ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Шылавічы

Парафіі і святыні

Касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы

Дэканат Ваўкавыск
Першую фундацыю на заснаванне тут каталіцкай святыні зрабілі Ганна, Зоф’я і Каміла Крупскія ў 1511 г. Новазбудаваны драўляны касцёл быў асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У 1544 г. Ганна з Крупскіх Радагоская аднавіла першапачатковы фундуш. Пасля Крупскіх Шылавічы належалі Вольскім, Весялоўскім, потым кляштару брыгідак з Гродна.
    Калі першую святыню ў 1600 г. знішчыў пажар, Крыштаф Вольскі разам з жонкай Барбарай аднавілі касцёл. У лістападзе 1620 г. касцёл пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы кансэкраваў віленскі біскуп-суфраган Абрахам Война. Інтэр’ер святыні ўпрыгожвалі тры алтары. Галоўны быў двух’ярусным, над абразом Найсвяцейшай Тройцы знаходзіўся абраз Маці Божай (алтар асвечаны разам з касцёлам). Бакавыя алтары былі прысвечаны Беззаганаму Зачаццю Найсвяцейшай Панны Марыі і Пану Езусу (асвечаны ў ліпені 1660 г.).
    У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя, парафіяльная школа, шпіталь, які фундавала Аляксандра з Сабескіх Весялоўская.
    У 1807 г. намаганнямі тагачаснага пробашча кс. Францішка Цыбульскага драўляны касцёл быў адноўлены, таксама ў левым куце касцёльнай агароджы была пабудавана драўляная чацверыковая трох’ярусная вежа-званіца, а сама агароджа з трохпралётнай цаглянай брамай была грунтоўна адноўлена.
Старажытны драўляны касцёл уяўляў сабою велічную трохнававую прамавугольную ў плане святыню з апсідай, накрытую двухсхільным гонтавым дахам. Трохвугольны франтон галоўнага фасада завяршала невялікая чацверыковая сігнатурка. Сцены касцёла, складзеныя з бруса, былі ўмацаваны па перыметры вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі.
    Велічная неагатычная аднавежавая базіліка пачала будавацца ў 1907 г. (аб чым сведчыць дата на гранітным падмурку апсіды касцёла) побач са старажытнай святыняй (будынак стаяў да 1925 г., а затым быў разабраны) дзякуючы намаганням кс. Казіміра Станёніса (+1925, пахаваны перад касцёлам) на ахвяраванні парафіян. Будаўніцтва было скончана ў 1914 г. Касцёл уяўляе сабой прамавугольны ў плане будынак з трансептам і пяціграннай апсідай, арыентаванай на ўсход і фланкаванай дзвюма сакрыстыямі. Галоўны фасад пазначаны магутнай і высокай (55 м) пяціяруснай (васьмярык на чацверыку) вежай-званіцай пад высокім і, што асабліва цікава, цагляным спічаком у атачэнні кароны з пінакляў. Тарцы трансепта завершаны шматпінаклевымі шчытамі, сцены касцёла па перыметры ўмоцнены контрфорсамі і аркбутанамі. Шырока выкарыстана лякальная цэгла, касцёл накрыты бляшаным дахам.
    Інтэр’ер касцёла падзелены на тры навы трыма парамі апор і перакрыты крыжаста-нервюрным скляпеннем, сяродкрыжжа – зоркава-нервюрным. У святыні знаходзяцца тры драўляныя алтары. Галоўны быў створаны ў 1920-я гг. са старога барокавага алтара. У яго цэнтры змешчаны тытульны абраз Найсвяцейшай Тройцы, а ў другім ярусе знаходзіўся абраз Пана Езуса ў цярновым вянку (цяпер яго месца пустое, а абраз знаходзіцца ў музеі Мінска, як і разьбянае Укрыжаванне з фігурамі Панны Марыі і св. Яна пад ім). Бакавыя алтары створаны нядаўна ў неагатычным стылі: у левым змешчаны абраз св. Юзафа, у правым – Маці Божай Чанстахоўскай. Над нартэксам знаходзяцца арганныя хоры, дзе стаіць неагатычны каркас ад страчанага аргана.
    Падчас I Сусветнай вайны святыня была значна пашкоджана. У 1927 г. скончылася яе рэстаўрацыя, у выніку якой вежа была надбудавана на 6 м. У той жа час была пабудавана новая плябанія. Старая драўляная званіца згарэла ў 1931 г.
    У ХIХ–ХХ стст. дзейнічала капліца на парафіяльных могілках. Перад II Сусветнай вайной колькасць вернікаў шылавіцкай парафіі перавышала 5000 чалавек.
    Пасляваенныя праследаванні вернікаў не абмінулі і парафію ў Шылавічах. У 1958 г. касцёл быў зачынены, у святыні размясцілі зернесховішча, потым – сховішча цэмента і хімікатаў, рамонтныя майстэрні трактароў. Плябанія была знішчана, не захавалася і капліца на могілках. Знішчылі і касцёльную агароджу з брамай.
    Святыню вярнулі парафіянам толькі ў 1989 г., адразу ж пачалася рэстаўрацыя. Рэкансэкрацыя касцёла адбылася 2 ліпеня 1993 г.
    На парафіяльных могілках ня-даўна ўсталявалі разьбяную выяву Найсвяцейшай Панны Марыі.
    У парафіі з 1992 г. працуюць сёстры Маці Божай Міласэрнасці ад св. Фаустыны. Для іх у комплексе касцёла ў 1995 г. быў пабудаваны манаскі дом з хатняй капліцай пад тытулам супольнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.