ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Ізабелін

Парафіі і святыні

Дэканат Ваўкавыск
У пісьмовых крыні­цах першае згадванне аб пасе­лішчы датуецца 1499 г., калі яно пад назвай Петуховічы (ці Петухова) у складзе Ваўкавыскага павета ВКЛ належала Войцеху Клочку, ахмістру двара вялікай князёўны Алены, жонкі караля Аляксандра Ягелона. З 1516 г. вядомы як уладанне ўдавы Войцеха Яновіча, маршалка шляхты – Марыны Глебаўны. У 1557 г. маёнткам ізноў валодалі Клочкі, у XVII ст. – Дольскія, Дарагастайскія і Сапегі. У 1669 г. тут, як ужо дзейны, адзначаецца парафіяльны касцёл Ваўкавыскага дэканата, але потым звесткі аб святыні губляюцца. У 1690 г. паселішча мела статус мястэчка, належала брэсцкаму ваяводзе Стэфану Курчу. У першай палове XVIII ст. яно перайшло да Флемінгаў, а ў сярэдзіне стагоддзя падскарбі літоўскі Ян Флемінг перайменаваў Петухова ў гонар сваёй дачкі Ізабелы (у шлюбе Чартарыйская). У другой палове XVIII ст. Ізабелін стаў уласнасцю роду Грабоўскіх, у 1778 г. (дата пазначана на фасадзе, але цяпер яе не бачна) па фундацыі Яна-Ежы Грабоўскага тут быў змураваны кальвінскі збор. У Ізабеліне была нават рэзідэнцыя кальвінскага суперінтэнданта (біскупа), тут адбываліся кальвінскія сіноды ўсёй Літвы. У 1897 г. у звестках згадваецца царква і кальвінскі збор, касцёл не ўпамінаецца.
Каталіцкая суполка ў Ізабеліне адрадзілася толькі ў 1931 г., калі сюды прыехаў кс. Антоні Германоўскі. Спачатку вернікі збіраліся на св. Імшу ў хаце, але ў 1934 г. на сродкі вернікаў пачалося будаўніцтва драўлянага касцёла ў цэнтры плошчы мястэчка. У наступным годзе ізабелінскія католікі атрымалі статус самастойнай парафіі, а ў 1936 г. новазбудаваны драўляны касцёл быў асвечаны пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі (але ў галоўным алтары быў змешчаны абраз святых Пятра і Паўла).
    Драўляны касцёл у Ізабеліне ўяўляў сабою трохнававую аднавежавую базіліку з паніжанай пяціграннай апсідай. Чацверыковая вежа-званіца завяршалася шатровым спічаком.
    Ужо на другі дзень вайны гітлераўскай Германіі і Савецкага Саюза, 23 чэрвеня 1941г., драўляны касцёл згарэў. Акупацыйныя нямецкія ўлады тады дазволілі каталікам збірацца на набажэнствы ў мураваным кальвінскім зборы. А праз некалькі гадоў самі кальвіністы перайшлі ў каталіцтва і старажытны будынак з гэтага часу стаў рыма-каталіцкім касцёлам. Падмуркі ж драўлянага касцёла да гэтага часу бачныя ў цэнтры плошчы мястэчка.
    Пасля вайны пробашч кс. Міхал Шэмковіч быў арыштаваны. Ён вызваліўся ў 1953 г. і працаваў у Ізабеліне да сваёй смерці ў 1968 г. Пасля гэтага ўлады зачынілі касцёл, а ў 1974 г. будынак згарэў і быў пакінуты ў жудасных руінах. У такім выглядзе былая святыня атрымала статус помніка архітэктуры, але яшчэ дзесяцігоддзе заставалася ў руінным стане. У 1980-я гады ўлады вырашылі рэстаўрыраваць былы касцёл пад музычную школу, але ізноў аніякіх змен не адбылося. Нарэшце, у 1989 г. руіны перадалі вернікам, рэстаўрацыйныя працы вяліся паводле праекта, распрацаванага “Мінскархпраектам” у 1988 г. (архітэктар Г. П. Босак). Касцёл быў асвечаны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам 18 ліпеня 1992 г. пад тытулам святых апосталаў Пятра і Паўла, але парафія мае тытул Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
    Будынак плябаніі, які ў 1930-я гады быў пабудаваны з дрэва па-за апсідай драўлянага касцёла, вярнулі парафіі пакуль толькі часткова, а частку па-ранейшаму займае мясцовая амбу­латорыя.
    Касцёл Пятра і Паўла – гэта адносна невялікая аднавежавая святыня, прамавугольная ў плане з паўкруглай апсідай без сакрыстый. Над франтонам уваходнага фасада ўзвышаецца чацверыковая, са зрэ­занымі вугламі, вежа-званіца (барокавае завяр­шэнне не захавалася) пад невысокім шатровым дахам.
    Залавы інтэр’ер пера­крыты плоскай драў­лянай столлю. Цяпер унутры ідзе рэканструкцыя. Над уваходам зроблены арганныя хоры на дзвюх масіўных калонах. Калі касцёл у 1990-я гады зноў пачаў дзейнічаць, унутры быў галоўны алтар з тытульным абразом святых Пятра і Паўла і бакавыя алтарныя кампазіцыі: злева – з абразом св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, справа – з абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. На старых могілках захавалася брама, але ў зруйнаваным стане.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.