ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

“Для мяне жыць – гэта Хрыстос...”

З жыцця Касцёла

Пасвячэнні дыяканату і прэзбітэрату – гэта вялікая радасць для Гродзенскай дыяцэзіі, якая атрымлівае новых пастыраў, а святары – новых братоў  у святарстве

Гэтыя словы, прамоўленыя некалі св. Паўлам, паўтарылі восем алюмнаў і два дыяканы, якія прынялі дыяканскія і святарскія пасвячэнні. Такім чынам, Касцёл Гродзенскай дыяцэзіі ўзбагаціўся паслугай тых, хто пачуў голас Хрыста, адкрыў у сваім жыцці вялікі дар і таямніцу паклікання.
Дзень 7 снежня, калі алюмны прымалі святарскія і дыяканскія пасвячэнні, стаў радасным днём не толькі для семінарыйнай супольнасці, але і для ўсёй дыяцэзіі. Кандыдаты рыхтаваліся да гэтай вялікай падзеі на працягу доўгіх гадоў навучання, а таксама рэкалекцый, падчас якіх яны паглыблялі свае адносіны з Хрыстом, адкрывалі матывацыю – гэта быў асаблівы перыяд блізасці з Богам, акружэння Яго ласкай.
    Пасвячэнні адбыліся ў Гродзенскай катэдры пад кіраўніцтвам ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча. На ўрачыстасць прыбылі пробашчы дыяканаў, алюмны і манаскія сёстры, сем’і ксяндзоў новапрэзбітэраў, а таксама шматлікія госці.
Пасля Евангелля рэктар семінарыі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі кс. Юзаф Станеўскі, прадставіў кандыдатаў біскупу ардынарыю і папрасіў удзяліць ім пасвячэнні дыяканату і прэзбітэрату.
    Падчас гаміліі кс. бп Юзаф Станеўскі падкрэсліў, што кожнага з кандыдатаў мы ведаем па імені, але ёсць нехта, хто ведае іх лепш за нас, ведае да глыбіні – гэта Хрыстос, найвышэйшы Святар. Менавіта ён паклікаў іх па імені, калі праходзіў над возерам іх жыцця, і яны пайшлі... І з гэтага моманту пачалася пілігрымка, прыгода з Панам, які запрасіў гэтых маладых людзей і павёў у семінарыю, дзе яны разважалі над сваім пакліканнем, праходзілі шматлікія выпрабаванні і адказвалі на пытанне: “Ці сапраўды гэта быў голас Пана, ці сапраўды Ён паклікаў мяне да службы Богу?”.
    Біскуп намінант выказаў спадзяванне, што новым святарам хопіць атрыманай Божай ласкі, каб выйсці насустрач тым, хто шукае Бога.
    “Хрыстос сёння патрабуе святароў у нашым асяроддзі, у нашай краіне, у цэлым свеце. Ён патрабуе святароў, якія моцныя духам, якія маюць мужнасць сёння вызнаваць і абвяшчаць радасць Евангелля, якія могуць весці людзей да Бога, якія гатовы да духоўнага айцоўства”, – падсумаваў кс. прэлат Юзаф Станеўскі.
    Пасля распачалася прэзентацыя кандыдатаў. У дыялогу ксяндза рэктара з ксяндзом біскупам была пацверджана годнасць кандыдатаў да прыняцця пасвячэнняў. Затым кандыдаты перад біскупам і сабраным людам выразілі волю прыняць святарства разам з абавязкамі, якія з яго вынікаюць. Кандыдаты ўклалі свае рукі ў рукі Пастыра, абяцаючы такім чынам паслушэнства яму і яго наступнікам.
    Падчас літаніі да Усіх Святых дыяканы, якія павінны былі прыняць сакрамант святарства, а таксама клерыкі, што рыхтаваліся прыняць пасвячэнні дыяканату, ляглі крыжам, а ўсе вернікі маліліся за іх. Пасля літаніі кс. бп Аляксандр Кашкевіч усклаў рукі на кожнага з кандыдатаў у святары. Гэта біблійны жэст перадачы святарскай улады. Пасля біскупа свае рукі на кандыдатаў усклалі ўсе сабраныя святары, а ксяндзы пробашчы парафій, з якіх паходзяць новапасвечаныя, дапамаглі новым дыяканам і святарам апрануць належны ім літургічны ўбор.
