ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Ці Бог дае крыж?

Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»

“Калі хто хоча ісці за Мною, няхай возьме крыж свой…” (параўн. Лк 9, 23)
Аднойчы я зайшоў з Віятыкам (св. Камуніяй для хворых) у састарэлую вясковую хату. За печчу на жалезным ложку ляжала на палову спаралізаваная пажылая жанчына. “Ойчанька, я такая шчаслівая ў Бога, – з цяжкасцю прамовілі дрыжачыя вусны, – я Яго дачакалася!”. Пасечаны тысячамі маршчынак твар асвяціўся незямной радасцю і супакоем. Раптоўна ў ззяючых ад шчасця вачах прамільгнуў цень трывогі. “Вы, ойчанька, як паспавядаеце мяне і дасце святую Камунію, пагаварыце з маёй дачкою. Яна так пакутуе, а я не ведаю, чым ёй дапамагчы...”
    У суседнім пакоі мяне чакала маладая, шыкоўна апранутая дачка хворай бабулі. Убачыўшы святара, яна ўся неяк сціснулася, у яе пацямнелым абліччы цяжка было разглядзець эмоцыі. Аднак позірк здраджваў унутраны бунт. Калі я зачыніў за сабой дзверы пакою, яна ціха адазвалася: “Ойча, я такая няшчасная... Чаму Бог дапусціў да маёй мамы такое? Яна так пакутуе. Мне так цяжка з ёю...”
    Мяне ўразіў кантраст паміж хворай маці і поўнай сіл дачкою. Адна спаралізаваная, але шчаслівая. Другая здаровая, але няшчасная. Хворая радуецца Богам, а здаровая бунтуецца супраць Яго. Спаралізаваная думае, як дапамагчы здаровай, а здаровая сканцэнтравана толькі на сваіх перажываннях. Колькі ў нашым жыцці такіх парадоксаў? Наколькі па-рознаму людзі перажываюць свой крыж пакут або цярпенні блізкай асобы!
У нашай хрысціянскай культуры глыбока ўкараніліся выразы “крыж пакут”, “крыж цярпенняў”. Калі здараецца нейкае няшчасце, хвароба ці страта блізкага чалавека, вернікі імкнуцца растлумачыць гэта, як умеюць, па-хрысціянску: “гэта Бог так дае”, “гэта твой (мой, яго, яе) крыж”. Але ці сапраўды Бог дае крыж пакут? Ці сапраўды Бог спасылае няшчасці, хваробы, смерць? Біблія дае адназначны адказ: смерць і цярпенні прыйшлі на свет праз першародны грэх (параўн. Быц 2, 17; 3, 17–19; Рым 5, 12–21). Не Бог, але грахоўнасць чалавека з’яўляецца крыніцай пакут. Адыход першых людзей ад Бога прывёў да скажэння ўсяго чалавечага роду, а ў далейшым выніку – да злачынстваў, да праблем з духоўным, псіхічным і фізічным здароўем. Таму можна гаварыць пра наш жыццёвы крыж цярпенняў, але нельга казаць, што яго дае Бог.
    Калі пільна прыгледзецца да чалавечых пакут, да тых крыжаў на дарогах нашага жыцця, то можна заўважыць, што далёка не кожны чалавечы крыж мае нейкае дачынне да Бога. Бо крыж хворага дзіцяці можа быць наступствам папярэдніх абортаў маці, спадчынных або набытых хвароб бацькоў. Ёсць крыжы не толькі фізічных хвароб, але псіхічных і духоўных праблем. Дастаткова ўзгадаць, колькі крыжаў нараджае п’янства, распуснасць, нянавісць, зайздрасць... Не Бог, але грэх ускладае на нас крыжы.
