ГРОДНА
Панядзелак,
13 мая
2024 года
 

Дакрануцца да навукі, якая плыве з крыжа

З жыцця Касцёла

Крыжовы шлях вуліцамі Гродна
12 красавіка сотні маладых людзей і вернікі Гродна прынялі ўдзел у Крыжовым шляху вуліцамі горада. Сярод іх была таксама група студэнтаў з Нігерыі, якія вучацца ў гродзенскіх навучальных установах. Гэты паход вернікаў за крыжам, калі яны мелі магчымасць перажыць таямніцу мукі і смерці Хрыста, праходзіў у Гродне ў шосты раз. Шлях вуліцамі горада нагадвае пра шлях Хрыста на Кальварыю, стварае нагоду, каб паяднацца з церпячым Хрыстом і ўвайсці ў атмасферу Вялікага тыдня. Па традыцыі Крыжовы шлях прайшоў у суботу перад Пальмовай нядзеляй.
Перад урачыстай працэ­сіяй, у якой ад стацыі да стацыі крыж неслі прадстаўнікі розных парафій Гродна, удзельнікі набажэнства сабраліся на св. Імшы ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх казаў пра крыж, які павінен не абцяжарваць, а ўспрымацца як ратунак. “Крыж – вялікая і каштоўная рэч, бо праз яго мы атрымалі шмат дабра, – адзначыў біскуп. – Ён каштоўны, бо з’яўляецца знакам мукі і смерці, і знакам трыумфу, бо праз яго сатана быў пераможаны, а разам з ім пераможана і смерць. Брамы пекла былі зруйнаваны. Крыж стаў для чалавека знакам збаўлення”.
   Па словах іерарха, крыж нагадвае пра збаўленне і пра надзею, “надае сэнс чалавечаму цярпенню”. “Крыж таксама вучыць нас любові. Ён абвастрае наш погляд на свет, не дазваляе нам затрымацца на часовым, на матэрыяльных справах. Ён павінен дасягаць глыбіні нашага сэрца, бо паказвае, як клапоціцца пра нас Хрыстос – ажно да страты жыцця”, – заўважыў біскуп і дадаў, што цана, заплачаная Хрыстом, абавязвае кожнага хрысціяніна да канкрэтных рэчаў: “трэба жыць з Богам кожны дзень, дазволіць Яму сапраўды ўвайсці ў наша жыццё, каб перамяніць яго”.
   Згадваючы пра Крыжовы шлях, на які прыбылі вечарам у гродзенскую катэдру вернікі, біскуп назваў яго “добрай нагодай затрымацца на хвіліну каля крыжа Хрыста”. “Пойдзем за крыжам нашага Пана Езуса Хрыста, бо кожны з нас хоча дакрануцца да Яго крыжа, да навукі, што з яго паходзіць, – заахвоціў іерарх. – Гэта нялёгка. Лягчэй убачыць крыж вачыма, але цяжэй прыняць сэрцам гэтую навуку”.
   Па словах біскупа, трэба вучыцца ад папярэдніх пакаленняў, як цаніць крыж, разумець яго і бараніць, бо людзі, якія жывуць сёння, – “спадкаемцы ўчарашняга дня”, і, як дадаў іерарх, без старэйшага пакалення, якое з вялікай адвагай бараніла крыж, не было б сёння маладых людзей у касцёле. Таму, адзначыў біскуп, сучасныя людзі з’яўляюцца “даўжнікамі” папярэдніх пакаленняў, якія “навучылі, як мы павінны жыць”.
   Біскуп заклікаў сабраных дзяліцца “верай як хлебам”, дзяліцца “навукай, якая плыве з крыжа, з тымі, хто далёка ад Бога, хто баіцца крыжа, баіцца стаць на крыжовы шлях”, паказаць такім людзям “шлях да крыжа”, зрабіўшы гэта “прыкладам уласнага жыцця”. Таксама іерарх заахвоціў усіх “стаць у цені крыжа Хрыста, бо тады мы ясней убачым усе падзеі нашага жыцця, інакш зірнём на тое, што нас акружае”, і “толькі ў цені крыжа можам зразумець сэнс свайго паклікання і існавання”.
   Сёлетні Крыжовы шлях у Гродне пачаўся ад катэдральнага касцёла і праходзіў праз Савецкую плошчу, а затым на пабернардынскі ўзгорак, дзе ў касцёле Адшукання Святога Крыжа і завяршылася набажэнства, адбылося рассыланне ўдзельнікаў, якіх заклікалі, калі вернуцца дадому, даваць сведчанне веры. Разважанні Крыжовага шляху і музычную апрацоўку падрыхтавала моладзь з Душпастарства старэйшай моладзі і студэнтаў Гродна “OPEN” пад кіраўніцтвам кс. Антонія Грэмзы. Падчас Крыжовага шляху гучалі сведчанні многіх людзей, якія агучвалі студэнты і ў якіх паказвалася, што толькі Езус можа вывесці чалавека з няволі граху, з пыхі, эгаізму, розных залежнасцей, што чалавеку трэба толькі адкрыцца на Божую ласку і пачаць актыўнае супрацоўніцтва з Богам, даверыцца Яму цалкам, і тады Бог зможа здзейсніць цуд духоўнага і фізічнага аздараўлення.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  233

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.