ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Моладзь прагне ісці за Хрыстом

З жыцця Касцёла

“Убогія духам любяць Бога! Любоў да Бога бароніць нас ад злога. У Хрыста бласлаўленні – шчасце і збаўленне, разам з Ім знойдземся ў небе!”. Такія словы гучалі з вуснаў 1200 маладых вернікаў, якія прыбылі на ХХІ Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. На працягу трох дзён маладзёны прымалі ўдзел у духоўных разважаннях, супольна маліліся, адаравалі Найсвяцейшы Сакрамант, а таксама праслаўлялі Бога сваім спевам.
Моладзь, якая прыбыла ў гэтым годзе на сустрэчу ў гродзенскую парафію Божай Міласэрнасці (Вішнявец), мела ўнікальную магчымасць даведацца і паразважаць на тэму найважнейшых каштоўнасцей у жыцці кожнага чалавека – нематэрыяльных. Багаццем сустрэчы, безумоўна, было таксама тое, што яна дала магчымасць маладым вернікам з розных куткоў дыяцэзіі сабрацца разам і бліжэй пазнаць навуку Хрыста, а праз яе і саміх сябе.
    Як падкрэслівалі самі ўдзельнікі Дзён моладзі, падчас сустрэчы ў Гродне яны ўбачылі сапраўдную каталіцкую супольнасць, упэўніліся ў тым, што для веры няма бар’ераў, яна яднае мноства людзей, якія прагнуць ісці за Хрыстом.
Дэвізам сёлетніх Дзён моладзі былі словы: “Убогія духам маюць доступ да неба”. Як адзначыў арганізатар мерапрыемства кс. Антоні Грэмза, душпастар моладзі, у сучасным свеце многія задавольваюцца ў сваім жыцці выключна зямнымі раскошамі і прыемнымі рэчамі, таму трэба прыкладаць шмат намаганняў да таго, каб паказаць, што на першым месцы для маладога чалавека павінны быць багацце духоўнае, чалавечае, хрысціянскае. “Важна, каб моладзь не згубіла добрыя арыенціры на ўбоства духам, каб магла адрозніваць добрае ад злога, знаходзіць тое, што будзе прыносіць духоўную радасць і збаўленне”, – падкрэсліў кс. Антоні.
   Сёлетнія Дні моладзі распачаліся адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і малітвай, кульмінацыйным момантам стала святая Імша з удзелам кс. б-па Юзафа Станеўскага. УАбп. Клаўдыа Гуджэроці разам з каталіцкай моладдзю з Афрыкі сваім казанні іерарх адзначыў, што маладым вернікам не варта саромецца казаць, што яны з’яўляюцца сведкамі Хрыста на гэтай зямлі, сведкамі Яго жыцця, уваскрасення і ласкі. “Вазьміце за руку вашых сяброў, хлопцаў і дзяўчат, і скажыце: «Хадзем, я пакажу табе дарогу!», даючы прыклад сваім жыццём, сваімі паводзінамі, і тады яны ўбачаць у нас Езуса, мы станем для іх аўтэнтычнымі сведкамі веры”, – заахвочваў кс. бп Юзаф.
    Пасля адбыўся канцэрт гурта “Да неба” з Воранава: пад гукі рэлігійных песень моладзь бавілася да позняга вечара, праслаўляючы Пана.
    Другі дзень сустрэчы моладзі распачаўся катэхезай, падчас якой удзельнікі разважалі над тэмай “Святыя нашай зямлі атрымалі доступ да неба”. Гаворка вялася аб бл. кс. Генрыху Глябовічу, св. Ядвізе, св. Максімільяне Кольбэ, св. Казіміры, бл. кс. Міхале Сапоцьку, бл. сястры Цэліне Бажэнцкай, бл. сёстрах назарэтанках – асобах, якія сваім жыццём далі прыклад сапраўднай шчырай веры і вернасці Богу. Святары тлумачылі маладым вернікам, у чым святыя Гродзенскай зямлі праявілі ўбоства духам і заахвочвалі пераймаць гэты добры прыклад веры, прастаты і даверу да Хрыста.
