ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Касцёл у Беларусі ў добрых руках

Слова рэдактара

  Апошнія тыдні – гэта час, калі асабліва моцна б’ецца сэрца Касцёла ў Беларусі. Тры новыя біскупы, сыны нашай зямлі, выхаванцы Гродзенскай ВДС атрымалі паўнату пасвячэнняў. Кс. бп Алег у Віцебску, кс. бп Юрый у Мінску і – на момант выхаду гэтага нумару газеты – кс. бп Юзаф у Гродне. Усе яны, як я ўжо прыгадваў, выхаванцы нашай гродзенскай семінарыі, якая праз 20 гадоў выдае чарговы плён у асобах маладых біскупаў. Гэта вынікі працы настаяцеляў, семінарыйнай фармацыі і малітвы вернікаў.
    Перажываючы такія важныя для католікаў Беларусі падзеі, мне адразу ўспамінаюцца словы папы Францішка, які сказаў пра біскупаў наступным чынам: “Біскуп павінен служыць, а не дамінаваць”. Папа прыгадаў словы Езуса: “Большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр – як слуга”. Папа перасцерагае не толькі біскупаў, але і кожнага святара, што біскупства ці святарства – гэта не гонар, а служба. Святы Айцец нават перасцерагае ад вядзення “сусветнага жыцця”. Служба і малітва. Я лічу, што кожнаму з нас патрэбны менавіта такія пастыры. Чуючы першыя словы новых біскупаў на тэму іх біскупскай паслугі, можна быць спакойным. Касцёл у Беларусі знаходзіцца ў добрых руках біскупаў, якія яго любяць і хочуць далей яму верна служыць. І ў іх, бясспрэчна, будзе шмат магчымасцей і нагод, каб праз сваю паставу і ахвярную працу на карысць усёй каталіцкай супольнасці быць апосталамі Хрыста.
Служба ёсць там, дзе ёсць верны люд, дзе ёсць плён, які чакае свайго пастыра. Калі мы паглядзім на каталіцкую карту Беларусі, мы заўважым, што гэта зямля, якой усё яшчэ вельмі неабходны пастыр. На ёй гучыць голас веруючых людзей, якія прагнуць убачыць Бога. Цудоўна выходзіць, што голас маладых новапасвечаных біскупаў будзе гучаць у розных кутках нашай краіны, нават на яе перэферыях. Не будзе ўжо такога закутка Беларусі, куды не дойдзе слова пастыра. Менавіта гэта было і застаецца задачай біскупа, святара, але таксама веруючага чалавека, які сваім жыццёвым прыкладам можа пасеяць Божае слова ў сэрцах тых, хто яшчэ не чуе голасу Пана. Служба кожнай асобы павінна быць напоўнена малітвай, менавіта тады яна атрымлівае асаблівы сэнс у Касцёле і па-за яго межамі.
    Варта таксама пры­гадаць сабе, што жыццё Езуса – гэта малітва. Ён моліцца ў Касцёле і праз Касцёл. З малітвай кожны хрысціянін не адчувае сябе самотным. Ён схоплены Хрыстом. З гэтага моманту падчас кожнай Эўхарыстыі святар разам з вернікамі асаблівым чынам моліцца за сваіх біскупаў. Але і біскупы з моманту пасвячэння бяруць на сябе гэты вялікі цяжар малітвы. Іх жыццё становіцца своеасаблівым падабенствам Езуса, малітвай. Мы ўсе молімся ў Касцёле і молімся з Касцёлам. Дзякуючы супольнай малітве, паміж біскупамі і вернікамі напэўна ўзнікне якаясьці асаблівая сувязь. Варта слухаць адзін аднаго і разумець.
    На канец я хацеў бы зноў звярнуцца да слоў папы Францішка, які так сказаў: “Біскупу павінна быць характэрна сціпласць, убоства і прынцыповасць”. Варта памаліцца за новых біскупаў, за ўсіх біскупаў Беларусі, каб яны моцна прынялі словы Папы ў сваё сэрца і жылі імі. А мы са свайго боку будзем маліцца і слухаць, што праз біскупа нам хоча сказаць Хрыстос.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.