ГРОДНА
Пятніца,
01 сакавіка
2024 года
 

Як перажываць Вялікі тыдзень

На шляху да святасці

Кс. бп Аляксандр асвячае агонь“Хрыстос Уваскрос, каб чалавек знайшоў сапраўднае значэнне існавання, каб чалавек жыў паўнатой уласнага жыцця: каб чалавек жыў з Бога і ў Богу. Не адкідвайце Яго, вы, якія будуеце чалавечы свет. Не адкідвайце Яго, вы, якія якім-небудзь чынам у якой-небудзь галіне будуеце сённяшні і заўтрашні свет... Не адкідвайце Хрыста: Ён з’яўляецца вуглавым каменем!” (Ян Павел II) 
У каталіцкім Касцёле сёння Пальмовая нядзеля, якая адкрывае перад намі выключны час – Вялікі тыдзень. Гэтыя дні, багатыя на літургічныя традыцыі, з’яўляюцца для вернікаў сапраўдным дарам, паколькі дазваляюць нанова адкрыць сэнс жыцця. Без іх “наша вера была б пустой”, а таму варта імкнуцца да глыбокага перажывання і разумення Вялікага тыдня, да ўсведамлення, што нашае адкупленне здзейснілася на крыжы, калі Хрыстос, паміраючы, знішчыў нашу смерць, а ўваскрасаючы, даў нам жыццё вечнае.
Вялікі панядзелак, аўторак і серада – гэта дні асабліва прысвечаныя сакраманту паяднання; яны нічым не вылучаюцца, што датычыцца літургіі. Таму варта, калі хтосьці яшчэ не зрабіў гэтага, накіравацца ў канфесіянал. Каб ачысціць сэрца. Не трэба пакідаць споведзь на апошнюю хвіліну, трэба як мага хутчэй прыступіць да сакраманту пакаяння. Калі вернікі спавядаюцца падчас Пасхальнага Трыдууму, яны не могуць глыбока перажыць гэтыя выключныя літургічныя моманты. Яны стаяць у доўгіх чэргах, не засяроджваюцца і не ўваходзяць у гэты асаблівы час. Святы на самой справе перажываюцца інакш, калі Уваскрослы Хрыстос ёсць у нас.
    Вялікі чацвер – гэта першы дзень Пасхальнага Трыдууму, дзень, калі Езус устанавіў сакрамант Эўхарыстыі і святарства. Вечарам у чацвер Імшой Вячэры Пана Касцёл распачынае Пасхальны Трыдуум. Падчас Эўхарыстыі адбываецца абрад абмыцця ног. Гэта прыгадвае жэст Хрыста перад Апосталамі падчас Апошняй Вячэры. Жэст абмыцця ног Апосталам з’яўляецца адным з ключоў да зразумення ўсіх пасхальных падзей. Езус Хрыстус не прыйшоў, каб абслужыць людзей, але каб служыць ім ва ўсім тым, чым з’яўляецца навяртанне і зварот чалавека да Бога. Гаворка ідзе аб дапамозе ў прыняцці адпаведнай паставы перад Богам і іншым чалавекам. У першую хвіліну Пётр не разумее гэтага жэста. Праз яго Езус указвае Пятру і кожнаму з нас дарогу прыніжэння. Бо чалавек пасля граху шукае свайго ўзвышэння. Уваходзячы ў справу адкуплення, Езус прыніжаецца перад чалавекам, каб чалавек зыйшоў са свайго п’едэстала і прызнаў, хто ён перад Богам і людзьмі.
    Вялікая пятніца – дзень смерці Езуса на крыжы. У гэты дзень не цэлебруецца Эўхарыстыя. Вечарам у касцёле людзі збіраюцца на літургію Вялікай пятніцы, якая складаецца з трох частак. Перад літургіяй слова адбываецца працэсія, а затым святары ляжаць крыжам перад пустым алтаром. Святары апрануты ў чырвоныя шаты, колер якіх сімвалізуе пакуты. Затым святар моліцца, і распачынаецца літургія Божага слова. Пасля прачытання прароцтва Ісаі і фрагмента Паслання да Габрэяў чытаецца апісанне Мукі Пана з Евангелля паводле св. Яна. Літургія Божага слова заканчваецца ўсеагульнай малітвай. Цэнтральным момантам літургіі Вялікай пятніцы з’яўляецца адарацыя крыжа. Закрыты фіялетавай тканінай крыж выносіцца да алтара. Цэлебрант паступова адсланяе крыж і тройчы спявае: “Вось дрэва крыжа, на якім вісеў Збаўца свету”, на што вернікі адказваюць: “Пойдзем з