ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Ці сапраўды Бог выконвае просьбы?

Дзіцячы куточак

Міхась сядзеў за сталом і напружана думаў. Святар на ўроку рэлігіі сказаў, што ў Бібліі апісаны гісторыі і падзеі, якія сапраўды мелі месца, і ўсё напісанае ў ёй мае сілу і сёння.
    І вось Міхась адкрыў Біблію на той старонцы, дзе было напісана, што Бог дае тое, аб чым Яго просяць, калі тое, што просіш, адпавядае Яго волі. Бог абяцаў гэта. Міхась вырашыў адразу праверыць, ці сапраўды Бог выконвае просьбы. Хлопчык успомніў, што яму ўжо даўно хацелася мець новенькі прыгожы веласіпед. Цікава, ці дасць Бог яму такі веласіпед, калі Яго аб гэтым папрасіць? Але Міхась тут жа ўспомніў яшчэ і іншыя словы святара пра тое, што Бог – не Дзед Мароз і не супермаркет. Міхась не быў упэўнены ў тым, што Бог хоча, каб хлопчык адразу атрымаў веласіпед.
Тут Міхась успомніў пра іншую праблему, больш складаную і важную. Не, гэтага ён таксама не мог прасіць у Бога. “У гэтым мне Бог таксама не ў сілах дапамагчы, нават калі Ён абяцаў, хоць гэта было б так выдатна!” – думаў Міхась. Ён успомніў пра Міколку. Год назад Мікола быў яго лепшым сябрам. Яны разам хадзілі на ўрокі рэлігіі, разам гулялі ў футбол. А потым так моцна пасварыліся, што Мікола з тых часоў больш не размаўляе з Міхасём. І на ўрокі рэлігіі Мікола таксама больш не прыходзіць, бо нават бачыць Міхася не жадае. Так, акалічнасці былі настолькі складанымі, што Бог у гэтым выпадку ніяк не зможа дапамагчы, нават нягледзячы на тое, што абяцаў. Гэтая просьба была ўжо занадта складанай, каб выканаць яе. Вядома. Бог таксама жадае, каб Мікола зноў хадзіў на ўрокі рэлігіі. Але Ён не зможа гэтага зрабіць, і таму Міхась нават не стаў маліцца за гэта.
    Аднак гэтыя думкі ўвесь тыдзень суправаджалі хлопчыка. А калі ўсё-такі паспрабаваць, калі ўсё-такі папрасіць у Бога, каб Мікола зноў пачаў хадзіць на ўрокі рэлігіі і каб нарэшце спынілася гэта жудасная гульня ў маўчанку. Нарэшце Міхась не вытрымаў. Ён пайшоў у свой пакой і папрасіў у Бога дапамогі, хоць і не верыў, што Бог зможа вырашыць гэтую праблему.
    На наступны дзень Міхась сустрэў Міколу ў супермаркеце. Уявіце сабе, абодва хлопчыкі адначасова ўвайшлі ў ліфт. Яны не размаўлялі адзін з адным і нават не глядзелі адзін на аднаго. Мікола націснуў кнопку пятага паверха. Рэзкі штуршок – і ліфт крануўся з месца. Міхась са здзіўленнем заўважыў, што яны вельмі павольна паднімаліся ўгару, намнога павольней, чым звычайна. А праз імгненне ліфт ужо рухаўся рыўкамі, выдаючы жудасны шум і трэск. Затым яшчэ адзін штуршок угару, і ліфт са страшным скрыпам паехаў уніз і спыніўся. Загарэлася лямпачка паміж чацвёртым і пятым паверхамі. Міхась і Мікола ўсё яшчэ маўчалі. Абодвум было трошкі страшна і хацелася пагаварыць, бо калі размаўляеш, страх не такі моцны. Акрамя таго, можна было б параіцца, што рабіць, а так... абодва стаялі не рухаючыся і глядзелі на зачыненыя дзверы.
    Нарэшце Мікола падышоў да дзвярэй, націснуў чырвоную кнопку і паспрабаваў адцягнуць дзверы, прасунуўшы руку ў шчыліну. І сапраўды, дзверы паддаліся. Калі Мікола з сілай пацягнуў яшчэ раз, дзверы адчыніліся. Але як вы, напэўна, здагадаліся, гэта яшчэ не было вырашэннем праблемы. Наадварот, стала нават страшней, бо зараз яны ўбачылі шахту ліфта. Мікола, паглядзеўшы ўніз, убачыў пад сабой усе чатыры з паловай паверхі. Карціна была сапраўды жудасная, бо ліфт мог раптам паляцець уніз.
   
