ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка 2024 года |
“Еvangelii gaudium” – дэвіз новапрызначанага біскупа
29 лістапада 2013 г. Святы Айцец Францішак намінаваў кс. прэлата Юзафа Станеўскага дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Аб біскупскай паслузе і евангелізацыі з нагоды намінацыі з кс. прэлатам Юзафам Станеўскім размаўлялі кс. Павел Салабуда і кс. Юрый Жэгарын.
- Ксёндз Юзаф, з якімі пачуццямі Вы ўспрынялі гэтую намінацыю?
- Разважаючы па-людску, гэта вельмі хвалюючы момант. Я памятаю такія ж хвалюючыя хвіліны падчас пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату. А цяпер рашэнне Святога Айца Францішка, каб я прыняў паўнату святарства. У сённяшнім свеце гэта заданне мае вялікае значэнне. Бог кліча і выбірае тых, каго Сам хоча. Ёсць, канешне ж, і радасць, бо тая дарога, па якой я крочу, той дыялог, які распачаўся з моманту майго нараджэння ў Вялікую пятніцу 1969 года, і той крыж, і пакуты, бо дзе ёсць крыж і пакуты, там ёсць і ўваскрасенне, – усё гэта мае сэнс. Пачуцці перапоўнены хрысціянскай надзеяй, аб чым вельмі часта гаворыць папа Францішак. Аптымізм – гэта ў свеце, а ў Касцёле – надзея. †
- Разважаючы па-людску, гэта вельмі хвалюючы момант. Я памятаю такія ж хвалюючыя хвіліны падчас пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату. А цяпер рашэнне Святога Айца Францішка, каб я прыняў паўнату святарства. У сённяшнім свеце гэта заданне мае вялікае значэнне. Бог кліча і выбірае тых, каго Сам хоча. Ёсць, канешне ж, і радасць, бо тая дарога, па якой я крочу, той дыялог, які распачаўся з моманту майго нараджэння ў Вялікую пятніцу 1969 года, і той крыж, і пакуты, бо дзе ёсць крыж і пакуты, там ёсць і ўваскрасенне, – усё гэта мае сэнс. Пачуцці перапоўнены хрысціянскай надзеяй, аб чым вельмі часта гаворыць папа Францішак. Аптымізм – гэта ў свеце, а ў Касцёле – надзея. †
- Што, на Вашу думку, з’яўляецца найважнейшым у біскупскай паслузе?
- Важнейшыя заданні біскупа можна знайсці ў Кодэксе кананічнага права ці іншых дакументах Апостальскай Сталіцы. А вось рэалізаваць усё гэта ў жыццё будзе, безумоўна, складаней, бо павінен быць адрасат. Важна, перш за ўсё, не забывацца, што я ўзяты з гэтага народа, што я разам з ім выхоўваўся, вучыўся ў школе, служыў у войску, атрымліваў духоўна-інтэлектуальны падмурак у семінарыі, у храме з гэтым народам я ўзносіў малітву да Бога спачатку як міністрант, потым як клерык, дыякан, святар. Сёння таксама важна быць з гэтым народам, каб не было ніякай розніцы, каб усе былі братамі і сёстрамі. Вялікім заданнем з’яўляецца ўзмацненне людзей у веры. Я веру, што Бог дадасць мне сілы, здольнасці і ахвоты, каб людзі, гледзячы на біскупа, змаглі знайсці таго, каго шукалі. Я хачу ім дапамагчы, а для гэтага трэба, перш за ўсё, сустрэцца з чалавекам, дапамагчы яму словам, малітвай, усмешкай, падзяліцца з ім радасцю.
- Які дэвіз Вы сабе абіраеце і чаму?