паклонам”. Затым вернікі падыходзяць, каб пацалаваць крыж Збаўцы. Адарацыя крыжа з’яўляецца цэнтральным пунктам літургіі Вялікай пятніцы. Езус на крыжы ўзяў на сябе ўсё, што звязана з цяжарам людскога існавання, і паказаў, што гэта правільная дарога і што мы таксама можам па ёй ісці. Такім чынам, адарацыя крыжа ў Вялікую пятніцу і спеў, які яе суправаджае, паказваюць нам правільны кірунак жыцця, каб мы не ўцякалі ад цяжкасцей, але мелі адвагу ісці за Езусам да самага канца. Адаруючы крыж Езуса, мы можам адчуць, што тое, што здаецца канцом, а менавіта смерць, – гэта толькі пераходны момант і адданне сябе ў рукі Айца, як гэта зрабіў сам Укрыжаваны.
    Супольная Камунія з’яў­ля­ецца апошняй часткай літургіі. Пасля яе заканчэння Найсвяцейшы сакрамант у працэсіі заносіцца да Гробу Пана і выстаўляецца для адарацыі.
    У Вялікую суботу Эўха­рыстыя не цэлебруецца. Касцёл паглыблены ў чаканне і трывае пры Гробе Пана ў ціхай і даверлівай малітве, разважаючы Муку, Смерць Езуса і Яго сыходжанне ў бездань.
    У гэты дзень адбываецца таксама абрад бласлаўлення страў, прызначаных да спажывання падчас Велікоднага снедання. Традыцыя гаворыць узяць дадому асвечаную ваду, каб раніцай акрапіць ёй дом і членаў сям’і. Нельга не прымаць удзелу ў літургіі Пасхальнай вігіліі ў гэты дзень.
    Пасхальная вігілія і Велікодная нядзеля. Пасхальная вігілія, якая адпраўляецца ноччу з суботы на нядзелю, з’яўляецца найважнейшым момантам літургічнага года – святкаваннем Уваскрасення Пана. Гэта найбольш урачысты момант у літургічным годзе, ён складаецца з чатырох частак.
    Пасля таго, як настане змрок, усе збіраюцца ў адпаведным месцы па-за касцёлам вакол распаленага вогнішча. Надыходзіць літургія святла, асвячэнне і запальванне новага пасхала – сімвала Хрыста. Затым ён уносіцца ў касцёл. Па дарозе, тройчы паўтараючы “Святло Хрыста”, вернікі паступова запальваюць ад пасхала прынесеныя свечкі. Такім чынам, ужо падчас гэтага першага абраду да нас даходзіць праўда аб тым, што Хрыстос сваім святлом раз’ясняе цемру нашага жыцця. Пасля таго, як дыякан ці ксёндз адспявае гімн у гонар пасхальнай свечкі, надыходзіць літургія слова.
    Касцёл прадугледжвае ў гэтую ноч чытанне дзевяці фрагментаў са Святога Пісання: сямі са Старога Запавету і двух з Новага. Пасля кожнага чытання спяваецца адпаведна падабраны псалом і прамаўляецца малітва. Паміж чытаннямі са Старога і Новага Запавету спяваецца гімн “Хвала на вышынях Богу” ў суправаджэнні аргана і званоў, якія гучаць упершыню пасля заканчэння Імшы Вячэры Пана.
    Пасля прачытання Еван­­гелля аб Уваскрасенні надыходзіць літургія хросту. Святар бласлаўляе новую ваду, якая на працягу ўсяго года будзе ўжывацца для ўдзялення сакрамантаў, а асабліва сакраманту хросту. Так Касцёл падкрэслівае, што дар збаўлення заслужаны нам толькі Мукай і Уваскрасеннем Хрыста. Затым усе прысутныя аднаўляюць хросныя абяцанні.
    Пасля літургіі хросту распачынаецца эўхарыстычная літургія. У ёй мы сустракаем Уваскрослага Пана, можам Яго пазнаць “па ламанні Хлеба”, як вучні ў Эмаус. Нарэце, на заканчэнне Пасхальнай вігіліі можа адбыцца ўрачыстая працэсія – рэзурэкцыя. У ёй мы абвяшчаем свету, што Хрыстос Уваскрос. Але звычайна працэсія адкладваецца на ранішнія гадзіны і спалучаецца з першай св. Імшой у Вялікую нядзелю.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  306

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.