ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Узмоцненыя ў Духу

Катэхеза са «СЛОВАМ»

“...Прыйдзі ў сваёй моцы і сіле, радасцю напоўні мяне”
Амаль кожнае дзіця на пытанне, ці хоча яно быць дарослым, адкажа “так”. Мы марым аб даросласці. Мы ўсе хочам быць дарослымі не толькі па гадах, але і па розуме, мудрасці. Мы хочам быць разважлівымі, мужнымі, справядлівымі. Часта кажам: “Я ўжо не дзіця”. Гэта натуральны парадак рэчаў, але было б вельмі дрэнна, калі б такі дарослы чалавек у сваёй веры быў бы як малое дзіця. Наша вера павінна сталець разам з намі, бо вера малога дзіцяці, падлетка, дарослага чалавека і асобы ў пажылым узросце вельмі розная.
    Чалавечае жыццё падзелена на перыяды, якія часта напоўнены няведаннем, бунтам, стрэсам, пытаннямі, радасцю і расчараваннямі. Езус Хрыстус праз паслугу каталіцкага Касцёла прагне спадарожнічаць кожнай важнай хвіліне чалавечага жыцця і ўзмацняць іх сваёй ласкай. Калі дзіця прыходзіць на свет, усе блізкія і родныя цешацца дару новага жыцця, таксама і Пан Бог праз сакрамант святога хросту прымае гэтае дзіця за сваё, і з гэтай хвіліны яно можа ўжо называць Бога Бацькам. Калі дзіця пачынае адрозніваць дабро ад зла, цікавіцца Богам і глыбей уваходзіць у Божыя таямніцы, прыходзіць Хрыстос у сакраманце пакаяння і Эўхарыстыі, каб узмацніць чалавека сваім Найсвяцейшым Целам на дарозе веры і пазнання свету. Калі чалавек перажывае розныя пакуты, выкліканыя хваробай, Хрыстос спяшаецца з ласкай аздараўлення, суцяшэння і духоўнай падтрымкі ў сакраманце намашчэння хворых. Да маладога чалавека, які часам не знаходзіць сабе месца дома, якому здаецца, што бацькі яго не разумеюць, не прымаюць яго таварыства, сэрца якога часам напаўняецца бунтам і нянавісцю, Бог прыходзіць з дарамі Святога Духа ў сакраманце канфірмацыі, задавольваючы ўсе жаданні, лагодзячы бунты і гарантуючы: “Хопіць табе маёй ласкі”.
Рашэнне маладога чалавека прыняць гэты сакрамант гаворыць пра тое, што ён прагне ўвайсці на дарогу хрысціянскага жыцця, што ён хоча сталець разам з Хрыстом, што з Ім ён хоча ісці праз жыццё і вырашаць свае жыццёвыя праблемы. Ці значыць гэта, што з гэтага моманту, моманту прыняцця сакраманту канфірмацыі, ён будзе ўжо поўнасцю сталым хрысціянінам? Хіба, не да канца, бо да гэтага чалавек можа расці ўсё жыццё. Але гэты сакрамант можа дапамагчы стаць сталым і сапраўдным хрысціянінам.
    У час нашага хросту нашы быцькі і хросныя абяцалі выхоўваць нас у веры. У сакраманце канфірмацыі ўжо не бацькі, а мы самі вырашаем, што хочам быць з Хрыстом, паглыбляць сваю веру, вызнаваць яе і дзейнічаць паводле яе правіл. Гэты сакрамант часта называецца “сакрамантам сталасці”, таму яго можа прыняць асоба, якая ўжо мае 14 гадоў. Патрэбны таксама сведка канфірмацыі, які прадстаўляе кандыдата Касцёлу; добра, калі б гэта быў хтосьці з хросных бацькоў. Гэты факт паказвае на сувязь, якая існуе паміж сакрамантамі хросту і канфірмацыі.
    Сакрамант канфірмацыі вельмі часта затушоўваецца ў нашай свядомасці і таму застаецца недаацэненым. Не аднойчы яго прымаюць толькі па традыцыі, па наказе бацькоў, па прымусе перад шлюбам або з-за боязі, што Касцёл адмовіць у хрысціянскім пахаванні. Губляецца сапраўднае значэнне гэтага сакраманту. Дух Святы, які сыходзіць на асобу, што прыступае да сакраманту, узмацняе да мужнага вызнавання веры і да жыцця паводле яе правіл. Каб быць веруючым чалавекам, патрэбна адвага: адвага супрацьстаяць таму, што прапануе тэлебачанне, адвага адкідваць той стыль жыцця, які падсоўваюць каляровыя часопісы для моладзі. Быць хрысціянінам, значыць ісці супраць цячэння, насуперак поглядам, насуперак модзе, а гэта нялёгка.
    Вера патрабуе сведчання, бо без учынкаў яна мёртвая. У войску, калі кагосьці пасылаюць на вайну, яму даюць зброю, каб мог адпаведна змагацца. Так і Дух Святы, якога мы атрымалі падчас хросту, у канфірмацыі памнажае сваю ласку, каб мы перамаглі свет, у якім жывём і які поўны цяжкасцей, спакус і граху. Гэта не той сакрамант, які мы прынялі і пра які можам забыцца на некалькі гадоў. Гэта пачатак сапраўднага хрысціянскага жыцця. Хтосьці з моладзі, якая рыхтавалася да гэтага сакраманту, сказаў, што гэта “ўрачыстае развітанне з Касцёлам”. І, на жаль, так часта бывае. Але на самой справе канфірмацыя не з’яўляецца заканчэннем рэлігійнай фармацыі. Гэта толькі заканчэнне пэўнага этапу. Гэтая фармацыя будзе трываць заўсёды, таксама і тады, калі мы ўжо будзем зусім дарослымі людзьмі. Бо вера ж не з’яўляецца чымсьці, што чалавек атрымлівае раз і назаўсёды: калі чалавек не клапоціцца аб сваёй веры, з ёй можа адбыцца тое ж, што з кветкай, якую ніхто доўга не палівае – яна засохне. Мы не зможам вытрываць у дабры, калі не будзем мадмацаваны ласкай Хрыста, мы загінем. Калі ў нашым штодзённым жыцці не будзе месца для Пана Бога, наша вера стане мёртвай. Езусу не патрэбны людзі, якія прытвараюцца Яго вучнямі.
    Удзяляючы сакрамант канфірмацыі, Касцёл адорвае кандыдата даверам і прызнае яго годным тых дароў, якія ён атрымлівае. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца шафар гэтага сакраманту, прадстаўнік Касцёла – біскуп. Накладваючы апостальскія рукі, біскуп перадае дар Святога Духа, а праз намашчэнне алеем хрызма Хрыстос ставіць непазбыўную адзнаку Святога Духа. Намашчэнне алеем заўсёды азначала вялікую годнасць – некалі намашчвалі толькі каралёў і прарокаў. Гэты сакрамант прымаецца адзін раз у жыцці, але яго ласкі хопіць на ўсё жыццё.
    У Пасланні да Галатаў напісана, што пладамі Святога Духа з’яўляюцца любоў, радасць, супакой, цярплівасць, ветлівасць, дабрыня, вернасць, лагоднасць і стрыманасць. І таму, хто хоча валодаць гэтымі дарамі, не варта адкладваць або адмаўляцца ад такога важнага сакраманту, які іх дае?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.