- Справу біскупскага дэвізу я разважаў на малітве. У жыцці стараюся быць радасным, менавіта таму вырашыў выбраць словы “Evangelii gaudium”. У сваёй новай адгартацыі папа Францішак паказвае, што ў гэтым свеце, напоўненым грахом, аднак адкрытым на Бога, мы павінны паказваць радасць Евангелля. Я ўжо некалі гаварыў, прычым з асабістага досведу, што большасць людзей успрымае Касцёл з пункту гледжання кодэкса забарон, пакуты. Неабходна такім людзям паказваць, што дае Касцёл, што дае Хрыстос – радасць таго, што мы Божыя дзеці, што Бог клапоціцца пра нас, што мы Яму патрэбныя, што Ён не абыякавы да нашых клопатаў. Трэба зрабіць гэты крок, бо любоў Бога заахвочвае нас так дзейнічаць. Папа Бенедыкт XVI у сваёй энцыкліцы “Deus Caritas Est” піша, што першы Бог палюбіў нас, і гэта не проста запаведзь, гэта мой асабісты адказ на Яго любоў.
- Што будзе змешчана на гербе?
- Сёння мне яшчэ цяжка сказаць (рэд.: інтэрв’ю было ўзята адразу пасля намінацыі), бо я сапраўды над гэтым яшчэ не задумваўся. На дадзены момант я разважаю і надалей буду разважаць гэтыя справы на малітве.
- Што праз сваю паслугу біскуп хоча перадаць людзям?
- Прысутнасць біскупа сярод людзей, хоць, можа, гэта больш датычыць біскупа ардынарыя, пастыра дыяцэзіі, вельмі важная. Калі біскуп ідзе да людзей і знаходзіцца з імі, яны пачынаюць адчуваць радасць і духоўную ўпэўненасць, што маюць лідара, маюць да каго звярнуцца і з кім параіцца.
- Якія абавязкі будзе выконваць дапаможны біскуп у нашай дыяцэзіі?
- Абавязкам дапаможнага біскупа з’яўляецца падтрымка біскупа ардынарыя дыяцэзіі ў яго паслузе. Гэта значыць, што маё служэнне будзе залежаць ад прапаноў і ініцыятыў кс. б-па Аляксандра. А я, у сваю чаргу, адкрыты на ўсё: тое, што ўмею, зраблю, а чаго не ўмею, навучуся.
- Ксёндз Юзаф, ці застанецеся Вы рэктарам Гродзенскай ВДС?
- Гэта залежыць ад кс. б-па Аляксандра. Я лічу, што паслуга біскупа – гэта, перш-наперш, прысутнасць сярод святароў, маіх братоў у святарстве, магчымасць наведваць іх, размаўляць з імі, ведаць, як яны жывуць, чаго яны патрабуюць і чакаюць ад нас, біскупаў. Гэта братэрскае жыццё. Але гэта таксама і прысутнасць сярод вернікаў. У семінарыі я працаваў з 1997 г. – спачатку ў якасці прэфекта, пазней на рэктарскай пасадзе. Новы чалавек, новая кроў заўсёды ўносіць нешта новае. Паслуга біскупа, на маю думку, вельмі вычарпальная, яна патрабуе шмат часу і самаадданасці, таму дзве гэтыя функцыі складана спалучыць.
- Якія крокі Вы цяпер як дапаможны біскуп будзеце рабіць адносна пакліканняў? Бо крызіс пакліканняў вельмі адчувальны.
- Калісьці бл. Ян Павел II сказаў, што сям’я – гэта першая семінарыя. Мы, безумоўна, многае робім у справе пакліканняў: рэкалекцыі, малітвы, сустрэчы з міністрантамі... Але, усё ж такі, тым першым месцам, дзе абуджаецца пакліканне да святарства, з’яўляецца сям’я, пабожная і поўная. А таму вельмі важна сустракацца і размаўляць менавіта з бацькамі, бо сённяшняе грамадства, як правіла, не вельмі добра ставіцца да справы паклікання. Добра было б, каб у сям’і было шмат дзяцей, бо калі ёсць толькі адно дзіця, то бацькі з болем прымаюць яго рашэнне аб прысвячэнні свайго жыцця Богу. Некалі было інакш: глеба для ўзнікнення паклікання была ў больш-менш шматдзетнай сям’і.