    Як ёсць розныя крыжы, так ёсць розныя спосабы “нясення” свайго ці чужога крыжа. Да цярпенняў можна адносіцца пасіўна або актыўна, паддацца або змагацца. Можна старацца неяк адшукаць сэнс і значэнне ў нясенні крыжа, а можна проста не задумвацца, а нават уцякаць ад асэнсавання. Можна разам з Богам несці свой крыж, а можна замкнуцца ў самоце і нікога не падпускаць да крыжа сваіх пакут, нават Хрыста. Калі чалавек адкрываецца на Бога, то зло крыжа ператвараецца ў інструмент Збаўлення. А калі чалавек замыкаецца на сабе і сваім болі, тады крыж ператвараецца ў жахлівы інструмент самакатавання.
    Яшчэ старажытныя айцы Касцёла заўважылі, што ў жыцці хрысціяніна можа з’явіцца “фальшывы крыж”. Гэта хітрая пастка злога духа, які імкнецца пераканаць верніка, што крыж – гэта мэта, што пакуты – гэта сэнс хрысціянскага жыцця. У практыцы такі падыход мае самыя розныя праяўленні. Адно з іх – гэта духоўны мазахізм. Ён выражаецца ў пазіцыі: цярпенне дзеля цярпення, цярпенне – гэта добра, неабходна, а нават прыемна. Вернік можа знаходзіць самыя неверагодныя пабожныя тлумачэнні для таго, каб апраўдаць неабходнасць сваіх пакут. Небяспека такой пазіцыі заключаецца ў самападмане. Асоба імкнецца пераканаць сябе ў тым, што зло (цярпенні, хвароба, смерць) – гэта добра.
   
    Яшчэ адным “фальшывым крыжам” можа быць духоўны садызм. Калі мазахіст зацыкліваецца на прычыненні болю сабе, то садыст – іншай асобе. Гэта дзеянні “на зло”. Мысленне такіх людзей зводзіцца да выразаў тыпу: “не буду лячыцца на зло таму, хто пра мяне клапоціцца; няхай і ён памучыцца, так як я мучуся”. Такая асоба можа прыдумаць сабе самыя неверагодныя “пабожныя” аргументы, чаму неабходна прычыняць боль блізкім людзям. Жахлівасць такіх паводзін становіцца яшчэ страшнейшай, калі на садызм хварэе маці ці бацька ў сям’і. Яны могуць так духоўна катаваць сваіх дзяцей, што тыя вырастуць з перакананнем, што хрысціянства – гэта рэлігія садыстаў, катаў і ахвяр. Так нездаровыя адносіны да жыццёвых крыжаў могуць стаць прычынай таго, што ў пабожных бацькоў дзеці адвернуцца ад веры.
    Яшчэ больш хітрым псеўда-крыжам можа быць фальшывая пакора адносна ўласных цярпенняў ці няшчасця блізкай асобы. Гэтую пазіцыю можна звесці да выразу: “калі Бог дае цярпенне, то трэба цярпець; нельга пазбаўляцца гэтага цярпення”. Шкоднасць такога падыходу з усёй яскравасцю відаць на прыкладзе сям’і алкаголіка. Дастаткова ўявіць сабе пабожную жонку алкаголіка, якая паддаецца спакусе фальшывай пакоры адносна крыжа сваёй сям’і – мужа алкаголіка. Вельмі хутка надыдзе сямейная катастрофа, калі яна нічога не будзе мяняць, не будзе змагацца, а толькі патураць мужу-алкаголіку, пры гэтым пабожна апраўдваючы такія паводзіны крыжам ад Пана. Божы дар, які можа быць у такой сітуацыі, дык гэта змаганне за здароўе сям’і, але ніколі не патуранне граху і фальшывая пакора бяздзеяння ці замаскіравання зла.
