ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Свята нашай душы

Слова рэдактара

 Кожны з нас у сваім жыцці перажывае розныя хвіліны і моманты. Яны бываюць як цяжкія, так і радасныя. Часам і першыя, і другія вельмі складана апісаць словамі, мы тады часта кажам: “мне не хапае слоў, каб апісаць тое, што я адчуваю”. Перажываючы радасныя хвіліны, важныя для нас і прыемныя, мы часта апісваем іх проста словамі: “гэта было свята душы”.
    Вялікдзень – свята над святамі. “Я – Уваскрасенне і Жыццё. Хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі”. Хрыстос прадказаў сваё Уваскрасенне, сам сябе назваў Уваскрасеннем. Гэта найважнейшая праўда ў нашым хрысціянскім жыцці. Гэта той момант, за які мы павінны ўсё аддаць, так як Збавіцель аддае за нас самога сябе. Сам Хрыстос, Бог-Чалавек, кажа і ўпэўнівае нас, што Ён з’яўляецца Уваскрасеннем. Хрыстос таксама дадае, што і мы ўваскрэснем. Такім чынам, мы чуем запавет, прызначаны кожнаму з нас, нашым душам.
    Чалавек на працягу ўсёй сваёй гісторыі не пачуў навіны лепшай за тую, якую сёння абвяшчае Касцёл. Смерць была пераможана. Д’ябал пераадолены. Хрыстос уваскрос. Крыж і Уваскрасенне адкрываюць перад намі невядомую дагэтуль перспектыву, мэту нашых імкненняў і надзеі. Гаворка тут ідзе пра паўнату жыцця, якое паходзіць ад Бога. Гэта настолькі новае і дзівоснае, што нам нават цяжка гэта ўявіць.
“Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго”, – засведчыў апостал Ян, адзін са сведкаў Уваскрасення. І мы ў гэтыя дні становімся сведкамі Уваскрасення. Мы разам з жанчынамі стаім каля пустой магілы, а затым, ідучы ў Эмаус, сустракаем Хрыста ў Яго славе. Гледзячы на людзей у гэтыя дні, на ўвесь хрыс­ціянскі свет, мож­на заўва­жыць, якімі на самой справе важнымі з’яўляюцца для іх гэтыя цудоўныя хвіліны, адчуваецца гэтае Уваскрасенне, якім мы дзелімся адзін з адным, каб быць бліжэй да Бога. Гэта нашае свята. Найважнейшае.
    Задумаемся толькі: ці даходзіць гэта да нас? Мы павінны кожны дзень і кожную ноч няспынна дзякаваць Богу за такі надзвычайны дар, за гэтае вялікае свята для нашай душы. Для кожнага, хто трывае з Хрыстом, смерць не страшная. Бо з той самай Вялікай Ночы будучыня належыць Хрысту і тым, хто Яму поўнасцю даверыўся.
    Праўда, што ў нашай душы нараджаецца Уваскрасенне. “Мэта вашай веры – збаўленне душ” (1 П 1, 9). Свята Уваскрасення вядзе нас да Божай міласэрнасці. Свята душы працягваецца далей. У гэтым годзе гэтае свята выключнае, таму што Касцёл атрымае двух святых Папаў: Яна XXIII і блізкага нашаму сэрцу Яна Паўла II. Вялікаму Святому мы прысвяцім наступны нумар нашай газеты, калі ўжо ўвесь свет перажыве ўрачыстыя хвіліны кананізацыі. Каб свята душы працягвалася далей, варта прыняць словы святой Фаустыны: “Ты павінен ратаваць душы ахвярай і малітвай. Малітвай і цярпеннем збавіш больш душ, чым місіянер толькі навукамі і казаннямі” (Дзённік 1767). Ад нас залежыць, колькі працягнецца гэтае свята. Бог кожнаму бласлаўляе ў добрых пачынаннях і намерах, таму давайце і далей клапаціцца аб нашых душах.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.