Нашае грамадства ўсёй сваёй сутнасцю, усім сваім сэрцам павінна звярнуцца да Евангелля, зразумець любоў Бога да чалавека, зразумець і знайсці сваё пакліканне. Вядома, што ў парафіях святары таксама павінны больш клапаціцца пра пакліканні. Як Бенедыкт XVI, так і Францішак вельмі часта падкрэслівалі сутнасць розных пакліканневых акцый, сустрэч, адзначаючы, што першым спосабам абудзіць пакліканне з’яўляецца малітва. Сёння існуюць розныя спосабы малітвы. Вельмі важная малітва вернікаў у кожны першы чацвер месяца – заклік аб новых шматлікіх пакліканнях. Вядома, што чалавек плануе, марыць, а Бог накіроўвае. Памяншэнне колькасці пакліканняў з’яўляецца таксама сігналам для нас, святароў, тэмай, каб паразважаць, чаму сёння маладыя хлопцы не хочуць быць святарамі. Падчас рэкалекцый паклікання, дзе малады чалавек добра сябе адчувае, цешыцца і радуецца, на пытанне, ці пойдзе ён у семінарыю, ён адказвае, што не. Маладыя людзі не могуць таксама растлумачыць, чаму яны не хочуць ісці ў семінарыю. Можа, таму, што сёння святар замала паказвае радасць святарства, можа, яны чуюць толькі нараканні з боку святароў, што шмат парафій, шмат вернікаў, споведзі... Вядома, што калі яны чуюць толькі аб гэтым і так гэта ўспрымаюць, то, магчыма, яны проста баяцца святарства, таму трэба больш аптымізму, святарскай і хрысціянскай надзеі. Калі яны будуць бачыць радаснага, вясёлага ксяндза, яны будуць разумець, што гэтая паслуга не з’яўляецца цяжарам, што яна нясе задавальненне і радасць. Я ўпэўнены, што Добры Пастыр у цішыні пакліча новае пакаленне святароў на нашай зямлі.
- У сваёй адгартацыі Папа вельмі многа гаворыць пра тое, што Касцёл павінен быць адкрытым, гаворыць пра місійнасць Касцёла. У пераказе Евангелля дапамагаюць СМІ, якія ўваходзяць у кожны дом праз Інтэрнэт, радыё і тэлебачанне. Ксёндз прэлат, якім Вы бачыце развіццё СМІ ў нашай дыяцэзіі?
- Я лічу, што нашыя дыяцэзіяльныя медыі знаходзяцца на высокім узроўні. У нас ёсць газета, праграма на тэлебачанні і радыё, інтэрнэт-старонка. Сапраўды, сёння інтэрнэтам карыстаецца мноства людзей, інфармацыю ў ім шукае вялікая колькасць нашых вернікаў. Калі Хрыстос сказаў: “Ідзіце і навучайце ўсе народы...”, Ён не ўдакладняў, якім чынам, але сказаў, што гэта павінна быць навука. Слова можа быць напісана, надрукавана, можа быць на радыёстанцыі і на тэлебачанні, але ў ім павінен быць добры змест. Калі мы гаворым пра Евангелле, то гэта павінны быць словы Евангелля. Будзем працаваць далей, каб нашы СМІ развіваліся і былі інструментам для прапаведавання Добрай Весткі. Вельмі важна, каб маладыя людзі пры дапамозе інтэрнэту, тэлефона і іншых сродкаў камунікацыі маглі знайсці радасць Евангелля.
- Што б Вы хацелі перадаць праз каталіцкія СМІ вернікам нашай дыяцэзіі?
- У першую чаргу, я хачу папрасіць аб малітве. Перад нашым мясцовым Касцёлам, перад біскупам ардынарыем і мной, новапрызначаным біскупам, сёння стаяць шматлікія пытанні і заданні, якія патрабуюць адказу і вырашэння, таму прашу Вашай малітвы ў маёй інтэнцыі, каб я як мага лепш выканаў гэтыя заданні, якія папа Францішак мне даручыў, запрашаючы да гэтай паслугі. Я са свайго боку абяцаю, што буду маліцца за Вас і за ўсіх тых, хто знаходзіцца ў пошуку дарогі да Касцёла, да Бога, каб радасць Евангелля была спазнана, і каб людзі не баяліся прыходзіць да Бога.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 81 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.