ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Змясціць скарб веры ва ўсё нашае жыццё

Слова рэдактара

  Мне здаецца, што ў канцы Года веры ў нас не менш пытанняў, чым іх было на яго пачатку. Кожнага з нас, напэўна, у першую чаргу цікавіць узрастанне нашай веры. Вядома, што не ўдасца ўвесь скарб веры змясціць у адным годзе, але ёсць магчымасць змясціць яго ва ўсё нашае жыццё. Адорваючы нас на святым хросце такім вялікім скарбам, Пан Езус адкрывае перад намі ўсе гарызонты жыцця, каб, “узрастаючы ў ласцы ў Бога і ў людзей” (параўн. Лк 2, 52), стаць шчаслівым, каб “усцерагчы” веру і выступіць у добрым змаганні нашага жыцця (параўн. 2 Цім 4, 7). Складаючы асабісты план на жыццё, давайце не будзем забывацца пра тое, што Бог хоча дзейнічаць у нашым жыцці паводле свайго плана. І як малое дзіця поўнасцю адкрытае на сваіх бацькоў і давярае ім, так кожны з нас павінен быць адкрытым на Бога.
    Для Касцёла ў Беларусі гэта быў год асаблівага роздуму над многімі справамі. Гэта былі вельмі важныя справы, якія патрабавалі ўвагі і засяроджанасці, але ўсе іх удалося вырашыць, бо яны былі даручаны Найсвяцейшай Маці. На працягу гэтага года мы яшчэ больш пазнаёміліся з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла, часцей адкрывалі Святое Пісанне для роздуму і разважання. Па меры нашых магчымасцей больш часу прысвячалі разважанню ісцін нашай веры.
Пэўна не адзін раз мы чулі гамілію на тэму Года веры і чыталі лісты нашых пастыраў. Тэма веры з’яўляецца тэмай нумар адзін як нашага жыцця, так і цэлага Касцёла, таму шкада часу і сіл, каб засяроджвацца і разважаць над менш важнымі справамі, другараднымі. Вера звязана з нашым жыццём, напоўненым Богам і досведам Яго дзейнасці і дапамогі ў кожным з нас. Мы павінны мабілізавацца да штодзённага акта веры, упісанага ў нашае жыццё.
    Разважаючы над гэтым пытаннем, я прыгадваю постаць соні, які не хоча ўставаць. Нягледзячы на тое, што прыйшоў час абудзіцца, ён паддаецца націску сну, адцягвае момант, калі трэба ўстаць, бо не хоча абуджацца. Сон перамагае яго і ён зноў засынае. Ён не хоча ўставаць з ложка і зноў закрывае свае вочы. Хутчэй за ўсё, няма такога чалавека, які б праспаў усё жыццё, але шмат тых людзей, якія “праспалі” многае. Падобна і з верай. Варта прачнуцца, абудзіцца, набрацца сіл і пераадолець усе націскі сённяшняга свету. Надышоў час абудзіцца, каб не адцягваць хвіліну свайго навяртання.
    Назіраючы за рознымі падзеямі з жыцця Касцёла ў Беларусі, удалося заўважыць вельмі важную справу, што Касцёл Беларусі багаты на людзей. Гэта, перш за ўсё, адказныя людзі, якія прагнуць сустрэчы з Богам, Касцёлам, біскупамі, якія звязаны са сваімі душпастарамі, утвараючы адзінства супольнасці. Касцёл на нашай зямлі малады, але гэта супольнасць на моцным фундаменце, паколькі крыніцай нашай веры з’яўляюцца моцныя карані нашых продкаў. Як сказаў у інтэрв’ю для нашай газеты арцыбіскуп Кандрусевіч, “веру на нашай Айчыне можна ахарактарызаваць як сімбіёз традыцый і новых тэндэнцый”.
    Давайце таксама запытаемся ў сябе: што здарылася ў маім жыцці ў Год веры? Нічога незвычайнага – адкажуць, напэўна, многія з нас. Але гэта не значыць, што гэты год быў змарнаваны. Падобна як нашае жыццё – ціхае, спакойнае, што вядзе нас да прастаты, прыгажосці і глыбіні штодзённай веры – такі быў і гэты год. А наперадзе новы год – Год новай евангелізацыі, чарговы год веры нашых сэрцаў.
    Пасля гэтага цудоўнага года ў многіх з нас нараджаецца пытанне: а што далей? Не стамляймася сведчыць пра Езуса Хрыста, які памёр за кожнага з нас, ахвяруючы сваё жыццё. Наша вера – гэта не аднаразовая рэч. Гэта скарб усяго нашага жыцця. Яго нельга выкінуць, бо тады б мы выкінулі са свайго жыцця Бога. Нам жа вядомы тысячы прыкладаў, калі людзі хацелі так зрабіць, і мы ведаем, што іх напаткала. Сёння істотным элементам нашага жыцця з’яўляецца абвяшчэнне Хрыста. Варта зразумець, што кожны з нас – гэта Божае дзіця, а таму давайце не будзем марнаваць у сабе талент, якім з’яўляецца вера. Не будзем замыкаць атрыманы ад Бога талент веры ў сваіх дамах, а дазволім яму развівацца. Сапраўдная вера загадвае нам даручаць сябе Богу ў шчасці і ў няшчасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.