ГРОДНА
Субота,
13 ліпеня
2024 года
 

Чым з’яўляецца апантанасць і экзарцызм? (1)

На шляху да святасці

Апантанасць належыць да тых з’яў, якія суправаджаюць чалавека ад спрадвечных часоў. Феномен гэты з’яўляецца адным з самых старэйшых вядомых чалавеку дасведаў экстатычнага кантакту з духоўнай рэальнасцю.
Пад тэрмінам апан­танасці трэба разу­мець часовую страту самасвядомасці на карысць іншай істоты, чалавека або боства, што праяўляецца праз радыкальную змену ў паводзінах. Часта даходзіць і да змены знешняга выгляду апантанай асобы. Для гэтай з’явы могуць быць характэрны і іншыя прыкметы, такія як размова на замежных мовах, якіх дагэтуль апантаная асоба ніколі не ведала (ксенаглосія), або выкарыстанне іншых незразумелых для людзей форм вакалізацыі, канвульсіі, стан трансу і гіпнозу, праяўленне надзвычайнай фізічнай сілы, неадчувальнасць да болю, змена здольнасці пазнання наваколь­нага асяроддзя, страта прытомнасці.
Аб тым, наколькі цяжкім з’яўляецца наданне дакладнай характарыстыкі з’яве апан­танасці, можа сведчыць той факт, што, з аднаго боку, эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (Word Human Organization [WHO], 1992) залічылі яе да форм псіхічнага расстройства, а з другога боку, 26 студзеня 1999 года ў Ватыкане абвясцілі пра выданне новага рытуалу экзарцызмаў, якія дапамагаюць вызваліцца апантанай асобе. Трэба адзначыць, што гэтая з’ява сустракаецца не толькі ў рэлігійных традыцыях, але таксама з’яўляецца важным кампанентам лакальных культаў.
    У самім аналізе паняцця “апантанасць” знаходзіць сваё адлюстраванне ўсё багацце культурных значэнняў. Лацінскае слова “possessio”, якое азначае адносіны “валодання”, “знаходжання ў валоданні”, стала кропкай адліку для многіх еўрапейскіх моў. Польскі адпаведнік “opętanie”, “знаходжанне ў путах”, уключае ў сябе радыкальную ацэнку з’явы, выразна падкрэсліваючы сітуацыю зняволення апантанага апутваючай яго істотай.
    Аднак жа не заўсёды феномен страты самасвядомасці на карысць іншай істоты многімі разглядаецца як негатыўны досвед. Шматлікія лакальныя культы і рэлігіі адрозніваюць апантанасць пазітыўную (бажаство “ўвайшло” ў цела) ад негатыўнай (злы дух “атакаваў” апантанага). Монатэістычныя рэлігіі не веда­юць “апантанасці Богам”, замест гэтага яны гавораць пра “супольнасць, адзінства с Богам”. Зазвычай станы страты самасвядомасці, якія сустракаюцца ў монатэітсычных рэлігіях, прыпісваюцца іншым фактарам. У хрысціянстве адрозніваюць апантанасць д’яблам, у юдаізме – апантанасць духам памерлай асобы, а ў містычных адгалінаваннях ісламу – апантанасць духам заснавальніка дадзенай супольнасці.
    Апантанасць часам разглядаецца як метафізічная і рэлігійная драма, псіхічнае расстройства і вынікаючыя з яго хваробы, від бласлаўлення або адрознення. Досвед гэтага стану змяняе не толькі перажываючую яго асобу, але глыбока ператварае шырыню і якасць адносін, у якіх асоба існуе, падвяргаючы іх глыбокім ператварэнням.
   
    Што азначае “апантанасць д’яблам”?
    Тэрмін “апантанасць д’яб­лам” (грэч. daimonidzomai – “быць апантаным”) азначае поўнае зняволенне чалавека сіламі зла. “Гэта вар’яцкі, гвалтоўны, нячысты стан людзей”. Заўважальнай прыкметай апантанасці з’яўляецца сур’ёзны разлад нармальнага ладу жыцця. Апантаныя “гучна крычаць”, адрозніваюцца “дзікімі паводзінамі” і з’яўля­юцца небяспечнымі для наваколля з прычыны сваёй звышнатуральнай сілы. Нават сёння дакладныя фактары, якія выклікаюць апантанасць, застаюцца невядомымі. Біблія апісвае два выпадкі ўзнікнення стану апантанасці (Саула [1 Сам 16, 23; 18, 10] і Юды [Ян 13, 27]), які надышоў у выніку выключна злых і свавольных дзеянняў чалавека.
    Галоўная мэта д’ябла – звесці чалавека з дарогі, якой з’яўляецца Езус Хрыстус. Д’ябал даводзіць да маральнага ўпадку праз цвёрдасць сэрца і распусту. Усё часцей людзі, аслепленыя рознымі рацыянальнымі ілюзіямі, адчуваючы фальшывы супакой, перастаюць распазнаваць прысутнасць зла ў свеце. Многія людзі адмаўляюцца прызнаваць з’яву апантанасці, тым самым не прызнаючы існаванне д’ябла. Такім чынам яны даюць злу магчымасць свабоды дзеянняў, адкрываючы душу для д’ябальскай рэчаіснасці.
    Аўтары Новага Запаве­ту, апісваючы выпадкі азда­раўлення апантаных людзей, часам спалучалі некаторыя захворванні (прычыны ўзнікнення якіх былі невядомыя), такія як эпілепсія, шызафрэнія і істэрыя, з дзеяннем злых духаў. Апантанасць, аднак, адрозніваецца ад узгаданых вышэй захворванняў наяўнасцю пэўных нехарактэрных для іх кампанентаў (веданне таемных фактаў, размова на іншых мовах, стан трансу, нечуласць да болю і іншыя).
    Апантанасць – гэта феномен, які часта сустракаецца ў сучаснай рэальнасці, чаго не жадаюць прызнаваць не толькі некаторыя навукоўцы, але і многія багасловы. Абараняючы гэтую з’яву, дастаткова спаслацца на той бясспрэчны факт, што Езус сваю грамадскую дзейнасць пачаў ад выгнання злых духаў з апантаных. Прарокі Старога Запавету абвяшчалі вызваленне ад дэманічнага ўплыву, якое, паводле Пісання, з’яўляецца знакам надыходу Божага Валадарства: “...Але калі Я Духам Божым выганяю д’ябла, значыць прыйшло да вас Валадарства Божае” (Мц 12, 28). “Хрыстос прыйшоў на зямлю, каб “знішчыць справы д’ябла” (1 Ян 3, 8), справядліва асудзіць (параўн. Мц 12, 22-29) і перамагчы яго праз збаўчую смерць на крыжы (параўн. Кал. 2, 15). Вызваленні з апантанасці, здзейсненыя Езусам, з’яўляюцца паказчыкам таго, што ў Ім і праз Яго Бог паказаў сваю бясконцую сілу, якая пераадолее моц д’ябла і вызваліць людзей з-пад уплыву зла і граху. Сілы, каб змагацца з дэманамі, атрымліваюць ад Езуса Апосталы, а далей іх пераемнікі (біскупы) і належным чынам падрыхтаваныя святары (экзарцысты).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  172

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.