    Мікола, пабялеўшы ад страху, адышоў у другі кут. Маўчанне. Міхасю вельмі хацелася пагаварыць з Міколай, але ён не вырашаўся. Сапраўды, нялёгка стаяць побач у цесным памяшканні, адчуваць страх і не глядзець адзін на аднаго. Таму Мікола час ад часу стаў паглядаць на Міхася. Міхась таксама паглядаў на Міколу. Нарэшце Міхась не вытрымаў:
    – Няўжо тут няма аварыйнай кнопкі?
    Мікола пакруціў галавой.
    – Ты ўсё яшчэ злуешся на мяне? – працягваў Міхась.
    Мікола не адказаў. Але хвіліны праз тры, якія здаліся абодвум трыма гадзінамі, ён спытаў:
    – Ты ўсё яшчэ ходзіш на ўрокі рэлігіі?
    – Так, – адказаў Міхась.
    Было відаць, што Мікола хацеў прадоўжыць гутарку. Год назад ён пакляўся Міхасю, што больш не будзе з ім размаўляць. Шчыра кажучы, ён не мог цяпер нават успомніць, чаму яны тады пасварыліся. Ён памятаў толькі, што Міхась назваў яго лапухом. Злосць ужо даўно прайшла, і толькі звычка не дазваляла Міколе размаўляць са сваім сябрам.
    Ліфт раптам тузануўся і паляцеў уніз. Ён так рэзка спыніўся, што абодва хлопчыка зваліліся. Міхась стаяў так блізка да дзвярнога праёма, што, калі ліфт абваліўся, хлопчык упаў, а яго нага трапіла ў прастору паміж ліфтам і сцяной. Усё адбылося так хутка, што ён нават міргнуць не паспеў. Ён спрабаваў выцягнуць нагу, але яе заціснула. Ён адчуў жудасны боль. Нечакана Мікола прысеў побач з Міхасём і пачаў асцярожна вызваляць яго нагу.
    – Скажы, калі будзе балюча, – папярэдзіў ён.
    Міхась кіўнуў галавой, сашчыміўшы зубы. Мікола вызваліў нагу Міхася. “Калі ліфт цяпер ізноў паляціць уніз, то Міколе канец”, – з жахам падумаў Міхась. Але ўжо праз некалькі хвілін хлопчыкі сядзелі каля іншай сцяны і размаўлялі адзін з адным.
    – Паслухай, Міколка, мне вельмі сорамна за тое, што я табе тады нагаварыў.
    – Нічога, – сказаў Мікола. – Я таксама, напэўна, быў вінаваты. Як нага? Вельмі баліць?
    Міхась паспрабаваў усміх­нуцца, але гэта ў яго не атрымалася, таму што кожны рух нагой, быў вельмі балючым. У гэты момант ліфт ізноў тузануўся, і плаўна спусціўся да першага паверха. Там стаялі дырэктар супермаркета і натоўп цікаўных пакупнікоў, якія са здзіўленнем глядзелі на хлопчыкаў. Прыехала машына хуткай дапамогі і забрала Міхася ў бальніцу. Міколе дазволілі паехаць разам з ім. Доктар сказала, што ў Міхася расцяжэнне і ўдар нагі, але гэта не страшна.
    Праз тыдзень Міхась зноў, задумаўшыся, сядзеў за сталом. Яшчэ зусім нядаўна Міколка не размаўляў з ім, а сёння ён разам з ім быў на ўроку рэлігіі, а вечарам абяцаў прыйсці да яго, каб разам зрабіць хатняе заданне.
    Міхасю было сорамна ўспамінаць аб тым, як ён не верыў, што Бог у сілах вырашыць яго праблему, што яны абодва ізноў стануць сябрамі, што Мікола зноў будзе хадзіць на ўрокі рэлігіі.
    – Прабач мяне, Пане Езу, – ціха прамовіў Міхась, цяпер я ведаю, што Ты ніколі не пакідаеш мяне без дапамогі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.