    Пасля ксёндз біскуп намасціў рукі новапрэзбітэраў святым алеем хрызма на знак незмываемай пячаткі прыняцця святарства. Затым кожнаму новапрэзбітэру біскуп па чарзе перадаў кнігу Евангелля, на знак прынятага абавязка абвяшчэння яго словам і жыццём, а таксама патэну з хлебам і келіх з віном, неабходныя для здзяйснення Эўхарыстыі. Абрад завяршыўся перадачай знака супакою, які з’яўляецца выражэннем радасці ад прыняцця новых святароў у прэзбітэрый.
    Затым надышоў вельмі хвалюючы момант – новапасвечаныя дыяканы ўпершыню прыслужвалі біскупу падчас Эўхарыстыі, а новыя святары адпраўлялі сваю першую Імшу.
    На заканчэнне ўрачыстасці ксёндз біскуп звярнуўся да новых святароў і дыяканаў: “«Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас» (Ян 15, 16), як сказаў сам Езус Хрыстус сваім вучням. Гэтыя самыя словы я сёння скіроўваю да новапасвечаных святароў і дыяканаў. Пакліканне – гэта дар не толькі для саміх пакліканых, але і для ўсёй супольнасці Касцёла, бо ўсе вернікі карыстаюцца плёнам сакраментальнай паслугі святароў і дыяканаў. Пакліканне з’яўляецца таксама таямніцай, паколькі дыялог паміж Хрыстом, які заклікае: «Пайдзі за Мной!», і вучнем, які адказвае на заклік: «Вось я», адбываецца ў глыбіні сэрца, у цішыні, з’яўляецца чымсьці нябачным, але відавочным і сапраўдным. Падобна і з сакрамантам пасвячэння: знешне чалавек не змяняецца, але сакраментальная ласка здзяйсняе гэтую вялікую перамену. Дзякуючы гэтай ласцы святар ці дыякан, выконваючы сваю паслугу, дзейнічае ад асобы Езуса Хрыста.
    Разам з вамі мы сёння дзякуем Пану Богу за дар і таямніцу вашага паклікання, за тое, што Ён выбраў вас, паклікаў, адарыў ласкай, каб вы ішлі і прыносілі плён. Як святары і дыяканы вы будзеце весці вернікаў да Хрыста, будзеце дапамагаць адкрываць веру ўсім, каго Пан Бог паставіць на вашай дарозе. Каб вы маглі паспяхова і плённа выконваць даручаныя вам заданні, вы павінны ў першую чаргу самі ўзрастаць у асабістай святасці, развіваць ваша духоўнае жыццё, паглыбляць веру і сувязь з Езусам Хрыстом, толькі тады вашае сведчанне будзе верагодным, толькі тады вы, як святары ці дыяканы, будзеце здольны прывесці людзей да Хрыста”.
    У сваю чаргу тыя, хто прыняў пасвячэнні, падзякавалі Богу і ўсім, хто прымаў удзел у іх фармацыі і падрыхтоўцы: “Мы дзякуем Богу за дар паклікання і святарства, а ўсім выхавацелям – за фармацыю і падрыхтоўку, дзякуем духоўным айцам за фарміраванне сумленняў, за заўвагі і парады, за прыклад жыцця. Асаблівым чынам дзякуем кс. Валерыю Быкоўскаму за рэкалекцыі падрыхтоўкі да гэтай найважнейшай хвіліны ў нашым жыцці. Сардэчныя словы падзякі мы скіроўваем бацькам, якія далі нам цяпло роднага дому, вучылі любіць і быць любімымі, а таксама ксяндзам пробашчам, якія далі нам прыклад веры і сапраўднага перажывання святарства. Гэта дзякуючы ім мы маглі распазнаць сваё пакліканне”.
    Разам з новапрэзбітэрамі і новапасвечанымі дыяканамі ўсе вернікі дзякавалі Богу за тыя вялікія справы, якія Ён зрабіў для Гродзенскага Касцёла, што стаў багацейшы на двух новых святароў і восем дыяканаў, якія праз прыняцце сакраманту пасвячэння папоўнілі рады абвеснікаў Евангелля і шафараў святых сакрамантаў.
    “Жадаем, каб ваша служба Богу была перапоўнена шчырай любоўю і ахвярнасцю, каб кожны дзень, сядаючы побач з Хрыстом, слухаючы Яго словы, вы былі Яго сапраўднымі вучнямі!” – жадалі новапасвечаным іх бацькі, сябры, блізкія і парафіяне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.