ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Бласлаўленне Бога на адкрытыя сэрцы

З жыцця Касцёла

З нагоды надыходзячай 20-й гадавіны дзейнасці Дабрачыннага Таварыства “Карытас” у Гродзенскай дыяцэзіі, якую мы будзем адзначаць 4 мая ў Гродне, аб дапамозе людзям, планах на будучыню і прыярытэтах працы з кс. дырэктарам Віталіем Дабраловічам размаўляе кс. Павел Салабуда.
– Папа Францішак шмат гаворыць аб дапамозе, міласэрнасці, дапамозе бедным, заахвочвае да гэтага ўвесь свет. Ксёндз Віталій, што сёння, на Вашу думку, азначаюць словы “служыць людзям”?
    – Гэтыя словы маюць значэнне не толькі сёння. Уменне служыць людзям заўсёды было актуальным. Проста сучасны свет больш патрабавальны адносна чалавека. Беручы пад увагу розныя жыццёвыя тэндэнцыі, якія зводзяць чалавека да матэрыяльнага свету, дапамога людзям, якія чакаюць міласэрнасці, з’яўляецца шансам, каб аднавіць і ўмацаваць свой унутраны свет. Іншакш кажучы, “служыць людзям” – гэта таксама дапамагаць сабе на духоўным узроўні.

    – Давайце зробім своеасаблівую справаздачу аб дзейнасці “Карытас” у нашай дыяцэзіі. Чаго ўдалося дасягнуць за 20 гадоў?
    – Калі размаўляць аб усім падрабязна, матэрыялу хапіла б на некалькі старонак газеты. Я хачу прыгадаць пра галоўныя фактары. ДКТ “Карытас”, уласна кажучы, пачынала з нуля, яно не мела ніякай матэрыяльнай базы. Сёння мы можам дзякаваць Богу за ўсе памяшканні, будынкі, тэхнічную базу, якія мы маем. Так мы можам рэалізаваць шматлікія праекты, якія служаць вялікай дапамогай у рэалізацыі дабрачыннай дзейнасці. Узмоцненае супрацоўніцтва з парафіямі, калектыў працаўнікоў, дзякуючы якім магчыма больш паспяховая і прафесійная дапамога людзям. Мы ўстанавілі шмат партнёрскіх кантактаў. Развіваецца валанцёрскі рух.
   
    – Ці існуюць такія праекты, якія не былі рэалізаваны, але якія варта ўспомніць?
    – Так, існуюць. Але я не сказаў бы, што гэтыя праекты адкладзены назаўсёды. Яны проста чакаюць свайго часу. Мы плануем калісьці адкрыць свой хоспіс, дзе будзе ўдзяляцца асаблівая апека старэйшым людзям. Хочам таксама рэалізаваць некалькі эканамічных праектаў, якія будуць дадатковай падтрымкай дзейнасці “Карытас”.
   
    – Якія найважнейшыя прыярытэты працы “Карытас” за апошнія гады Вы можаце вылучыць?
    – Тут я адзначыў бы некалькі пунктаў. Першы – гэта ўмацаванне духоўнага боку працаўнікоў і ўсёй дзейнасці “Карытас”. Другі – аднаўленне і ўмацаванне матэрыяльнай базы. У гэтым кірунку вельмі шмат працы: рамонт Дома міласэрнасці ў Сапоцкіне, рэканструкцыя і рамонт перададзенага нам дыяцэзіяй будынка з мэтай стварэння там сацыяльнага цэнтра “Карытас”. Яшчэ адзін пункт – большае супрацоўніцтва з “Карытас Беларусь”. Гэта важна з інфармацыйнага і прэзентацыйнага пункту гледжання, а таксама гэта падкрэслівае адзінства дзейнасці “Карытас” усёй краіны.
   
    – Ксёндз Дырэктар, якія ў Вас планы на будучыню? Якую прапанову міласэрнасці можна будзе атрымаць у нашай дыяцэзіі?
    – Мы плануем яшчэ больш і актыўней супрацоўнічаць з ксяндзамі і людзьмі ў парафіях, стварыць малітоўны рух “Карытас” у дыяцэзіі. Прапанову... мне нават цяжка сказаць. Я думаю, што найбольшая прапанова – гэта асаблівае бласлаўленне Бога на адкрытыя сэрцы.
   
    – Ці тыя, хто ў патрэбе, заўсёды могуць разлічваць на дапамогу “Карытас”?
    – Тыя, хто знаходзіцца ў сапраўднай патрэбе, могуць разлічваць на дапамогу.
   
    – Якая, на Вашу думку, будучыня чакае дзейнасць “Карытас” у нашай дыяцэзіі?
    – “Карытас” сёння знаходзіцца на этапе развіцця. Будучыня залежыць ад сённяшняй працы. Я магу толькі сказаць, што гэтай працы будзе нашмат больш і для дырэктара, і для працаўнікоў. Я таксама спадзяюся, што “Карытас” будзе адыгрываць важную ролю ў Касцёле не толькі з матэрыяльнага боку, але будзе таксама важнай падтрымкай для Касцёла на Гродзеншчыне ў будаванні веры.
   
    – Ксёндз Віталій, праз нашу газету Вы можаце запрасіць усіх на святкаванне 20-годдзя дзейнасці “Карытас”.
    – Урачыстасці заўсёды падкрэсліваюць радасць. І каб гэтая радасць была больш глыбокай у супольным перажыванні, я запрашаю ўсіх Вас, дарагія Чытачы газеты, на ўрачыстую св. Імшу, якая адбудзецца ў гродзенскай катэдры апоўдні 4 мая пад кіраўніцтвам кс. б-па Аляксандра Кашкевіча.
   
   – Дзякуй за размову.
   
Праграма святкавання:
   
    9.00 – Прывітанне гасцей (зала Яна Паўла II у Вышэйшай духоўнай семінарыі: г. Гродна, вул. Парыжскай Камуны, 1);
    9.15 – Прэзентацыя дзейнасці “Карытас” у Гродзенскай дыяцэціі (дырэктар “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі кс. Віталій Дабраловіч);
    9.45 – Канферэнцыя на тэму “«Карытас» у РБ учора – сёння – заўтра” (дырэктар “Карытас” ККББ кс. Віктар Гайдукевіч);
    10.15–10.45 – Пера­пынак на каву;
    10.45 – Канферэнцыя на тэму “Духоўныя аспекты дабрачыннай дзейнасці”;
    12.00 – святая Імша (катэдра св. Францішка Ксаверыя ў Гродне);
    13.30 – Абед. Завяр­шэнне афіцыйнай часткі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.