ГРОДНА
Панядзелак,
07 кастрычніка
2024 года
 

Падзяліцца добрым словам

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Пачну з радаснай весткі. Вельмі прыемна, што пачынаюць прыходзіць Вашыя водгукі. Віталій Валюк з Гродна даслаў ліст са сваімі думкамі. Нагадваю, што прадметам разважанняў у мінулым месяцы было пытанне, ці кіруюць намі стэрэатыпы, як мы ставімся да сябе і ці змяняецца з часам наша стаўленне да нечага. Прапаную Вашай увазе роздум нашага чытача.
    Аб стаўленні да сябе: “Як я да сябе стаўлюся? З пункту гледжання веры, – як да дзіцяці Божага. Я разумею і прымаю, што я слабы, што маю патрэбу ў пастаянным развіцці, прыкладзе з боку грамадства”.
    Аб стэрэатыпах: “Прытрымліваючыся стэрэатыпаў у жыцці, трэба разумець, што прымяняць іх да ўсяго грамадства нельга. Робячы высновы на падставе стэрэатыпаў у адносінах да асобнага чалавека, варта задумацца: гэта маё меркаванне ці меркаванне грамадства, якое можа памыляцца?”.

    Аб стаўленні да жыцця: “За апошні час змянілася перш за ўсё маё стаўленне да жыцця. Раней я ставіўся да яго без належнай павагі, не звяртаў увагі на каштоўнасць жыцця, заўважаў, у асноўным, толькі сябе. Цяпер стараюся прымаць у жыцці волю Бога, шанаваць і паважаць працу іншага чалавека, хоць гэта і не заўсёды атрымліваецца. Жыццё – гэта дар Бога, таму павага да чалавечага жыцця, я лічу, павінна прыраўнівацца да павагі да Бога”.
    За цікавыя думкі і смеласць выступіць на старонцы моладзевай рубрыкі Віталій Валюк атрымлівае ў падарунак кнігу месяца, аб якой раскажу ў гэтым нумары, і кубачак для гарбаты. Віталік, дзякуй Табе за выступленне на моладзевай пляцоўцы. Няхай белы колер кубка нагадвае Табе аб тым, што ўсё яшчэ наперадзе. Чакай бандэроль!
    Паважаныя Чытачы, запрашаю да роздуму на старонках газеты. Як і Віталія з Гродна, Вас чакаюць разнастайныя прызы.
   З Богам.
   
  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова” (Ян 1, 1).

   У першых радках Пралога Евангелля паводле св. Яна напісана аб вечнасці Слова і аб тым, што Слова – гэта сапраўдны Бог. У Слове знаходзяцца і вытокі жыцця, і спасціжэнне мудрасці і веры. Разважаем у гэтым месяцы аб вечнасці Слова і аб Ім як першакрыніцы.
   
   ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:каб сродкі масавай інфармацыі былі інструментамі на службе праўдзе і свету

    Сусветная інтэнцыя на месяц май супадае з прафесійным святам журналістаў у Беларусі. 5 мая ў краіне адзначаецца Дзень друку. Важна, каб людзі, якія працуюць са словам, усведамлялі адказнасць сваёй працы, з розумам ставіліся да ўлады праз СМІ. Папа Францішак прапануе памаліцца аб гэтым у бягучым месяцы.  
        
   ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:слова

   Мы заўсёды і паўсюль ім карыстаемся. Праз слова мы адкрываем для сябе свет, наладжваем кантакт з наваколлем. Ад выбранага слова залежыць настрой, узровень шчырасці, пагрэшнасць праўды. Слова мае вялікую моц: яно можа дапамагчы, а можа і нашкодзіць. Слова лечыць, але і калечыць – так кажуць у народзе. Па тым, што і як гаворыць чалавек, ці супадаюць яго словы з дзеяннямі, можна ацаніць асобу. Як кажуць мудрыя людзі, метал пазнаецца па звоне, а чалавек – па слове.
    Добрай нагодай, каб пазбегнуць памылак у будучыні, будзе разважанне аб тым, што і як мы гаворым, ці не ляжаць нашыя словы ў кагосьці каменем на душы і, увогуле, ці сочым мы за сваёй мовай?
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:падзяліцца добрым словам
   Сёння ў свеце так не хапае дабрыні! Людзі прагнуць добрага слова, не кажучы ўжо пра ўчынкі. А гэта патрэбна: добрае слова падтрымлівае, суцяшае. На самой справе, унутры нас жывуць пазітыўныя думкі, але некаторыя з іх проста заглушаюцца.
Дабро вартае жыцця, нішто не павінна гэтаму замінаць: ні сквапнасць, ні настрой. Сябар сумуе? Узгадайце разам нешта прыемнае. Добра выглядае знаёмая? Не будзь скупым на камплімент. Свет прагне дабра, як кветка піцця.
   
