ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Кс. Чэслаў Паўлюкевіч: рэкалекцыі ў Росі – гэта аднаўленне аблічча гэтай зямлі

З жыцця Касцёла

А. Джон Башабора з Уганды7–8 чэрвеня ў Рось на штогадовыя рэкалекцыі прыедзе а. Башабора. Аб духоўных практыкаваннях у Росі, прыездзе а. Башаборы і аб досведзе сустрэчы жывога Бога з кусташам санктуарыя Езуса Журботнага ў Росі кс. Чэславам Паўлюкевічам размаўляе кс. Павел Салабуда.
– Ксёндз Чэслаў, як з’явілася ідэя правядзення рэкалекцый у Росі летам?
    – Ужо з пачатку майго душпастарства ў Росі, з 1999 года, я сустрэўся з многімі пілігрымамі, якія прыбывалі сюды, у санктуарый Езуса Журботнага, каб знайсці вырашэнне праблем, якія знішчаюць іх жыццё, іх шчасце. Я заўважыў, што шмат памылак і няправільнасцей здзяйсняюцца толькі з-за недахопу ведаў аб тым, якім чынам трэба дзейнічаць. Адпаведнае жыццё – гэта жыццё, згоднае з воляй і навучаннем Бога. Адной з форм навучання і абвяшчэння Евангелля з’яўляюцца рэкалекцыі. У сувязі з тым, што касцёл у Росі не атапліваўся, у Адвэнце ці падчас Вялікага посту не ўдалося б вытрымаць цэлы дзень, слухаючы канферэнцыі, таму прыйшла думка арганізаваць такія духоўныя рэкалекцыі ў адпаведны для гэтага час – летам. З 2011 года, калі колькасць удзельнікаў рэкалекцый узрасла да некалькіх тысяч, мы пачалі праводзіць рэкалекцыі на вуліцы, на прыкасцёльным участку.

    – Гэта нетрадыцыйныя для нашых зямель рэкалекцыі: яны праходзяць летам і маюць спецыяльнага госця. Якая мэта гэтых духоўных практыкаванняў?
    – Я, можа, не зусім згаджуся з тым, што гэта нетрадыцыйныя для нашых зямель рэкалекцыі. У рукапісах святароў, якія працавалі ў Росі ў папярэдніх стагоддзях, пазначана, што на ўрачыстасць Спаслання Святога Духа тут збіралася некалькі тысяч пілігрымаў з ваколіц, якія заставаліся на другі дзень свят. Старэйшыя парафіяне сведчаць, што ў іх тады начавала па 20-30 чалавек у кожным двары, спалі ў дамах, гумнах. Як цяпер, так і тады, усе не маглі змясціцца ў святыні, а мікрафонаў тады не было, таму амбон ставіўся на вуліцы, і тады адзін святар прамаўляў казанне з амбона ў касцёле, а другі навучаў на вуліцы. Таму гэта, хутчэй, толькі вяртанне да традыцыі, якая на некаторы час была “прыглушана” ў атэістычныя часы. Тады таксама запрашалі (гэта вынікае з гістарычных нататак) “спецыяльных гасцей”. Можа, толькі адлегласці да гэтых гасцей сталі трохі большымі.
    Мэта нашых рэкалекцый, як і кожных іншых, – аднаўленне чалавека. Нанова стаць у Праўдзе, каб Праўда нас вызваліла. Для некаторых гэта адшуканне дзвярэй, якія блакіруюць дзейнасць Божай ласкі, а таксама ключа, каб адчыніць гэтыя дзверы. Для іншых – узрастанне ў ласцы, калі перажыванне адновы ўзмацняе нас на дарогу святасці, каб ісці і прыносіць плён.
   
    – Спецыяльны госць – а. Джон Башабора. Што гэта за чалавек? І чаму менавіта ён?
    – А. Джон – просты святар з Уганды, які мае жывую веру ў тое, што Пан Езус сёння той самы, што і 2000 гадоў таму, што Ён выцягвае руку кожнаму, каб падняць, суцешыць вылечыць, вызваліць, умацаваць і асвяціць яго. А. Джон звязаны з каталіцкім Рухам аднаўлення ў Святым Духу, з якім ён пазнаёміўся падчас тэалагічнага навучання ў Рыме, у Папскім грыгарыянскім універсітэце. На сённяшні дзень ён з’яўляецца каардынатарам Каталіцкага харызматычнага аднаўлення ў роднай архідыяцэзіі, а таксама членам Нацыянальнага таварыства малітвы заступніцтва. А. Джон заснаваў у сваёй архідыяцэзіі дзве пачатковыя школы, дзве сярэднія, а таксама два дзіцячыя дамы, у якіх апекуюцца над каля шасцю тысячамі сірот. У большасці гэта сіроты, бацькі якіх загінулі падчас вайны ці памерлі ад СНІДу, але ёсць і дзеці, якіх кінулі іх мамы, а нават і немаўляты, знойдзеныя на сметніках. А. Джон прысвячае гэтым дзецям шмат сіл і часу. Ужо на працягу многіх гадоў дзейнічае спецыяльны фонд “Сэрца да Сэрца”, каб дапамагчы ва ўтрыманні гэтых тысяч сірот.
   
