ГРОДНА
Нядзеля,
06 кастрычніка
2024 года
 

Сужэнства – саюз мужчыны і жанчыны

На шляху да святасці

Перш чым мы пачнём размаўляць аб сужэнстве і сям’і, давайце паставім канкрэтныя пытанні. Навошта жыве чалавек? Які сэнс яго існавання ў свеце, калі ён і так павінен памерці?
Чалавек жыве не для таго, каб паміраць, але для таго, каб быць святым і мець вечнае шчасце ў небе. Святасці можна дасягнуць праз малітву і выкарыстанне сакраментальных ласкаў, аб якіх трэба прасіць і якіх трэба дабівацца. Сакраментальная ласка з’яўляецца вельмі канкрэтнай, хоць і нябачнай, дапамогай у дарозе да збаўлення. Важным элементам узрастання і сталасці чалавека з’яўляецца пакорнае прызнанне таго, што ён не ўсяго можа дасягнуць уласнымі сіламі.
    Заключаючы сужэнства, чалавек бярэ на сябе дадатковы абавязак клапаціцца пра збаўленне сужэнца, а ў будучым і дзяцей. Дзякуючы мужу, жонка павінна станавіцца ўсё лепшай, набліжаючыся да святасці, і наадварот: муж, дзякуючы жонцы. Усякае нараканне на сужэнца, што стаў горшым, чым быў у дзень шлюбу, – гэта, па сутнасці, абвінавачванне сябе ў невыкананні задання ўзаемнай падтрымкі адзін аднаго ў дарозе да святасці.
Бог не пакідае сужэнцаў без дапамогі і патрэбных ласкаў. Так муж і жонка з’яўляюцца дарамі ад самога Бога для ўзаемаасвячэння. Часам мы можам здзіўляцца, чаму гэты Божы дар настолькі цяжкі. Аднак цяжкасці, а хутчэй іх пераадольванне – гэта абавязковы элемент як узрастання асобнага чалавека, так і будавання міжчалавечых сувязей. Езус Хрыстус устанавіў сакрамант сужэнства як крыніцу надзвычайных сіл і сродкаў да выканання складаных заданняў.
    Адным з гэтых заданняў з’яўляецца заданне баць­коўства. Бацькоўства чалавека з’яўляецца цудам і вялікім дарам. Яно павінна быць адказным і напоўненым любоўю. Важным момантам у гэтым заданні з’яўляецца рашэнне аб зачацці дзіцяці, а пазней выхаванне дзяцей да любові. Фундаментальная справа – сведчанне прыгожай, вернай любові на ўсё жыццё, а таксама спакойнай, годнай смерці. Гэтае заданне сужэнцы бяруць на сябе ў дзень шлюбу. Яны абяцаюць гэта, заключаючы сакраментальны саюз у Касцёле.
    Каб выхоўваць дзяцей да святасці і ўзаемна асвячацца, сям’я павінна жыць па-боску. Цяжка падаць дакладны “рэцэпт” правільнага сямейнага жыцця. Там павінны быць наступныя элементы: удзел у св. Імшы ў кожную нядзелю і ў абавязковыя святы, частая споведзь і св. Камунія, а таксама штодзённая малітва. Гэта неабходны мінімум, таму што для каталіцкай сям’і важнымі з’яўляюцца супольныя практыкі. Нядзельная св. Імша можа стаць штотыднёвым рытуалам, дапоўненым, напрыклад, прагулкай і спецыяльным нядзельным абедам. Таксама вельмі станоўчым для сям’і з’яўляецца супольны сакрамант пакаяння, напрыклад, у першую пятніцу месяца. Бацька, які стаіць на каленях каля кратак канфесіянала, – гэта бясцэнны прыклад для дзяцей у кантэксце будавання яго аўтарытэту.
    На жаль, усё больш людзей падыходзяць да сакраманту сужэнства вельмі легкадумна, нібы не ўсведамляючы таго, што яны абяцаюць адзін аднаму і Богу. Вынікі ж такога падыходу вельмі балючыя, у даслоўным значэнні гэтага слова. Адсоўваючы Бога і вышэйшыя каштоўнасці ўбок, практычна кожнае сужэнства прыходзіць да думкі, што існуючыя праблемы можна вырашыць толькі разводам. На жаль, менавіта так і адбываецца ва ўсё больш бязбожным і пазбаўленым усякіх вышэйшых каштоўнасцей свеце. Калі галоўным матывам учынкаў становіцца часовая прыемнасць, то цяжка разлічваць на трываласць нейкага саюзу.
    Выкананне сужэнскай клятвы, якую даюць адзін аднаму мужчына і жанчына пры алтары, можна назваць рэцэптам шчаслівага сужэнства. Не выклікае сумненняў тое, што кожная пара, якая поўнасцю выконвала б словы сужэнскай клятвы, была б вельмі шчаслівай. Муж і жонка павінны дапа­магаць адзін аднаму ў паглыбленні радасці, якая вынікае з адрозненняў паміж імі, а таксама мудра, у залежнасці ад талентаў і магчымасцей, раздзяляць ролі і заданні, якія яны павінны выконваць у сям’і, асабліва праз зразуменне сутнасці паклікання да мацярынства і бацькоўства. Неабходна таксама ўзаемападтрымка ва ўзаемаразвіцці, дзякуючы чаму стане магчымым штораз лепшае выкананне натуральных для кожнага полу заданняў.
    Найважнейшай падтрымкай, якую павінны аказаць адзін аднаму сужэнцы, з’яўляецца, аднак, пастаяннае ўмацаванне адзін аднаго ў здаровым пачуцці асабістай вартасці. Нішто так не мабілізуе жанчыну да намаганняў і працы над сабой, як захапленне ў вачах мужа яе прыгажосцю і дабрынёй. Аналагічна мужчына: калі ім шчыра захапляецца яго жонка, ён гатовы для яе і для сям’і на найбольшыя ахвяры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  87

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.