ГРОДНА
Серада,
22 мая
2024 года
 

Пачысціць сваё эга і падзяліцца сабою з сусветам

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
    З Новым годам! Духоўнай моцы і Божага бласлаўлення на кожны дзень!
    Вітаю ўсіх Чытачоў і запрашаю на сустрэчу з чарговым выпускам моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У студзені нас чакае падарожжа па завулках душы: будзем шукаць унутры сябе эгаізм. Пасля, знайшоўшы, узважым яго на вагах свайго сумлення. А потым паспрабуем “адарваць” кавалачак сябе, каб пачаставаць іншых. Зацікавіла? Гайда са мной!
   З Богам.

   Выказванне з Бібліі: “Вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш” (Мц 15, 28).

   За веру, як мы чуем, Бог узнагароджвае бонусамі. Верыш – “станецца табе, як жадаеш”. Гэта сцвярджае і адно вядомае выказванне: “Калі Пан Бог на першым месцы, то ўсё астатняе на сваім месцы”. І праўда. Праверана пакаленнямі.
   
   Інтэнцыя месяца: каб эканамічнае развіццё было павышана да ўзроўню павагі годнасці ўсіх людзей і ўсіх нацый

    У свеце шмат праблем, аб якіх мы і думаць забыліся. А ў Афрыцы, дарэчы, чалавек можа дазволіць сабе прыблізна 3,5 літра вады на дзень. Аб якой годнасці казаць, калі чалавек жыве ва ўмовах не жыцця, а выжывання. Папа Францішак заклікае свет да малітвы ў гэтай інтэнцыі.  
        
   Прадмет разважанняў месяца: эгаізм

   Сёння прыстасаваныя да свету людзі глядзяць на рэчы праз ракурс “выгадна/нявыгадна”. Упэўнена, кожны хоць аднойчы злавіў сябе на думцы: “і што мне з гэтага будзе...”. Ды нават каханне зараз стала эгаістычным: “мая мілая”, “мой любы”. Людзі не могуць належаць адзін аднаму. Нават Бог “пусціў” людзей, даўшы ім розум і волю. Задача толькі ў тым, каб умела ўсім гэтым карыстацца.
   Час паразважаць. Ці жыве ўва мне эгаізм? Ці замінае ён мне жыць? А другім?..
   
   Справа месяца: падзяліцца сабою з сусветам
    Гучыць неяк нават дзіўна. Але праўда, пры жаданні кожны можа пусціць у свет часцінку сябе. Якім чынам? Аддаўшы свой час, увагу, рэч, талент і інш. Так мы пачынаем жыць не толькі на карысць сабе.
   Многія ўпэўнены, што сёння патрэбна думаць выключна пра сябе, бо інакш выжыць немагчыма. Паверце, ёсць сілы, якія кіруюць гэтым светам. І Ваш час абавязкова надыдзе, але, быць можа, проста не адразу.
   Не можа не быць прывабным пакінуты за сабою след, які не знікае ў вечнасці (як, напрыклад, баўленне вольнага часу ў інтэрнэце), а застаецца ў сэрцах, на паперы альбо яшчэ дзе крышачку даўжэй, чым на момант. Магчымасцей – мноства, жаданне – ёсць. Тады навошта губляць час? Наперад!
   
    Мэта месяца: пачысціць сваё эга
   Толькі што мы разважалі наконт эгаізму. Дарэчы, слова “эгаізм” утворана ад лацінскага “ego”, што значыць “я”. Дык вось, мэта месяца таксама выбрана невыпадкова. Гэта штуршок, каб прыпыніцца і паразважаць: дзе ў жыцці зашмат “я”, а дзе яго не хапае. Пасля руплівай працы можна смела брацца за справу – справу месяца.
     