    – Хто можа прымаць удзел у рэка­лекцыях? І аб чым, у першую чаргу, павінны памятаць удзельнікі?
    – Прымаць удзел можа кожны, хто прагне аднаўлення, хто прагне ўзрастаць духоўна, слухаць Божае слова, маліцца. Безумоўна, ёсць і тыя, хто прыязджае “палячыцца” і ходзіць па пятах, молячы аб магчымасці трапіць да “спецыяльнага госця” на “прыём” ці на “сеанс”. Падчас першых рэкалекцый мяне як арганізатара гэта вельмі нарвавала. На наступных рэкалекцыях я зноў бачыў сярод удзельнікаў гэтых “назойлівых”, але яны ўжо паводзілі сябе інакш: яны пачалі даваць сведчанні, што прыехалі “палячыцца”, а дасведчылі жывога і сапраўднага Бога ў Яго Слове, у Эўхарыстыі і ў Яго дзеяннях.
   
    – Колькі ўдзельнікаў Вы чакаеце ў гэтым годзе, і якія да іх патрабаванні?
    – Як і кожны год, мы чакаем 2-3 тысячы чалавек. Патрабаванне толькі адно – прысутнасць. Але папярэдне трэба зарэгістравацца на інтэрнэт-старонцы grodnensis.by ці, у выключных выпадках, па тэлефоне.
   
    – Падобныя рэкалекцыі ў Росі адбываюцца з 2003 года. Ці прыкмячаеце Вы іх плён, і які ён?
    – Гэта ў першую чаргу плён перамянення жыцця. Агульна кажучы, ажыўленне духоўнага жыцця, веры. Вельмі шмат такіх сведчанняў, гэтаму спадарожнічае шмат фізічных і эмацыйных аздараўленняў, вызваленняў. І тое, што з’яўляецца найважнейшым для чалавека – аздараўленне адносін з Богам праз добрую і плённую споведзь.
   
    – Ксёндз Чэслаў, што, на Вашу думку, будзе плёнам сёлетніх рэкалекцый?
    – У гэтым годзе нас напаткала асаблівая ласка, бо адзіным вольным тэрмінам у а. Джона Башаборы ў вяснова-летне-восеньскі перыяд аказаліся толькі два дні – 7 і 8 чэрвеня. І нават да сённяшняга дня ён не ведае, што ўрачыстасць Спаслання Святога Духа – гэта асаблівы дзень у нашай парафіі, дзе на працягу чатырох стагоддзяў многія адчулі дзейнасць Божай ласкі. Мы давяраемся і верым, што і ў гэтым годзе Святы Дух прынясе мноства дароў, якія дадуць плён у жыцці людзей.
   
    – Ці вядома ўжо тэма рэка­лекцый?
    – Над выбарам тэмы сёлетніх рэкалекцый нават не прыйшлося задумвацца. Спалучэнне падзей і тэрміну правядзення духоўных практыкаванняў прыводзіць да прыняцця выказвання, а правільней закліку, малітвы св. Яна Паўла II напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Святога Духа 2 чэрвеня 1979 года падчас яго першай пілігрымкі на Бацькаўшчыну: “Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі!”.
   
    – Якая, на Вашу думку, найважнейшая “бяда” сучаснага грамадства?
    – Калі “бяду” разумець як нястачу, беднасць, то мне падаецца, што гэта недахоп досведу ЖЫВОГА БОГА. Чалавек прагне знайсці жыццё, здароўе, шчасце, выхад са складанай сітуацыі, дарогу свайго паклікання, праўду. І так бывае, што часта ён хоча знайсці гэта ў “дзіравых цыстэрнах”, як прыгадаў а. Джэймс два гады таму. Адзінай і сапраўднай крыніцай з’яўляецца Езус. Ён сам пра сябе кажа: “Я – Дарога, Праўда і Жыццё”. А таму “абагачэннем” грамадства з’яўляецца вяртанне да Езуса. І хвала Богу, што менавіта цяпер у нашым грамадстве гэта адбываецца.
   
    – Дзякуй за размову!
   
   
Рэкалекцыі ў Росі
    7–8 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы адбудуцца традыцыйныя летнія рэкалекцыі. На гэты раз спецыяльным госцем будзе а. Джон Башабора з Уганды.
    Для ўдзелу ў рэкалекцыях неабходна прайсці папярэднюю рэгістрацыю праз інтэрнэт на старонцы grodnensis.by. Тыя, хто не маюць магчымасці зарэгістравацца праз інтэрнэт, могуць тэлефанаваць на нумар (029) 935-64-04 з 10.00 да 15.00 і з 19.00 да 21.00 (з 12 мая).
    Рэкалекцыі распачнуцца ў суботу 7 чэрвеня а 9-й гадзіне і скончацца на наступны дзень св. Імшой у 12.00. У гэты ж дзень, 8 чэрвеня, у парафіі Святой Сям’і ў Лідзе а. Джон адправіць св. Імшу, пасля якой адбудзецца адарацыя з малітвай аб ацаленні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.