ГРОДНА
Серада,
24 ліпеня
2024 года
 

Кс. бп Аляксандр Кашкевіч: Святасць магчымая і варта да яе імкнуцца

З жыцця Касцёла

Год 2003. Сустрэча з Папам. Біскупы з Гродна: (злева на права) бп. Антоній Дзям’янка і бп Аляксандр Кашкевіч– Ваша Эксцэленцыя, Вы прымалі ўдзел у кананізацыі Папаў у Рыме. Раскажыце, калі ласка, якая атмасфера панавала там у гэтыя дні, а асабліва падчас кананізацыйнай св. Імшы? Ці адчуваўся на плошчы св. Пятра дух Папаў?
    – Я думаю, што кожны, хто быў у гэтыя дні ў Вечным Горадзе, адчуў незвычайную атмасферу, у першую чаргу, з-за вялікай колькасці пілігрымаў, якія прыбылі з розных куткоў свету. Рым даслоўна разыходзіўся па швах. У вачах людзей, у выразе іх твараў, у іх паводзінах можна было ўбачыць энтузіязм веры. Асабліва моладзь, як заўсёды вясёлая, спяваючая, поўная энергіі, часам, можа, нават занадта шумная, хацела, здавалася, паведаміць усім навокал, што адбываецца нешта вельмі важнае, нешта доўгачаканае, нешта прыгожае.
    Кульмінацыяй гэтых незабыўных дзён была, безумоўна, кананізацыйная св. Імша пад кіраўніцтвам Святога Айца Францішка з удзелам папы Бенедыкта. Шматлікая канцэлебра, прысутнасць мноства афіцыйных дэлегацый, тлумы вернікаў, для якіх плошча св. Пятра аказалася замалой, клімат малітвы, задумы і адначасова радасці – усё гэта было пацвярджэннем таго, якую вялікую ролю адыгралі святы Ян XXIII і святы Ян Павел II у гісторыі Касцёла і свету, і паказвала, як моцна Божы люд чакаў гэтай кананізацыі.

    – Ксёндз Біскуп, якую ролю адыграў св. Ян Павел II у гісторыі Касцёла ў Беларусі?
    – Па-першае, трэба памятаць, што пазітыўныя грамадскія і палітычныя змены на прасторы былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі, – я маю на ўвазе, у першую чаргу, адыход ад атэістычнай ідэалогіі, спыненне барацьбы з Касцёлам і вяртанне вернікам магчымасці карыстацца рэлігійнымі свабодамі – адбыліся, у вялікай ступені, дзякуючы Пантыфікату Яна Паўла II. Гэтыя змены з’яўляюцца пацвярджэннем таго, што заклік адчыніць дзверы Хрысту, які мы пачулі на пачатку яго Пятровай паслугі, быў на самой справе голасам прарока нашых часоў.
    Дзякуючы гэтым вялікім зменам стала магчымай арганізацыя касцёльных структур у Беларусі: узніклі дыяцэзіі, былі прызначаны біскупы, адкрыты духоўныя семінарыі і адноўлена дзейнасць інстытутаў кансэкраванага жыцця. Каталіцкі Касцёл атрымаў магчымасць адкрыта, нармальна выконваць сваю місію, ісці з пасланнем Евангелля да шырокіх колаў грамадства, між іншым, праз катэхезу, спецыялізаваныя душпастарствы, каталіцкія СМІ і г.д. Стала магчымым вяртанне многіх сакральных будынкаў, узніклі новыя парафіі...
    Цяжка ў некалькіх словах апісаць, як дзякуючы Яну Паўлу II змянілася сітуацыя Касцёла ў Беларусі. Проста можна сказаць, што Касцёл выйшаў з падзямелля і пачаў жыць нармальным жыццём. Таму што тое, што сёння ў жыцці і дзейнасці Касцёла ў Беларусі здаецца нам відавочным, асабліва для малодшых вернікаў, яшчэ некалькі дзясяткаў год таму пераўзыходзіла нават самыя смелыя мары і чаканні.
   
    – Ксёндз Біскуп, як Вы лічыце, якое пасланне сёння накіроўвае нам святы Ян Павел II?
    – Святы Касцёл, здзяйсняючы кананізацыю, хоча паказаць вернікам постаць святога як прыклад для пераймання, а таксама заахвоціць іх накіроўвацца дарогамі святасці ў штодзённым жыцці. Ян Павел II, як, дарэчы, і кожны святы, кажа нам, што святасць магчымая і што варта да яе імкнуцца.
    Пантыфікат Яна Паўла II быў доўгім, вельмі актыўным і медыйным, яго постаць вельмі блізкая ўсім нам, а яго навучанне добра вядомае. Таму я лічу, што кожны з нас носіць у сэрцы свой асабісты, непаўторны вобраз Яна Паўла II. Той вобраз Святога Айца, які прамаўляе мацней за ўсё, да кожнага па-іншаму – спосабам, вядомым толькі Богу.
   
    – Як Вы лічыце, ці будзе пашы­рац­ца культ Яна Паўла II у нашай дыяцэзіі?
    – Я глыбока перакананы, што будзе. Ужо нават цяпер, праз тры гады пасля беатыфікацыі, можна заўважыць развіццё культу Яна Паўла II. На маю думку, гэтая з’ява будзе мець характар вельмі натуральны і спантанны. Так адбываецца, таму што кожны з нас пэўным чынам “сустрэўся” з Папам: хтосьці быў на аўдыенцыі, хтосьці бачыў яго здалёку на плошчы св. Пятра ці падчас апостальскіх пілігрымак у Польшчу, Літву ці Украіну, мы ўсе бачылі яго па тэлебачанні, слухалі яго словы, бачылі яго цярпенне, ён нават паміраў амаль што на нашых вачах... Усё гэта з’яўляецца прычынай таго, што ён нам асабліва блізкі, добра вядомы, амаль што, як нехта з сям’і. Калі ён адышоў у дом Айца, мы раптоўна адчулі сябе адзінокімі, асірацелымі. Цяпер, калі ён узведзены да хвалы алтара, мы молімся да яго, просім аб заступніцтве, даручаем яму свае клопаты і праблемы, мы адчуваем, што ён зноў з намі, хоць і па-іншаму.
   
    – А што асабіста Вы ўзялі для сваёй паслугі з індывідуальнасці папы Яна Паўла II?
    – Ян Павел II з’яўляецца для мяне прыкладам малітвы і засяроджання, веры і даверу. Я ўражаны яго амаль містычнай любоўю да дару і таямніцы, якой з’яўляецца святарства. У Яне Паўле II я бачу добрага пастыра, які клапоціцца аб даручанай яму Хрыстовай аўчарні. Я вучуся ад яго вялікай увазе і пашане да кожнага чалавека, уменню слухаць іншых і дыялогу, прастаце і бацькоўскай дабрыні.
   
    – Ксёндз Біскуп, якая сустрэча з Янам Паўлам II асабліва захавалася ў Вашай памяці?
    – Я меў гонар неаднаразова сустракацца з Янам Паўлам II у розных абставінах, і кожная сустрэча была непаўторнай, кожная пакінула ў памяці і ў сэрцы трывалы прыгожы след, чамусьці навучыла. За кожную з гэтых сустрэч я дзякую Божаму Провіду, а кожнае слова, пачутае з вуснаў Папы, я памятаю і захоўваю ў сэрцы, як каштоўны скарб...
   
    – Дзякуй за размову!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  161

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.