той, хто спыніўся, моцны і вялікі чалавек. “Спыніся, забыўшыся пра Бога, – ты па сабе крочыш сам!” – крычыць у роспачы выканаўца.

    КНІГА МЕСЯЦА: “...і хай сабе вераб’і цвыркаюць... ”, Ленэ Майер-Скуманц

   У выдавецтве “Pro Christo” выйшла новая кніга пад назвай “...і хай сабе вераб’і цвыркаюць...”. Яна апавядае пра святога Яна Боско. Аўстрыйская пісьменніца Ленэ Майер-Скуманц прапануе 21 гісторыю з жыцця святога. “Дзякуючы гэтым займальна і жыва напісаным гісторыям, мы можам не толькі прасачыць яго шлях ад маленькага сялянскага хлопчыка да святара і заснавальніка ордэна, але таксама даведацца, як гэтаму святому, які без стомы працаваў такімі незвычайнымі метадамі з бездагляднымі дзецьмі ў Турыне XIX стагоддзя, удавалася захапляць моладзь сваімі ідэаламі”, – напісана ў прэзентацыі да кнігі на сайце выдавецтва.
   
Дзяліцеся сваімі ўражаннямі ад планавання жыцця разам з рубрыкай “На скрыжаванні”. Ці даведаліся Вы аб нечым новым, ці адкрылі для сябе нешта – пішыце на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Да сустрэчы, Сябры!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.