ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Павінны быць адноўлены традыцыі сямейнай вячэры і супольнай малітвы

На шляху да святасці

Сіпозіум на тэму сужэнства і сям’і пад назвай “Не пакіну цябе ажно да смерці” прайшоў 14 снежня ў Мінску. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Аб тым, якія праблемы ўздымаліся на мерапрыемстве і да якіх высноў прыйшлі ўдзельнікі сімпозіума, сёння на старонках “Слова Жыцця”.
У цэнтры Мінска на плошчы Незалежнасці ў Чырвоным касцёле 14 снежня абмяркоўваліся важнейшыя пытанні ролі сям’і ў грамадстве і яе стану ў ХХI стагоддзі. З дакладамі выступілі эксперты з Беларусі, Расіі і Украіны. Быў выяўлены шэраг праблем, якія сведчаць аб сённяшняй дэградацыі інстытута сям’і. Да іх выступоўцы аднеслі сужыццё пар, высокі паказчык разводаў, аборты, сурагатнае мацярынства, унутраныя і знешнія міграцыі як пагроза адзінства сям’і.
Дарэчы, дакладчык па тэме міграцый ксёндз Андрэй Рылка прадставіў некаторыя ўражваючыя статыстычныя даныя Інстытута стратэгічных даследаванняў за мінулы год. Стала вядома, што ў чвэрці насельніцтва Беларусі хтосьці працуе за мяжой, 35,6% хочуць эміграваць, 65% не будуць эміграваць, калі будуць добрыя эканамічныя ўмовы, і толькі 10% насельніцтва Беларусі з’яўляюцца сапраў­днымі патрыётамі. Прасочваецца тэндэнцыя разрыву ўнутры сям’і, ад яе каранёў.
    Таксама шмат было ска­зана аб недастатковым духоўным выхаванні дзяцей. Як вынік – моладзь не мае прыкладу ўзорнай сям’і і паўтарае памылкі бацькоў. Усё рухаецца па спіралі. Выхад удзельнікамі сімпозіума бачыцца ў наступным: павінна быць адноўлена традыцыя сямейнай вячэры, дыялогу, супольнай малітвы.
    На сустрэчы прысутнічалі зацікаўленыя асобы, лідары груп “Сужэнскі дыялог” і “Сужэнскія сустрэчы”, прадстаўнікі школ сямейнага жыцця з Мінска і Гродна.
    Моладзь з горада Гродна дзеліцца сваімі ўражаннямі:
   
    Таццяна Сушчэвіч
    На такой сустрэчы я была ўпершыню, таму асабліва не ведала, чаго чакаць. Усе лекцыі былі вельмі цікавыя.
   Запомніліся выступленні Аляксандра Даброера (аўт.: вядомы ўкраінскі журналіст, філолаг, сацыёлаг і тэолаг) і Галіны Масленікавай (аўт.: сямейны псіхатэрапеўт, навуковы супрацоўнік Інстытута сям’і і дэмаграфіі ў Маскве, эксперт Еўрапейскага інстытута сямейнай адукацыі). Мяне заўсёды цікавілі пытанні аб святасці сям’і і аб жыцці сям’і з Богам. А тут, на сустрэчы, я шмат даведалася на гэты конт. Асабліва ўразіла адкрытасць усіх выступоўцаў. Калі чытаеш кнігу, то не бачыш твару, не чуеш голасу аўтара. А на сустрэчы можна было адчуць чалавека, перажываць разам з ім. Пасля такіх сустрэч хочацца яшчэ болей пазнаваць, чытаць, цікавіцца.
   
    Юрый Марціновіч
    Я ехаў сюды таму, што для мяне неабыякава мая будучыня. Сямейнае жыццё – тое, што мяне зараз больш за ўсё цікавіць. Я шмат чаго ведаю, цікаўлюся. Нейкія рэчы хацеў пачуць яшчэ раз, каб паразважаць глыбей. Тут я зразумеў, што да святасці ёсць тры шляхі. Усе яны нялёгкія. Упэўніўся, што мне бліжэй сужэнскі шлях. Пачуў, што чалавек можа захапіцца па-сапраўднаму толькі іншым чалавекам, і гэта рэальны шанц быць шчаслівым.
   
    Генадзь Маркевіч
    Шмат чаго ведаеш, шмат чаго, на жаль, забываецца. Я лічу, што важныя рэчы трэба паўтараць, каб памятаць аб іх. На сімпозіуме мне спадабаўся даклад Аляксандра Даброера, які страціў жонку і распавёў аб гэтым. Уласны прыклад выклікае давер да чалавека, ты бачыш яго душу.
   
    Святлана Янушэўская
    Я займаюся на першым курсе ў Школе сямейнага жыцця ў Гродне. Мерапрыемства было замест заняткаў. Мне вельмі спадабалася. Выступленні былі настолькі цікавыя, што хацелася слухаць і слухаць. А гэта нягледзячы на тое, што выязджалі мы з Гродна рана і прыйшлося ўставаць ноччу а трэцяй гадзіне. Спаць зусім не хацелася, хаця на канферэнцыях звычайна бывае наадварот. Запомніліся асабістыя сведчанні пар, якія ўжо перажылі шмат цяжкасцей. Карысна было паслухаць, як яны пераадольвалі іх, аб чым разважалі. Мяне “зачапіла” парада пастаяннага дыялогу. Я ўжо паспела яе выкарыстаць і магу сказаць, што гэта прынесла плён.
    Падчас мерапрыемства госці падзяліліся аплаткай, склалі адзін аднаму святочныя пажаданні. Завяршыўся сімпозіум святой Імшой у Чырвоным касцёле.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.