ГРОДНА
Аўторак,
23 ліпеня
2024 года
 

Cетка Граху. Блудадзейства

Сетка граху

Вольга Пінкевіч, аўтар рубрыкі Калі б я была істотай з іншай планеты і трапіла на Зямлю, то, напэўна, маім першым пытаннем было б: “Што такое секс?”
Мне падаецца, што сексам прапітана ўсё ў нашай сучаснасці: тэлебачанне, Інтэрнэт, часопісы, культура, мэты, гумар... І толькі ў апошнюю чаргу – сям’я. Мы настолькі да гэтага прызвычаіліся, што ўсё пераблыталася ў нашым разуменні: тое, што павінна быць непрымальным, стала нормай.
    Свет вучыць: гомасексуалізм – гэта хвароба, дзіцячая траўма, права выбару кожнага... І пры ўсім – норма! Я бачу ў гэтым парушэнне законаў логікі. А калі нехта публічна прызнае гомасексуалізм асабістай распустай, яго назавуць дэспатам, які пасягае на правы чалавека.
У адзін цудоўны момант свет так клапаціўся пра сексуальныя меншасці, што, як гэта нярэдка здараецца, проста зруйнаваў сістэму каштоўнасцей, на якой на працягу тысячагоддзяў стаяў Сусвет: нармальная здаровая сям’я проста страціла сваю вартасць у вачах мільёнаў людзей... У еўрапейскіх школах на ўроках па сексуальным выхаванні дзецям тлумачаць, што быць “блакітнымі” і “ружовымі” – нармальна. Ці ж гэта і ёсць тая самая свабода выбару, да якой усе так імкнуліся, калі чалавеку яшчэ з дзяцінства далікатна патлумачылі, якая “норма” сапраўды павінна быць для яго “нормай”...
    Свет вучыць: каханне – гэта першая і галоўная каштоўнасць. Ці ж не нам, хрысціянам, з гэтым пагадзіцца? Але што ж мы з гэтага бачым? Дзеці, зусім дзеці, губляюць чысціню ў 14-15 гадоў. Чаму? Бо “я яго кахаю, а гэта важны момант у зносінах мужчыны і жанчыны”. “Мы сустракаемся ўжо год, таму вырашылі жыць разам. Напэўна, хутка мы ажэнімся, значыць, трэба ўсё паспрабаваць. А раптам мы не падыдзем адзін аднаму?”. Людцы мілыя, што ж вы робіце?! Што за гульня такая сваім целам, сваёю цнотай, душою сваёй? Што значыць “не падыдзем”? Як могуць не падысці адзін аднаму людзі, якія кахаюць адзін аднаго? Калі кахаеш, ці могуць быць сумненні? Сумненні ў тым, што зможаце ўстаць на ногі, наладзіць жыццё, вырашыць усе праблемы?
    “Я такая шчаслівая, што я з ім!” – “Міленькая мая, але ж гэта вялікі грэх!” – “Слухай, я лічу, што граху тут няма. Ці каханне можа быць грахом? А мы так кахаем адзін аднаго! Упэўнена, Бог гэта бачыць...”. Дык калі вы так кахаеце адзін аднаго, вазьміце шлюб! Чаго вы баіцеся? А можа, пакідаеце сабе шлях да адступлення? Дык якое ж гэта тады КАХАННЕ?
    Важна памятаць, што сама сексуальнасць не з’яўляецца грахом. Гэта вялікі Божы дар, каштоўны падарунак людзям, магчымасць максімальнага пазнання іншага чалавека. Але толькі шлюбнае ложа асвечана Божай міласцю.
    Каханне – найдасканалейшы стан чалавечай душы. Нечыстата забівае каханне. А значыць, калечыць душу. Яшчэ нават старажытныя славяне ведалі, што з кожнай выпадковай няшлюбнай сувяззю чалавек губляе талент кахання. Прагляд парнаграфіі – гэта знявага святога чалавечага цела – святыні Святога Духа. Ананізм – эгаістычнае задавальненне толькі сваіх патрэб. Вульгарнае адзенне – спосаб быць пажаданым. А гэта ж так прыемна! І ўсё гэта праяўленне вялікага, бясконцага эгаізму. А што эгаізм мае агульнага з любоўю? Нічога. А значыць, і нічога агульнага з Богам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  162

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.