ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

З малітвай праз жыццё

З жыцця Касцёла

Кс. бп Юзаф Станеўскі заахвочваў дзяцей далучыцца да Апосталаў і вучыцца быць добрымі хрысціянамі

Пад такім дэвізам у горадзе над Нёманам адбыўся VI Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. Гэтае свята, арганізаванае з думкай аб духоўным развіцці дзяцей, было напоўнена забавамі і стала для самых малодшых дыяцэзіян незабыўнай прыгодай і духоўным запрашэннем да бліжэйшых адносін з Езусам.
Арганізуючы сёлетні Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці, душпастары хацелі далучыць малодшых вернікаў да адзначэння Года малітвы, таму дэвізам сёлетняй сустрэчы былі словы “З малітвай праз жыццё”. У сустрэчы таксама прымалі ўдзел першакамунійныя дзеці, для якіх урачыстасць была своеасаблівай падзякай за дар Эўхарыстыі. Прысутнічала і Літургічная служба Алтара – міністранты, парафіяльныя музычныя гурты і хоры.
Усяго 2 чэрвеня ў парафіі Беззаганнага Зачацця НПМ у Гродне-Паўднёвым сабралася больш за паўтары тысячы дзяцей, якія прагнулі дзяліцца Божым словам і даваць добры прыклад сваёй веры. “Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці – гэта асаблівы час супольнага, радаснага перажывання першых дзён канікул з Панам Богам, – кажа кс. Юрый Марціновіч, арганізатар свята. – На ім хапала забавы, сюрпрызаў, добрага настрою, а самае важнае – малітвы. Час, праведзены ў коле равеснікаў, святароў і манаскіх сёстраў, дапамагаў дзецям узрастаць у веры і ўзмацняў духоўна, а супольная малітва дапамагла адкрыць сапраўдную прыгажосць шчырай размовы з Богам і пераканала ў тым, што Езус любіць сваіх дзяцей”.
    VI Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці распачаўся малітвай, якую ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Душпастар заахвочваў дзяцей часцей размаўляць з Богам, які заўсёды адкрыты і кожную хвіліну чувае над намі. Кс. бп Аляксандр таксама адзначыў, што шчырая малітва напаўняе сэрца верай і дабрынёй, а, накіроўваючыся з Езусам па жыцці, дзеці могуць адкрыць прыгажосць уласнай душы і навакольнага свету.
    Затым удзельнікі Дня дзіцяці ўключыліся ў цікавую гучную забаву: тут было дастаткова спеваў і танцаў, якія праводзілі аніматары з парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, а таксама тэатральных пастановак, у якіх малыя акторы паказалі, як важна быць добрымі ў сваім асяроддзі і акружэнні, выконваць Божыя запаведзі. Варта таксама адзначыць, што арганізатары поўнасцю паклапаціліся аб тым, каб кожнае дзіця знайшло штосьці цікавае для сябе: працавала творчая майстэрня, салон прыгажосці, дзе аніматары рабілі дзецям прыгожыя прычоскі, незвычайнай папулярнасцю ў маленькіх дыяцэзіян карыстаўся батут, а для прыхільнікаў спорту былі арганізаваны спаборніцтвы.
    Пасля добрай забавы дзеці вярнуліся ў святыню, дзе выслухалі канферэнцыю, падрыхтаваную кс. Валерыем Быкоўскім, духоўным айцом Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У сваім выступленні кс. Валерый казаў аб значэнні малітвы, якая патрэбна кожнаму чалавеку.
    “Бог прагне, каб мы разам з ім ішлі праз жыццё, каб мы паказалі іншым людзям, якое шчаслівае жыццё ў веры. Пан Бог звяртаецца да кожнага з нас праз малітву, тады мы чуем Яго ціхі голас у нашых сэрцах. Ён таксама чакае, калі кожны з вас адкажа на пытанне: «Ці хочаш, каб Я быў разам з табой, каб Я штодзённа спадарожнічаў табе: калі ты вучышся, гуляеш?». Калі хочаш, даверся Езусу і запрасі Яго ў сваё жыццё, – казаў кс. Валерый. – У малітве мы глыбей пазнаём Бога, але важна, каб мы не толькі прасілі, але і дзякавалі за атрыманыя ласкі, праслаўлялі”, – падкрэсліў душпастар.
    Кульмінацыйным момантам свята стала ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліў кс. бп Юзаф Станеўскі. У сваім казанні душпастар прыгадаў словы: “Дазвольце дзецям прыходзіць да мяне” (Мк 10, 14), якія некалі сказаў Пан Езус Апосталам.
    “Гэта было цудоўнае запрашэнне, якое сведчыць аб тым, што Пан Езус любіць дзяцей і хоча, каб яны былі побач з Ім, – распавядаў кс. бп Юзаф. – Дарагія дзеці! Гэта вялікая ласка, але адначасова і вялікае заданне, таму што для таго, каб Пан Езус змог у нас пасяліцца, мы павінны старацца, каб нашае сэрца заўсёды было адкрыта для Яго. Глядзіце на свет вачыма веры, мейце добрае сэрца, ніколі не рабіце нічога дрэннага. Гэта часам складана, але трэба памятаць, што Езус любіць Вас і чакае, што і вы будзеце любіць Яго з усіх сіл”.
    Іерарх таксама адзначыў, што дзецям часам можа нечага не хапаць, яны могуць чагосьці не мець, але найважнейшае тое, каб яны ведалі і адчувалі, што іх любяць, што ў святыні Бог і руплівыя душпастары чакаюць іх з клопатам і распасцёртымі абдымкамі, што тут іх дом.
    Кс. бп Юзаф таксама заахвоціў дзяцей маліцца падчас св. Імшы за сваіх сяброў і сябровак, не забыцца аб хворых, бедных і галодных дзецях, а таксама папрасіць ласкаў для ўсіх, хто арганізаваў Дзень дзіцяці, даючы столькі радасці і цеплыні.
    Заканчэнне VI Дыяцэ­зіяльнага дня дзіцяці адбылося ў карнавальным стылі. Дзеці надзелі прыгожыя каляровыя маскі, якія зрабілі сваімі рукамі, а арганізатары вынеслі на сцэну вялізны святочны торт; гэтаму спадарожнічалі феерверкі і гучныя авацыі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.