ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Еўрачэмпіянат ужо неўзабаве!

З жыцця Касцёла

Злева направа: кс. Ян Сарэла, кс. Уладзімір Гуляй, кс. Артур Малафей. Ліда-2012У канцы лютага Беларусь прыме VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. У сталіцы спаборніцтваў, горадзе Лідзе, збяруцца каля 200 святароў з Польшчы, Украіны, Харватыі, Аўстрыі, Партугаліі, Славакіі і іншых краін – усяго 13 каманд. Турнір будзе праходзіць 4 дні, палову з якіх адвядуць на малітву і культурную праграму.
Ужо некалькі месяцаў кіпіць праца па падрыхтоўцы да гэтай цікавай і нештодзённай падзеі. Арганізатары прыкладаюць шмат намаганняў дзеля таго, каб правесці Чэмпіянат на самым высокім узроўні. Як вядома, 2014 год у нашай краіне з’яўляецца Годам гасціннасці, таму з боку арганізатараў ды дзяржаўных улад робіцца ўсё магчымае, каб увасобіць ідэю ў жыццё: стварыць умовы для таго, каб святары-футбалісты маглі пагуляць у футбол на прафесійным узроўні, а таксама пазнаёміцца з нашай краінай і людзьмі. Перш за ўсё, Міністэрства спорту і турызму ўзяло на сябе адказнасць за мноства спраў, актыўна дапамагаюць мясцовыя ўлады Ліды. Мэр горада, Аляксандр Астроўскі, прыкладае шмат намаганняў для таго, каб удзельнікі Чэмпіянату адчулі сябе ў Беларусі як дома, убачылі адкрытасць, дабрыню і гасціннасць беларусаў.
“На маю думку, не толькі лідчанам, але ўсім аматарам спорту будзе цікава прыйсці, пабалець за нашу каманду і паглядзець на мерапрыемства такога ўзроўню, – зазначае кс. Павел Салабуда, капітан каманды зборнай Беларусі і галоўны арганізатар спартыўнага мерапрыемства. – Нягледзячы на тое, што ў футбол будуць гуляць святары, спартыўны азарт ніхто не адмяняў. Нам не хацелася б выступіць горш, чым год таму ў Славеніі, калі мы занялі восьмае месца. На сваёй зямлі, канешне ж, хочацца паказаць больш высокі вынік, таму мы прыкладзём усе намаганні, каб выступіць годна. 2014 год для Беларусі вельмі багаты на розныя спартыўныя падзеі: удзел беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях у Сочы, Чэмпіянат свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску, а ў дадатак і наш Чэмпіянат. І нават нягледзячы на тое, што ва ўсіх вышэй пералічаных спаборніцтвах прымаюць удзел прафесійныя спартсмены, а мы – толькі аматары, мы спадзяёмся выступіць не горш, чым нашыя алімпійцы ў Сочы і хакеісты ў Мінску”.
    Кс. Павел таксама падкрэслівае, што Чэмпіянат будзе праходзіць пад патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, таму кожны з біскупаў па меры сваіх магчымасцей пастараецца знайсці час, каб наведаць спаборніцтвы, пабалець і памаліцца разам з удзельнікамі.
    Цікавай будзе і культурная праграма мерапрыемства. Плануецца, што госці наведаюць Нясвіж, дзе адбудзецца св. Імша і экскурсія па палацы Радзівілаў, Мірскі замак, а таксама будуць мець магчымасць пазнаёміцца з беларускай культурай і традыцыямі нашага народа падчас адмысловых мерапрыемстваў.
   
    Чаму менавіта Ліда?
    У Лідзе ўжо праводзілася падобнае мерапрыемства ў 2012 годзе – I Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў. Сёлета сталіцай Чэмпіянату, але ўжо еўрапейскага ўзроўню, зноў абрана Ліда. Гэта тлумачыцца перш за ўсё тым, што горад мае добрыя ўмовы для правядзення спаборніцтваў, таму федэрацыяй міні-футбола разам з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам было прынята рашэнне правесці мерапрыемства ў гэтым горадзе. У Лідзе размяшчаецца цудоўны спартыўны комплекс “Алімпія” – сучасны, зручны, адпавядаючы ўмовам правядзення Чэмпіянату. Другая ж спартыўная пляцоўка будзе ў Лядовым палацы. І тут арганізатары турніру выказваюць падзяку Міністэрству спорту і турызму Беларусі, якое ўзяло на свае плечы справу па дастаўцы ў Ліду спецыяльнага пакрыцця для залы ў Лядовым палацы. Такім чынам, упершыню дзве спартыўныя арэны будуць знаходзіцца вельмі блізка адна ад адной і будуць падрыхтаваны на высокім узроўні.
    Як зазначае кс. Павел Салабуда, удалае правядзенне Чэмпіянату не абыдзецца без валанцёрскай дапамогі, таму арганізатары спадзяюцца, што ў Лідзе знойдзецца шмат маладых людзей, якія дапамогуць пры правядзенні спаборніцтваў. Актыўным пошукам валанцёраў зараз займаецца кс. Уладзімір Гуляй, аднак арганізатары разлічваюць таксама на дапамогу іншых душпастараў з Ліды.
    У сваю чаргу спадар Іван Дубатоўка, загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму, падкрэслівае, што напярэдадні Чэмпіянату плануецца правядзенне рэкламнай акцыі: па ўсім горадзе будуць расклеены афішы і расцяжкі, будуць выпускацца буклеты з раскладам матчаў, інфармацыяй аб спонсарах і ўсіх мерапрыемствах Чэмпіянату, інфармацыя аб спаборніцтвах будзе таксама размешчана на сайтах Ліды, для прадстаўнікоў СМІ будзе арганізаваны прэс-цэнтр.
    “Мы ў першы раз праводзім такое мерапрыемства, – гаворыць спадар Іван, – падабаецца ідэя гэтых спаборніцтваў, бо ідзе прапаганда актыўнага і здаровага ладу жыцця, прыцягваецца моладзь. У Беларусі павінна быць больш такіх мерапрыемстваў”.
    Арганізатары Чэмпіянату ўпэўнены, што многія балельшчыкі будуць здзіўлены высокім узроўнем гульні святароў. Гэта будзе не толькі свята футбола, але таксама свята веры на нашай зямлі. Запрашаем!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.