   святая Таццяна Рымская  Асоба месяца: святая Таццяна Рымская

   25 студзеня, вядома, адзначаецца Таццянін дзень. Усе студэнты аб гэтым ведаюць, бо лічыцца, што гэта і іх свята. А чаму, хтосьці, можа, і не ведае.
    У канцы ІІ стагоддзя ў Рыме багатая сям’я чакала з’яўлення на свет дзіцяці. Нарадзілася дзяўчынка, якую назвалі Таціянай, у сучаснай беларускай мове – Таццяна. Бацькі дзяўчынкі былі веруючымі, таму расла яна пабожнай хрысціянкай. Пасля дасягнення паўналецця Таццяна выказала намер не выходзіць замуж, а прыняць зарок цноты. Доказам яе нявіннасці стала тое, што яна была абрана ў лік дыяканісаў. Дыяканіса – асаблівая катэгорыя жанчын, якія служылі ў Касцёле, клапоцячыся аб парадку ў святыні, справах міласэрнасці, дапамозе хворым і патрабуючым.
    Падчас ганенняў на хрысціян Таццяну схапілі і прывялі ў храм Апалона, дзе прымушалі пакланіцца статуі язычніцкага бога. Існуе меркаванне, што пасля малітвы Таццяны Хрысту ўзнік землятрус, які разбурыў статую і частку храма. Але на гэтым усё не скончылася. Таццяна перажывала шматлікія катаванні. Але сляды пакут цудоўным чынам знікалі з яе цела! Падчас чарговых катаванняў перад Таццянай з’явіліся чатыры анёлы і пачуўся голас з неба, які звяртаўся да яе. Карнікі спужаліся і паверылі ў Хрыста, з-за чаго пазней самі былі пакараны.
    Яшчэ адзін цуд здарыўся, калі львы, да якіх была кінута Таццяна, раптоўна ўціхамірыліся і ляглі ля яе ног. Дзяўчына была асуджана на смяротнае пакаранне. Адышла да вечнасці 12 студзеня 226 года. Ушаноўваецца праваслаўнай і каталіцкай Царквой.
    12 (25) студзеня быў адкрыты Маскоўскі ўніверсітэт. Спачатку Таццянін дзень святкаваўся як Дзень нараджэння гэтага ўніверсітэта, а потым – як свята ўсіх студэнтаў. Святая лічыцца заступніцай МДУ і ўсіх студэнтаў.
    Да якіх святых маліцца ў студзені?
    Св. Целемах (1 студзеня), св. Васіль Вялікі (2 студзеня), св. Сімяон (5 студзеня), св. Карл (7 сту­дзеня), св. Мунго (13 студзеня), св. Вікенцій з Сарагосы (22 студзеня), св. Валерый Трырскі (29 студзеня).

   Песня месяца: “Бог падарыў мне гэты дзень”, Hillsong
   Выбух радасці і пазітыву. Спявачка пяе, што глядзіць навокал і хоча праслаўляць Бога за тое, што ён падарыў. “Бог падарыў мне гэты дзень, і ў ім магу я радасна пець, скакаць да нябёс і ў танцы кружыць...”. Трэк магу прапанаваць людзям, якія ў нейкі момант пачулі адчай або расчараванне. “Ведаю, Ты глядзіш за мной, значыць будзе са мной усё ў парадку”. Пад такую песню хочацца ўставаць ранкам. Можна паспрабаваць.

 Народжаныя, каб лятаць: Слова да моладзі  Кніга месяца: “Народжаныя, каб лятаць: Слова да моладзі”, Лучано Чан

    “Вашыя дзеці вам не належаць. Яны – сыны і дочкі жыцця...”.
    Такімі радкамі пачынаецца кніга, прысвечаная моладзі, падлеткам, іх выхавацелям і бацькам. Аўтар кажа аб псіхічным і фізічным паспяванні асобы, адносінах падрастаючага пакалення да дарослых, бацькоў і Бога.
    Часта стадыя развіцця паміж дзяцінствам і даросласцю (падлеткавы ўзрост) мінае хутка, а бывае, што чалавек у ёй “завісае”. Вось, дарэчы, нядаўна ад 21-гадовай сяброўкі пачула: “Я раблю так, бо мне хочацца”. На самой справе, дарослы чалавек разважае, узважвае, улічвае розныя бакі пытання і робіць штосьці ў адпаведнасці з праведзеным аналізам. Дзіця ж абапіраецца выключна на “хачу”.
    Усё гэта да таго, што кніга будзе карысна ўсім: асабліва тым, хто перажывае падлеткавы ўзрост або адчувае нейкія сумненні ў сабе. Кнігай зацікавяцца і тыя, хто мае малодшых братоў, сясцёр альбо сяброў. Рана ці позна мы ўсе сутыкнёмся з праблемай пераходнага ўзросту, калі самі станем бацькамі. Магчыма, хтосьці ўжо да гэтага наблізіўся. Каханне, сяброўства, свабода, характар, узаемаадносіны і шмат чаго іншага, праз што падлетак адкрываецца сусвету як асоба. Маладосць – гэта дар. Галоўнае пытанне – як дасягнуць сапраўднай радасці жыцця і магчымасці “лятаць”? Адказ можна знайсці ў кнізе Лучано Чан.

Нагадваю Вам аб тым, што ў лютым мы адзначым трохгоддзе існавання рубрыкі на старонках газеты “Слова Жыцця”. Заахвочваю да канструктыўнай крытыкі. Пішыце на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Чакаю Вашых лістоў!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  224

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.