ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

“Дай мне душы, усё астатняе забяры”

З жыцця Касцёла

Арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай узначальвае ўрачыстасць святкавання 25-годдзя прысутнасці салезіян у Смаргоні

Гэтыя словы з’яўляюцца лозунгам і асновай духоўнасці харызмы святароў Таварыства св. Францішка Сальскага, якія на працягу 25 гадоў ажыццяўляюць пастарскую дзейнасць у Смаргоні. З нагоды юбілею прысутнасці салезіянскай супольнасці ў парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы. Павіншаваць духоўных сыноў св. Яна Боско прыбыло шмат гасцей з усёй Беларусі і з-за мяжы.
Рэгіянальны настаяцель Таварыства св. Францішка Сальскага кс. Віктар Гайдукевіч SDB, вітаючы ўдзельнікаў сімпозіума, адзначыў: “У жыцці кожнага чалавека, розных супольнасцей і грамадстваў вялікую ролю адыгрываюць розныя даты і юбілеі. Яны з’яўляюцца скарбам памяці аб спадчыне, якая фарміруе ідэнтычнасць”. Па словах святара, дадзены юбілей важны не толькі для супольнасці ў Смаргоні, але і для ўсёй салезіянскай сям’і ў Беларусі, гэтая падзея сапраўды мае права называцца фундаментам ідэнтычнасці салезіян у Беларусі.
Апостальскі нунцый арцы­біскуп Клаўдыа Гуджэроці, кажучы пра святкаванне 25-годдзя прысутнасці салезіян у Смаргоні, сказаў: “Хто ведае, колькі ласкаў Бог спаслаў праз працу гэтых святароў!”. Арцыбіскуп падкрэсліў, што “на гэтай зямлі ёсць патрэба ў моладзі і яе сведчанні”, а акрамя матэрыяльных каштоўнасцей “моладзь мае патрэбу ў тых, хто будзе перадаваць ёй веру ў Хрыста і мець час, каб яе слухаць”. Іерарх таксама заклікаў салезіян быць “аніматарамі ўсяго Касцёла, каб дапамагаць моладзі”, таму што “немагчыма працаваць толькі ў сваім маленькім садзе, бо ўсё гэта – адзін вялікі сад, і альбо ўвесь ён будзе квітнець, альбо ўвесь высахне”.
    У сваю чаргу арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай, сакратар Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, адзначыў, што з сімпозіумам з нагоды юбілею дзейнасці салезіян у Смаргоні звязана адно слова, якое можна назваць ключом усяго, – гэта слова “слухаць”. “Слухаючы слова Божае, мы можам сапраўды насычаць нашу веру, паглыбляць яе. Слухаючы голас чалавека, грамадства, мы можам будаваць нашу культуру, каб яна расла, каб мы раслі, каб рабіць гэта дзеля моладзі, якая асабліва патрабуе нашай дапамогі сёння, – падкрэсліў арцыбіскуп. – У гэтых двух накірунках прысутнічае Слова, якім з’яўляецца Бог. І гэтая прысутнасць містычная, таму што Ён прысутнічае сярод нас як Уваскрослы. Ён прыносіць бласлаўленне свайго Айца, якое з’яўляецца для нас сапраўднай ежай і напоем, што даюць жыццё вечнае”.
    Генеральны дарадчык з Рыма кс. Тадэвуш Розмус адзначыў, што дадзенае свята – не толькі магчымасць “вярнуцца назад, у нейкі гістарычны ракурс”, але, перш за ўсё, магчымасць “падзякаваць, быць удзячнымі”.
    Генеральны дарадчык падкрэсліў: “Мы, салезіяне сённяшняга часу, пакліканы, каб ісці да той моладзі, якая сёння мае ў нас патрэбу. Як і іншыя манаскія супольнасці ва ўсім Касцёле, мы пакліканы ўзмацняць яго місійны запал”.
    У межах святкавання юбілею арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB узначаліў святую Імшу, падчас якой святары Таварыства св. Францішка Сальскага, сёстры з Кангрэгацыі дачок Марыі Успамогі Хрысціян (салезіянкі), семінарысты, што належаць да супольнасці салезіян, склалі акт ахвяравання Маці Божай Успамогі Хрысціян. Заканчэннем першага дня юбілейных урачыстасцей стаў “Моладзевы фэст” з удзелам рок-квартэта з Мінска “Open Space”.
   
    Cвятасць – не эксклюзіўная рэч
    У другі дзень святкавання працягнуўся сімпозіум. Удзел у ім прынялі арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB, арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, салезіянскія святары і манаскія сёстры, а таксама вернікі смаргонскай парафіі, у якой штодня служаць духоўныя сыны і дочкі св. Яна Боско.
    З дакладам выступіў абп Савіо Хон Тай-Фай, які, сам з’яўляючыся салезіянінам, падзяліўся разважаннямі на тэму салезіянскай святасці. “Гэтая святасць, – сказаў арцыбіскуп, – не з’яўляецца эксклюзіўнай рэччу. Кожны ахрышчаны чалавек павінен імкнуцца і імкнецца да яе. Святасць – гэта жыццё ў Божай ласцы, вольная ад граху свядомасць, дар Божы, праграма жыцця, радасць жыцця”. Іерарх таксама прыгадаў словы, якія часта казаў сваім хлопцам-выхаванцам св. Ян Боско: “Рабіце, што хочаце, можаце скакаць, можаце смяяцца і танцаваць і г.д., але не грашыце”. Таксама дакладчык падзяліўся думкамі пра тое, што трэба рабіць, каб дасягнуць святасці: “Трэба супрацоўнічаць з Богам, трэба спаўняць Божую волю, дзесяць Божых запаведзей, якія Ён дае”.
    Юбілейныя ўрачыстасці 25-годдзя прысутнасці і пастарскай працы салезіянскай супольнасці скончыліся св. Імшой. Да ўдзельнікаў прамовіў кс. Аляксандр Яшэўскі SDB, настаяцель салезіянскай супольнасці ў Смаргоні, які адзначыў: “Гэтай эўхарыстычнай ахвярай мы жадаем скончыць святкаванне нашай юбілейнай урачыстасці, каб, бласлаўлёныя Панам, падтрыманыя апекай Панны Марыі, з яшчэ большай руплівасцю мы маглі ісці наперад, служачы аддана Богу і людзям, а асабліва дзецям і моладзі”. Святар таксама папрасіў усіх прысутных маліцца аб Божым бласлаўленні на далейшыя гады жыцця і служэння салезіянскай супольнасці.
    Напрыканцы св. Імшы са словамі падзякі Пану Богу і ўсім прысутным ад імя ўсёй супольнасці і парафіян звярнуўся кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, пробашч парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, адзначыўшы, што гэтыя дні застануцца ў гісторыі і ў памяці народа.
    Са сваім заключным словам звярнуўся і сакратар Кангрэгацыі евангелізацыі народаў абп Савіо Хон Тай-Фай, які адзначыў, што найперш звяртаецца да маладых людзей і да дзяцей, якія прынялі ў гэтым годзе Першую святую Камунію: “Калі адчуеце голас Пана, які кліча стаць святаром, манахам ці салезіянскай сястрой, то мейце адвагу адказаць на гэты заклік Хрыста. Праз 25 год сярод вас будзе салезіянскі біскуп!”.
    Пасля св. Імшы абп Савіо Хон Тай-Фай асвяціў фігуру св. Яна Боско, убудаваную ў дом салезіянскай супольнасці, а таксама адкрыў і асвяціў памятную дошку, усталяваную з нагоды 25-гадовага юбілею.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.