ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Кс. Уладзіслаў Сурвіла: “Моладзь прыходзіць у касцёл праз моладзь”

З жыцця Касцёла

Маладыя людзі з парафіі Узвышэння Святога Крыжа

Кс. Уладзіслаў Сурвіла служыць у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе з верасня 2012 г. Як і ўсе святары, выконвае простыя штодзённыя абавязкі: споведзь вернікаў, выезды да хворых, св. Імша, катэхезы і інш. Адным з прыярытэтаў святара з’яўляецца праца з моладдзю. Кожны ў парафіі ведае, што з прыходам у святыню кс. Уладзіслава, маладых людзей значна пабольшала. Таму пра сучасныя праблемы маладых людзей, іх асаблівасці і захапленні мы і паразмаўлялі з лідскім душпастарам.
- Ксёндз Уладзіслаў, якія галоў­ныя праблемы мала­дых людзей Вы маглі б назваць?
    - Па-першае – непаразуменне з бацькамі, аднагодкамі. Гэтая праблема існавала заўсёды. Прытым моладзі не хапае прыкладаў, узораў для кіравання ў жыцці. Вельмі шмат маладых людзей прыходзіць у Касцёл менавіта па прыкладзе нашай моладзі, якая ходзіць у святыню. Моладзь прыходзіць да Бога праз моладзь. Таму патрэбны прыклады, узоры. Таксама шмат асоб сустракаецца з праблемай выбару жыццёвага шляху. Маладыя людзі вагаюцца, думаюць, ці Бог іх кліча. Гэта асноўныя праблемы.

    - А ці існуюць у Касцёле праблемы адносна працы з моладдзю? Ці існуе пытан­не малой колькасці душ­пастарстваў або недахопу душпастараў?
    - Калі святар захоча, то на ўсё будзе час. Галоўнае, каб было жаданне, каб усе стараліся знаходзіць час для моладзі. Нам у Лідзе лягчэй – тут менш дыскатэк, забаўляльных устаноў (у параўнанні з Мінскам ці Гродна). Патрэбна большая рэклама з боку самой моладзі, неабходна больш канкрэтных жыццёвых сведчанняў. Калі людзі бачаць, чым жыве моладзь, яны здзіўляюцца і змяняюцца. Бо маладыя людзі ў Касцёле не толькі моляцца, яны таксама праводзяць шмат часу разам па-за святыняй.
   
    - Напэўна, моладзь займае ўвесь Ваш вольны час?
    (Усміхаецца) Калі ты не аддасі ім свой час, не будзе плёну. Як напісана ў Святым Пісанні, калі не пакінеш сваёй сям’і, дык і іншай не пабудуеш.
   
    - Ці бачны прагрэс, ці заўва­жаеце Вы плён свайго служэння?
    Я бачу прагрэс тады, калі моладзь ад’язджае вучыцца ў розныя ВНУ, а пазней вяртаецца ў Ліду, у наш касцёл, і адчувае сябе тут як дома. Ім хочацца вяртацца сюды. У мінулым годзе былі адныя людзі, у гэтым прыходзяць новыя. Значыць, штосьці іх сюды прыцягвае, ёсць пэўная цікавасць да храма. Напэўна, у гэтым і ёсць прагрэс.
   
    - Якія галоўныя кірункі пра­цы з маладымі людзьмі Вы бачыце сёння?
    Малітва. Прыклад малітвы. Малітва – гэта акіян, там можна знайсці ўсё. Галоўнае – навучыць маліцца, і няважна, што гэта будзе: спеў, адарацыя ці яшчэ якія-небудзь сродкі. Прыярытэт – адчуць і захапіцца малітвай. Пры гэтым важна памятаць пра асабісты прыклад. Патрабуеш чагосьці – пакажы прыклад. Важна быць аўтарытэтам. Я ў сваім душпастарстве стараюся прыцягваць моладзь да Бога, а не да сваёй асобы. Бо пазней ад’язджаеш на іншую парафію, а яны застаюцца адныя. Таму сваім служэннем я стараюся перш за ўсё паказаць моладзі Бога, а не сябе.
   
    - Ксёндз Уладзіслаў, Вы бачыце розніцу паміж сучаснай моладдзю і Вашым пакаленнем?
    Не, праблемы, у асноўным, застаюцца тыя ж. Зразумела, з’явіўся інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, але тое, чым яны жывуць, застаецца такім жа. Я кіруюся правілам, што да кожнага можна знайсці падыход. Для гэтага важна памятаць – няма дрэнных дзяцей.
   
    - У чым Вы знаходзіце мяжу быцця айцом і братам для маладых людзей?
    Быць айцом, гэта калі да цябе прыходзяць паразмаўляць, прыходзяць з даверам. З табой радзяцца, шукаюць падтрымкі. Гэта вельмі важна. У той жа час быць братам, гэта калі мы бавімся разам, гуляем у валейбол, проста праводзім супольна час. Як адно, так і другое – неад’емнае.
   
    - А моладзь Вас вучыць?
    Несумненна. Я часам нават не спадзяюся, а яны па-свойму мяне вучаць, задаюць цяжкія пытанні. Такіх сітуацый было вельмі шмат.
    Напрыканцы я хацеў бы сказаць, што галоўнае ў жыцці – несці Хрыста.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  226

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.