    Пасля катэхезы моладзь радасна вітала Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці, які прыбыў у Гродна дзеля таго, каб прывітаць удзельнікаў ХХI Дзён моладзі. Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што вельмі цешыцца з таго, што можа маліцца разам з прыгожай пабожнай моладдзю Гродзенскай дыяцэзіі. “Дзякую за вашу прысутнасць! Я ўпэўнены, што святы Ян Павел II, які вельмі любіў моладзь, зараз цешыцца ў небе, гледзячы на вас”, – казаў арцыбіскуп. Іерарх таксама падкрэсліў, што Дні моладзі – гэта сведчанне таго, што хлопцы і дзяўчаты Гродзенскай дыяцэзіі не саромеюцца сваёй каталіцкай веры і Хрыста, а песні, супольная малітва і сцягі ў руках маладых вернікаў – гэта знак адвагі, знак таго, што па сцяжынах свайго жыцця яны ідуць разам з Богам.
    Затым Апостальскі нунцый узначаліў св. Імшу. Напрыканцы набажэнства моладзь радасна скандавала: “Беларусь чакае Папу!”, перадаючы такім чынам прывітанне Святому Айцу.
    Пасля супольнай малітвы адбыліся прэзентацыі парафіяльных груп. У сваіх песнях, танцах ды міні-тэатральных пастаноўках моладзь імкнулася паказаць, што зараз яны знаходзяцца на мяжы прыняцця вельмі важных асабістых рашэнняў і жыццёвых выбараў, ад якіх залежыць далейшае жыццё, таму трэба даверыць сябе Хрысту, паклапаціцца аб аднаўленні сваёй веры. Апрача беларускай моладзі падчас прэзентацый на сцэне з’явіліся таксама вернікі-студэнты з Афрыкі. Яны спявалі песні, якімі традыцыйна ўпрыгожваюць набажэнства на іх Радзіме.
    Перад прысутнымі выступілі таксама Арцём Ткачук і Марта Бэкіш, якія ў якасці свецкіх місіянераў восенню збіраюцца паехаць у Камерун. Маладыя людзі не толькі распавялі аб сваіх планах, але звярнуліся да прысутных з такімі словамі: “Самае важнае – дзяліцца Хрыстом у жыцці. Калі пачынаеш ставіць на першае месца свой матэрыяльны дабрабыт, то Бог адыходзіць на другі план. Важна не баяцца паставіць Госпада перад усімі матэрыяльнымі рэчамі, аддаца Хрысту, і тады і ў жыцці, і на працы, і ў сям’і ўсё будзе атрымлівацца”.
    У другой палове дня моладзь прыняла ўдзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту і прыступіла да сакраманту пакаяння. Затым адбыўся прыгожы і сімвалічны абрад бласлаўлення “сейбітаў Божага Валадарства”. Маладыя вернікі склалі абяцанні “сеяць Божае слова” і чакаць, пакуль яно “ўзрасце” ў людскіх сэрцах. Прыгожым і эмацыйным заканчэннем другога дня сустрэчы моладзі стаў канцэрт семінарыйнага гурта “AVE”.
    18 мая ХХI Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі падышлі да свайго завяршэння. На ўрачыстай Імшы з удзелам кс. б-па Аляксандра Кашкевіча сабралася моладзь, а таксама вернікі парафіі Божай Міласэрнасці. У сваёй гаміліі пастыр адзначыў, што вельмі часта мы адчуваем сябе разгубленымі, бездапаможнымі перад жыццёвымі драмамі, мы бачым, як шмат людзей, у тым ліку і маладых, пагружаецца ў безнадзейнасць, губляе веру, але дарога, на якую нас кліча Хрыстос, вядзе праз Кальварыю, і не заканчваецца там. “Гэта не дарога ў нікуды, гэта дарога ў дом Айца. Калі мы ўсвядомім гэта, нам будзе лягчэй паверыць, што нягоды, боль і пакуты – усё мае свой сэнс, з’яўляецца дарам Божага Провіду, які вядзе нас так, каб мы дасягнулі мэты – вечнага жыцця ў доме любячага Айца”, – падкрэсліў іерарх.
    Пасля адбыўся канцэрт гурта “Рыбы”, і моладзь, якая адкрыла дзверы свайго сэрца Богу, раз’ехалася па сваіх парафіях. Застаецца спадзявацца, што, напоўненыя энергіяй і моцныя духам, гэтыя маладыя людзі ў сваім асяроддзі і на жыццёвым шляху далей будуць рэалізаваць добра вядомыя словы: “Не бойся, выплыві на глыбіню, Хрыстос з табой!”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.