ГРОДНА
Аўторак,
03 снежня
2024 года
 

Мсцібава

Парафіі і святыні

Неагатычны касцёл св. Яна Хрысціцеля

Дэканат Ваўкавыск
Першае паселішча на гэтым месцы сфарміравалася ў XII–ХIII стст. У XV ст. тут быў вялікакняскі двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1470-я гг. вялікі князь Казімір IV аддаў Мсцібогаў ва ўласнасць Кежгайлам, але менш чым праз паўстагоддзя ён ізноў перайшоў у маёмасць вялікіх князёў, цяпер ужо пад назвай Мсцібава. Парафіяльны касцёл Ваўкавыскага дэканата быў заснаваны тут у 1485 г.
    Паводле іншых крыніц, касцёл у Мсцібаве заснаваны па фундацыі каралевы Боны Сфорцы, асвечаны пад тытулам св. Яна Хрысціцеля. Мсцібава ў тыя часы – буйное мястэчка, замак, цэнтр староства; тут адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, у тым ліку і з’езд 1576 г., на якім было вырашана абраць каралём Стэфана Баторыя. Тым не менш, Магдэбургскае права мястэчка атрымала толькі ў 1744 г., хоць тут было больш за 160 двароў.
Старажытны драў­ляны касцёл быў спалены шведскімі войскамі ў 1700 г. падчас Паўночнай вайны. Святыню адбудавалі з дрэва ў 1715 г. на сродкі тагачаснага мсцібаўскага старасты Казіміра Агінскага. У 1770 г. касцёл быў рэканструяваны. У другой палове XVIII ст. пры мсцібаўскім замку адзначаецца дзейсны кляштар мар’явітак.
    У 1849 г. святыню пашкодзіла моцная бура, у 1877 г. касцёл быў адноўлены намаганнямі пробашча кс. Тамашэвіча і коштам паноў Ельскіх і Талочкаў, а таксама іншых парафіян. Драўляны касцёл уяўляў сабой велічную святыню 48,5 локцяў даўжынёй і 19 локцяў шырынёй.
    Новы касцёл з чырвонай вонкавай цэглы ў эклектычным стылі з рысамі мадэрну і неаготыкі пачалі буда-ваць 26 ліпеня 1910 г., а скончылі ў 1922 г. Будаўніцтва вялося на сродкі парафіян намаганнямі кс. Марэка Бурака, ганаровага каноніка віленскай капітулы і пробашча касцёла з 1909 г. (кс. Бурак быў расстраляны фашыстамі 15 ліпеня 1943 г. у лесе каля Свіслачы; у 1945 г. яго астанкі перапахаваны пры мсцібаўскім кас­цёле). Новазбудаваная велічная святыня была кансэкравана пад гістарычным тытулам св. Яна Хрысціцеля віленскім аб-пам Рамуальдам Ялбжыкоўскім 22 мая 1932 г. Падчас кансэкрацыі ў галоўны алтар былі закладзены рэліквіі святых б-па Станіслава, б-па Язафата і каралевіча Казіміра. Колькасць вернікаў мсцібаўскай парафіі перад II Сусветнай вайной дасягала 3700, да парафіі да пачатку ХХ ст. належалі капліцы ў Вільчуках і на мясцовых могілках, з 1907 г. – у Вердамічах. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа.
    Касцёл св. Яна Хрысціцеля ў Мсцібаве ўяўляе сабою велічную трохнававую дзвюхвежавую базіліку з трансептам і пяціграннай апсідай, фланкаванай двухпавярховымі сакрыстыямі, якія на другім узроўні раскрываюцца ў прэс­бітэрый фундатарскімі ложамі. Галоўны фасад мае тры ўваходы, над цэнтральным размешчана велічнае спічастае акно хораў. Высокія вежы-званіцы маюць па чатыры ўзроўні, але не падзелены на ярусы. Яны завершаны стромкімі фігурнымі неабарокавымі купаламі са спічакамі, сігнатурка над касцёлам таксама мае складаную неабарокавую форму. Сцены і вуглы касцёла па перыметры ўмацаваны ступеньчатымі контрфорсамі. Святыня накрыта сістэмай высокіх бляшаных вальмавых дахаў.

Бакавыя алтары ў касцёле ў МсцібавеІнтэр’ер святыні падзе­лены на тры навы трыма парамі квадратных у сячэнні апор, перакрыты спі­частымі нервюрна-зор­кавымі скляпеннямі з распалубкамі над вокнамі. Галоўны алтар драўляны, створаны ў неагатычным стылі, з цудадзейным абразом Маці Божай у цэнтры. Абраз змешчаны ў вялікай спічастай нішы, дзе яго нясуць тры херувіма, якія лунаюць на чырвонай шматскладчатай драпіроўцы (цікава, што ўсё гэта зроблена з гіпсу), а завяршае кампазіцыю абраз Сыходжання Святога Духа і Бога Айца. Нішу з абразом акружаюць фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла, наверсе размешчана тытульная фігурная паліхромная кампазіцыя “Хрост Пана”. Астатнія тры алтары перанесены з былога драўлянага касцёла. Яны разьбяныя, барокавыя, двух’ярусныя. Былы галоўны алтар цяпер змешчаны ў заходнем левым крыле трансепта касцёла. У яго цэнтры знаходзіцца абраз Езуса Валадара Сусвету з надпісам на лацінскай мове “Quodcunque petieritis Patrem in Nominie mea hoc faciam” – “Калі што папросіце ў імя Мае, Я тое зраблю” (Ян 14, 14), наверсе – абраз св. Яна Хрысціцеля, прадстаўленага ў выглядзе малога дзіцяці, у акружэнні чатырох паліхромных фігурак анёлаў; кампазіцыю завяршае разьбянае Усёвідушчае Вока ў промнях. У левым бакавым алтары знаходзіцца абраз Святой Сям’і пад абразом св. Тэрэзы, наверсе – манаграма Імя Марыі ў промнях. У правым бакавым алтары змешчаны абраз св. Антонія пад абразом св. Юрыя, наверсе – манаграма Імя Езуса ў промнях. У прэсбітэрыі змешчаны фундатарскія лаўкі. У правым крыле трансепта на сцяне вісіць велічнае разьбянае Укрыжаванне са старога касцёла. Над нартэксам размешчаны адносна невялікі балкон арганных хораў з карункавай неагатычнай агароджай. Пасабаровы мармуровы алтар вынесены па-за балюстраду, на лінію пачатку трансепта.
Высокая і магутная неагатычная брама-званіца касцёльнага комплекса пабудавана ў чэрвені 1900 г. Гэта трох’яруснае чацверыковае збудаванне з жоўтай вонкавай цэглы пад мадэрнавым бляшаным шатром. Звон “св. Ян Хрысціцель”, змешчаны там, быў адліты па фундацыі кс. Бурака. Па-за касцёлам у лініі агароджы стаіць цагляная костніца (цяпер выкарыстоўваецца як сховішча). Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай, драўляная плябанія знаходзіцца злева ад касцёла.
У цэнтры вёскі ў 1911 г. вернікі ўсталявалі мемарыяльны прыдарожны помнік-крыж з надпісам па-польску: “Ад чумы, голаду і агню барані нас, Божа”. Падобныя крыжы на тэрыторыі парафіі можна сустрэць яшчэ ў Агародніках і Ярылаўцы. Пры выездзе з Мсцібава на Шылавічы стаіць крыж-абярэг, каля якога захаваўся камень з цікавым адбіткам шасціканечнага крыжа.
Сёння да мсцібаўскай парафіі належаць адноўленая капліца ў Вердамічах і новая капліца ў Бортніках.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.