    Вельмі блізкім да псеўда-пакоры ў знешнім праяўленні можа быць “фальшывы крыж” духоўнай пыхі. Гэта сітуацыя, калі чалавек робіць з сябе мучаніка, ганарыцца сваім крыжам пакут. Праз свае паводзіны ён хоча сказаць: “Заўважце мяне! Я герой, нявінная ахвяра, святы мучанік! Я лепшы за вас, бо вы на маім месцы не вытрымалі б такіх цярпенняў, а я трымаюся!”. Знешне такая асоба ідзе на самыя неверагодныя ўлоўкі, выкарыстоўваючы пры гэтым усё святое, каб завастрыць увагу акружэння на сваім крыжы, а праз яго – на сабе. Унутры душы такой асобы сатана падшэптвае, што без крыжа яна ніхто, нічога не вартая, што Бог яе любіць з-за крыжа, што людзі яе цэняць дзякучы крыжу. Больш за ўсё такі хрысціянін баіцца застацца без свайго цярпення. Такому чалавеку цяжка паверыць, што Бог і іншыя людзі могуць любіць не за нешта, што любоў не заслугоўваецца, не купляецца, што любоў – гэта дар. Тым больш, што Бог – гэта не садыст, якому падабаюцца пакуты падданай яму душы. Бог – гэта любячы Айцец, які пакутуе, бачучы пакуты свайго любімага дзіцяці. Кожны крыж баліць Богу не менш, чым чалавеку.
    Варта хрысціянам няспынна правяраць свае ўяўленні і адносіны як да Хрыстовага Крыжа, так і да крыжа чалавечых цярпенняў. Перш за ўсё, нельга забывацца, што крыж – гэта дадзенасць грэшнага свету. Езус не прыдумаў крыж. Гэтую прыладу катавання прыдумалі людзі. Але Хрыстос, узышоўшы на крыж, ператварыў яго з інструмента безвыходнай смерці ў інструмент збаўлення. Крыж Езуса быў не мэтай, а сродкам выратавання чалавецтва. Таксама кожнаму хрысціяніну варта імкнуцца да таго, каб крыж яго зямных цярпенняў ніколі не ператвараўся ў мэту, а станавіўся сродкам ачышчэння і збаўлення.
    Крыж пакут – гэта не дар натуры, а наступства чалавечай грэшнасці. Езус узяў крыж, які на Яго ўсклалі каты, і праз яго прынёс Нябеснаму Айцу дасканалую Ахвяру адкуплення чалавечага роду. Таму варта кожнаму чалавеку вызваляцца ад спакусы пасіўнага падпарадкавання пакутам. Бог можа і хоча дапамагчы кожнаму, каб не няшчасце панавала над ім, але каб чалавек быў прынамсі ўнутрана свабодны, жывучы ў ласцы Пана. Ёсць шмат прыкладаў хрысціян, якія, маючы ў сваім жыцці жахлівы крыж хваробы, калецтва ці страты блізкай асобы, не дазволілі, каб гэты крыж засланіў ім вышэйшы сэнс – Асобу Бога, іншых людзей, перспектывы зямнога і вечнага жыцця. Менавіта ў перспектыве ўваскрасення крыж перастае быць пракляццем, а становіцца бласлаўлёнай прыладай збаўлення. У перспектыве вечнага жыцця ўсе нашы зямныя няшчасці могуць стаць нагодай, каб яшчэ мацней прыляпіцца да таго, што вечнае, святое, вартае жыцця і змагання. Бог ніколі не пакідае чалавека сам-насам з крыжам пакут. Ён нясе наш крыж разам з намі. А калі чалавек не мае сіл, каб далей несці свой крыж, то Нябесны Айцец бярэ яго разам з крыжам на свае рукі і нясе далей (параўн. Іс 40, 11), наперад да збаўлення. Калі хрысціянін імкнецца з’яднаць свой крыж з Крыжам Хрыста, тады нават найдрабнейшыя жыццёвыя няўзгоды ператвараюцца ў каштоўныя пярліны, якімі выкладваецца шлях да Неба. І так, як Езус ахвяраваў свае Мучэнні за выратаванне людзей, кожны чалавек можа ахвяраваць Богу свае пакуты, каб вырваць з путаў граху блізкую асобу. У ззянні Хрыстовага Крыжа кожны людскі крыж цярпенняў можа ператварыцца з бяды ў крыніцу шчасця, з паражэння ў перамогу, з памірання ва ўваскрасенне да вечнага жыцця. Трэба толькі паклікаць Бога і адкрыцца на Яго дапамогу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.