ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Злое вока

Дзіцячы куточак

Часам дзядуля і мама казалі Антосю, што ў яго злое вока. Так заўсёды кажуць, калі чалавек не любіць другіх людзей і ў кожным імкнецца разглядзець толькі дрэннае, а добрае быццам бы знарок не заўважае.
    Так насамрэч і было. Антосю чамусьці не падабаліся амаль усе людзі, акрамя бацькоў. Атрымлівалася так, што ў кожным чалавеку ён знаходзіў штосьці дрэннае і непрыемнае, каб потым над гэтым чалавекам здзекавацца. Сябе Антось вельмі любіў і заўсёды ўмеў прабачыць за самы дрэнны ўчынак. А вось іншыя чамусьці зусім яму не падабаліся, і прабачаць іх Антосю абсалютна не хацелася. У кагосьці занадта доўгі нос, хтосьці не мог правільна вымаўляць літары, а хтосьці не ўмеў добра гуляць у футбол. Увогуле, атрымлівалася, што кругом адны злыя, неразумныя, непрывабныя, прагныя, хітрыя людзі, і толькі ён – Антось – найлепшы ва ўсім белым свеце.
І вось, з хлопчыкам здарылася адна вельмі нядобрая гісторыя. Выйшаў ён неяк з хаты на вуліцу, а ў двары вакол яго штосьці дзіўнае стала адбывацца. Адны смяюцца з яго і пальцам на яго паказваюць, другія ад яго ў розныя бакі разбягаюцца, а трэція абзываюць усякімі крыўднымі словамі. Нічога не можа зразумець Антось. Чаму гэта раптам усё так змянілася? Няўжо людзі навокал не бачаць, што ён самы лепшы хлопчык у свеце. Аглядзеў Антось сябе, сваю адзежу і нічога незвычайнага не заўважыў, а сам так думае: “Чаму ж яны на мяне пальцамі паказваюць? Відаць, згаварыліся ўсе супраць мяне”. Вось толькі штосьці вока левае балець моцна стала, нібы смецце ў яго трапіла і вельмі перашкаджае. Антось пачаў моцна церці сваё вока, а яно яшчэ мацней разбалелася. Спужаўся хлопчык, падбег да лужыны і зазірнуў у яе. Яго левае вока распухла, стала чырвоным і выглядала такім пачварным, што Антось у той самы момант адскочыў ад лужыны, бо спалохаўся сам сябе. Вока глядзела на Антося так зласліва, што здавалася, вось-вось чакай ад яго чаго-небудзь дрэннага. Антось закрыў злое вока рукой і хутчэй пабег да мамы. Калі мама ўбачыла сына, то замест таго, каб з пяшчотай яго пашкадаваць і супакоіць, яна стала гучна смяяцца. А затым узяла ды і выгнала Антося з хаты, але на вуліцу Антось ісці не хацеў, бо там яго зноў бы чакалі насмешкі і здзекі. Сеў Антось у пад’ездзе на сходы і стаў горка плакаць, пакуль не пачуў нечыя словы. Ён адкрыў вочы і нечакана ўбачыў маму.
    – Антось, уставай, – сказала яна, – а то ў школу спознішся.
    Антось агледзеўся па баках і вельмі ўзрадаваўся, што ўся гэтая гісторыя пра злое вока аказалася толькі непрыемным сном. Але пасля яго нешта змянілася ў сэрцы хлопчыка. Зараз ён ужо не здзекаваўся з іншых і стараўся нікога не дражніць, ды і на людзей стаў па-іншаму глядзець, па-добраму. Цяпер людзі яму нават трохі падабаліся, таму што ў кожным чалавеку ён навучыўся бачыць штосьці добрае.
    Антось вырашыў, што трэба хутчэй змяніць сваё стаўленне да людзей і навучыцца іх любіць. А для гэтага трэба толькі імкнуцца заўважаць у іншых як мага больш добрага і імкнуцца не бачыць дрэннага.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.