ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Інакш успрыняць пост

Слова рэдактара

  Перыяд вялікага посту часцей за ўсё атаясамліваецца ў нас з адмаўленнем ад нечага. Мы не заўсёды ўсведамляем сабе, што гэта час, калі ў нас ёсць магчымасць перажыць навяртанне і поўнасцю зразумець Божую волю для кожнага з нас. Пост – гэта не толькі адмаўленне ад спажывання салодкага, піцця алкаголю ці прагляду тэлебачання. Да таго ж, сёння лёгка можна адмовіцца ад тэлебачання, паколькі ёсць інтэрнэт, не ўжываць алкаголю ў посце, калі ўсведамляеш, што пазней усё гэта можна будзе навярстаць. Такі пост не мае ніякага значэння, ён нічога не варты. Нам трэба інакш успрыняць пост.
    Перш за ўсё, трэба паглядзець на самога чалавека, а пазней на тое, як ён можа перажыць пост. Калі ў яго спытацца, ад чаго ён хоча адмовіцца, ён адразу адказвае, што ў яго няма сіл і ён не дасць рады. Ён гаворыць так, бо не хоча засяроджвацца на тым, што можа, а зясяроджваецца на тым, чаго не можа. Але ж ніхто не патрабуе ад нас гераізму. Варта распачаць пост з таго, што проста, што датычыць мяне тут і зараз, што варта змяніць. Сучасны чалавек перастае верыць ва ўласныя сілы. І гэты механізм нявер’я не стаіць на месцы, ён развіваецца ў сэрцы і ў душы такога чалавека, які пазней ужо не верыць, што нават з Богам зможа штосьці пераадолець.
    Самае важнае – зразумець чалавека, яго інтэнцыі і намеры, каб затым зрабіць наступны крок – абвяшчаць збаўленне.
Калі мы сустракаем чалавека, то перш чым мы штосьці даведаемся пра яго лёс, перш чым мы што-небудзь пра яго падумаем, заўсёды ёсць адна рэч, якую мы можам яму ахвяраваць – кароткая малітва. Няхай малітва заўсёды будзе на самым пачатку нашага спадарожнічання другому чалавеку, а з Богам усё можна пераадолець.
    На жыццё кожнага з нас трэба глядзець праз прызму веры. Касцёл усім прыгадвае асноўную праўду: няма перамогі без ахвяры, без намаганняў, без адмаўлення ад многіх рэчаў. Ён робіць гэта, пасыпаючы ў Папяльцовую сераду нашы галовы попелам разам са словамі: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Толькі навяртанне з’яўляецца дарогай, якая вядзе да паўнаты жыцця, да шчасця, да перамогі.
    Вось невялікія падказкі, ак перажыць пост. Адзін з духоўных айцоў радзіць кожнаму з нас паспрабаваць перажыць яго інакш. Ён прапануе зрабіць гэта наступным чынам:
    1. Адмоўся ад гневу і нянавісці. Штодзённа давай сваім блізкім дадатковую порцыю любові.
    2. Адмоўся ад асуджэння іншых. Перш чым кагосьці асудзіць, прыгадай, як Езус ставіцца да Тваіх падзенняў.
    3. Адмоўся ад падзення духам. Мацней трымайся абяцання Езуса, што Бог мае для Цябе найлепшы з магчымых планаў.
    4. Адмоўся ад наракання. Калі Табе захочацца паскардзіцца, заплюшчы вочы і прыгадай сабе маленькія радасці, якімі адорвае Цябе Езус.
    5.Адмоўся ад пачуцця жалю да іншых і ад горычы. Працуй над прабачэннем тых, хто Цябе зраніў.
    6. Адмоўся растрачваць занадта шмат грошай. Пастарайся абмяжоўваць свае растраты і прызнач зэканомленыя такім чынам сродкі на бедных.
    Перыяд Вялікага посту вядзе нас на Галготу. Туды, дзе мы ўсё пачынаем разумець па-іншаму. Месца смерці Езуса становіцца месцам збаўлення кожнага з нас. У гэты момант прыгадваюцца словы св. Аўгустына: “Бог стварыў нас без нас, але збавіць нас без нас не можа”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.