 МЭТА МЕСЯЦА: пашырыць свой слоўнікавы запас
   Недакладнасць думкі часцей за ўсё фармулюецца з-за недахопу патрэбных слоў. Уявіце сабе мастака з яго працоўным інструментам – фарбамі. Калі на палатне ён выкарыстоўвае няшмат фарбаў, карціна будзе кантрастнай і невыразнай, калі шмат, на ёй з’явіцца мноства адценняў і малюнак набудзе жывасць. Тое ж і са словам. Чым больш у арсенале “фарбаў”, тым дакладней “карціна”. Хто мае праблему з ужываннем нецэнзурных слоў, можа пераканацца, што гэта менавіта так.
    Таму няхай актыўныя зносіны з людзьмі, чытанне кніг, завучванне вершаў і афарызмаў, разгадванне крыжаванак (або яшчэ які іншы спосаб) наблізіць Вас да таго, што людзі пачнуць разумець Вас правільна або, у ідэале, з паўслова.
     
  АСОБА МЕСЯЦА: святы Фларыян Лорхскі

   Ён нарадзіўся каля 250 года ў цяперашнім Цейзельмаўэры пры Тульне. Быў ваеннакамандуючым. Таемна прыняў хрысціянства. Калі даведаўся аб тым, што ў горадзе Лорхе (Верхняя Аўстрыя) павінны пакараць смерцю некалькі дзясяткаў хрысціян, прыехаў туды, каб выратаваць іх. За такі ўчынак быў арыштаваны і пазбаўлены ўсіх ваенных узнагарод. Акрамя гэтага, Фларыяна таксама прысудзілі да смяротнага пакарання. Спачатку яму вырвалі лапаткі, а затым павесілі на шыю жарон і ўтапілі ў рацэ. Жорсткае пакаранне адбылося 4 мая 304 года.
    Існуе паданне, што салдат, які скінуў Фларыяна ў раку, адразу аслеп. Паднялася хваля, якая вынесла цела на скалісты выступ, а затым на яго спусціўся арол, абараняючы цела ад апаганьвання.
    Яшчэ адно паданне расказвае аб тым, што пры перавозцы мошчаў святога Фларыяна валы спыніліся, і нішто не магло прымусіць іх ісці далей. Таму на гэтым месцы было вырашана пабудаваць святыню. Сёння там знаходзіцца адзін з самых прыгожых касцёлаў у Кракаве, названы ў гонар святога.
    Святы Фларыян з’яўляецца заступнікам пажарных, пекараў, півавараў, садоўнікаў, бондараў, ганчароў, металургаў, кавалёў. А яшчэ яго лічаць заступнікам Польшчы, Верхняй Аўстрыі і горада Лінц.
   
    Да якіх святых звяртацца з асаблівай малітвай у маі?
    Св. Фларыян (4 мая),
    св. Юта (5 мая),
    св. Дамінік (6 мая),
    св. Фердынанд (30 мая).

   ПЕСНЯ МЕСЯЦА:“Анёлы надзеі”, Дзіяна Гурцкая і Аляксандр Кірэеў
   Цудоўны дуэт распавядае аб тым, як над сусветам ляцяць анёлы надзеі: яны спяшаюцца, “раскрыўшы крылы веры і любові”. Прыпеў канцэнтруецца на асноўнай думцы, якая заключаецца ў апошніх радках.
    “Каб прынесці нам добрую вестку,
    Што на гэтым свеце месца цуду ёсць,
    Трэба толькі паверыць, трэба толькі зразумець,
    Проста для кагосьці гэтым цудам стаць”.
    Менавіта стаць гэтым самым цудам. Не чакаць яго ад кагосьці, а падарыць сябе – і цуд здарыцца для дваіх.

    КНІГА МЕСЯЦА: “Пачуццям недаступны, для вачэй нябачны. Сведчанні прысутнасці”, адказны за выпуск а. Т. Крыштопік.

    Эўхарыстыя – найважнейшы сакрамант, з якім мы сустракаемся падчас святой Імшы ў касцёле. Чыстае сэрца дае магчымасць судакрануцца з Найсвяцейшым Сакрамантам. Ён надае сіл і змяняе нас знутры. Сёння мы можам кожны дзень хадзіць у святыню і карыстацца міласцю Хрыста. Раней вернікі перажывалі ганенні і Эўхарыстыя была сапраўдным цудам.
    Кніга складаецца з некалькіх раздзелаў: мучанікі Эўхарыстыі, містыкі Эўхарыстыі і эўхарыстычныя цуды. У першай частцы распавядаецца аб мучаніках, якія “сваёй крывёю сведчылі аб рэальнай прысутнасці Хрыста ў гэтым сакраманце”. У другой частцы распавядаецца аб людзях, “чыя вера ў эўхарыстычную прысутнасць суправаджалася звышнатуральнымі з’явамі”. Трэцяя частка – апісанне сямі цудаў, у якіх Найвышэйшы “зрабіў Сваю прысутнасць даступнай для нашых чалавечых пачуццяў”.
    З кнігі Вы даведаецеся аб такіх асобах, як Малышка Лі, св. Жозэф, св. Станіслаў Костка, св. Кацярына Сіенская і інш.
   
Дзяліцеся сваімі ўражаннямі ад планавання свайго жыцця разам з рубрыкай “На скрыжаванні”. Ці даведаліся Вы аб нечым новым, ці адкрылі для сябе нешта – пішыце на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Ініцыятыўныя чытачы абавязкова будуць узнагароджаны. Да сустрэчы, Сябры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  86

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.