ГРОДНА
Чацвер,
05 снежня
2024 года
 

Заўсёды любіць Касцёл

Слова рэдактара

   “Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе” (Ян 21, 17), – сказаў св. Пётр Езусу. Гэта сведчанне любові вучня да Настаўніка, чалавека да Бога, першага Папы да Касцёла. Пётр, які, як і мы, перажываў розныя хвіліны падчас сваёй жыццёвай вандроўкі, заахвочвае нас кожны дзень нанова адкрываць дзейнасць Бога ў нашым жыцці. У першую чаргу, паслуга Апостала, паслуга вучня пазначана любоўю. Да такой любові запрошаны таксама і мы. У сваім жыцці праз розныя сітуацыі і досвед мы кожны дзень адкрываем Таго, хто палюбіў нас, аддаючы сваё жыццё на крыжы, каб мы таксама былі збаўлены. Пасланне любові ў паўсюдным Касцёле з’яўляецца адным з найважнейшых пытанняў, таму любоў да Бога, да Касцёла і да іншага чалавека становіцца пакліканнем кожнага з нас. Гэта стыль жыцця веруючага чалавека, які прагне ў сваім жыцці сустрэць Бога, перажыць любоў.
    Прыгожа і трапна параўнаў Касцёл да маці папа Францішак. Святы Айцец, разважаючы падчас адной з аўдыенцый у сераду аб любові да Касцёла, паказаў вобраз Касцёла як маці. “Касцёл, як маці, указвае дарогу, адорвае любоўю, даручае сваіх дзяцей Богу”, – сказаў папа Францішак. Як любоў да мамы ніколі не знікае, так любоў да Касцёла заўсёды павінна быць у нашых сэрцах моцная і шчырая. Ніводнае дзіця ніколі не перастала любіць сваю маму, а таму ні адзін хрысціянін не павінен перастаць любіць Касцёл. Мы сёння закліканы да гэтага, нават больш: мы павінны мабілізаваць адзін аднаго, паказваючы дарогу любові да Касцёла.
Кожны з нас, жыхароў нашай краіны, мае ўласную дарогу да Касцёла, але гэтага не дастаткова – мы таксама павінны па-каталіцку паказваць свету любоў да супольнасці веруючых людзей. Варта падкрэсліць, наколькі моцная гэтая любоў сярод людзей, якія жывуць на нашых землях.
    Шмат гаворыцца на тэму таго, што Касцёл з’яўляецца домам Бога, а не няўрадавай арганізацыяй; домам кожнага з нас, а не крамай; выключным месцам, у якое заўсёды хочацца вяртацца. Касцёл жывы, бо ў яго цэнтры заўсёды знаходзіцца Хрыстос, якога нясе Касцёл. Там, дзе Бог і Касцёл, заўсёды прысутнічае Яго любоў і моц. Калі мы ў чарговы раз даём сваё сведчанне веры і любові, вызнаючы веру ў святы паўсюдны каталіцкі Касцёл, мы ў першую чаргу павінны быць зацікаўлены неабходнасцю паглыблення сваёй веры, трываючы на малітве і слухаючы Божае слова. А гэта магчыма толькі ў касцёле.
    Прыгадаем сабе, што Касцёл абсалютна не ўскладняе нам жыццё, а асвячае і асвятляе яго. Мы знаходзімся на дарозе сакраментальнай любові Бога да чалавека, перажываючы таямніцу прысутнасці Бога ў Касцёле, як і ў кожным з нас. Праз сакрамант хросту мы былі ўключаны ў жыццё Бога, сакрамант канфірмацыі ўзмацняе жыццё з Богам, падчас Эўхарыстыі мы сустракаемся з жывым Хрыстом, а на споведзі перажываем момант нашага навяртання, у хваробе сам Хрыстос нас намашчвае, каб аздаравіць, а прымаючы сакрамант святарства ці сужэнства, мы злучаны з Хрыстом, які бласлаўляе нам падчас выбару адпаведнай дарогі.
    Хто можа сёння пасля ўсяго гэтага сказаць, што Касцёл ускладняе жыццё? Хіба, толькі той, хто сам трымаецца ўбаку ад касцёла, прымаючы варожую паставу. Многім людзям хочацца пажадаць хуткага вяртання на дарогу любові да Касцёла, а кожнаму верніку хочацца сказаць, паўтараючы з св. Хосэ Марыяй: “Разважай гэта часта: я з’яўляюся католікам, сынам Хрыстовага Касцёла! Хрыстос зрабіў так, што я нарадзіўся ў сям’і, якая «належыць Яму», без аніякай заслугі з майго боку. Колькі ж я Табе вінен, мой Божа!”.
    “Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”. Езус сказаў яму: “Пасі авечак Маіх!” (Ян 21, 17). Жыццё праходзіць у кожнага з нас. Засяроджваючыся над сэнсам свайго жыцця, мы пачынаем думаць пра Бога. Такі спосаб мыслення, калі ён пацвярджаецца ўласным жыццём, адорвае аптымізмам на далейшыя гады нашай вандроўкі. Хрысціянскі погляд на сённяшні свет і тое, што ў ім адбываецца, павінен быць намашчаны небам, якое трэба заслужваць на зямлі. Не варта выключаць са сваёй жыццёвай праграмы духоўнае развіццё. Менавіта клопат пра гэтае развіццё засцеражэ нас ад розных сітуацый, якія не заўсёды залежаць ад нас. Мы адказныя адзін за аднаго, а таму варта клапаціцца пра сэрца кожнага чалавека, каб яно было напоўнена дабрынёй і любоўю. У такім сэрцы для Бога заўсёды знойдзецца месца, такое сэрца будзе біцца ў рытме неба. І менавіта такім павінна стаць наша сапраўднае жыццё, да якога нас вядзе рахунак сумлення.
    Веруючы чалавек падчас рахунку сумлення задае, напэўна, сабе пытанне: “Ці ўсім сэрцам я люблю Бога больш за ўсё?”. Там, дзе наша вера жывая, мы адчуваем любоў, адчуваем Бога. Такі досвед дае нам надзею на вечнае жыццё, дзякуючы чаму мы адчуваем сябе патрэбнымі тут на зямлі, не марнуем жыцця, разумеем сэнс нашага існавання. У Новым Запавеце святы Павел у Пасланні да рымлян піша: “А надзея не ганьбіць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, Які нам дадзены” (Рым 5, 5).
    У бліжэйшыя дні мы накіруемся на могілкі да магіл нашых памерлых блізкіх. Ідучы туды, давайце яшчэ раз запытаемся ў сябе пра нашу любоў да Бога. Давайце зробім рахунак сумлення, каб у зямным жыцці нам былі адкрыты гарызонты жыцця вечнага. Збаўленне нашых душ – вось, чым мы заўсёды павінны быць зацікаўлены. Кожны з нас павінен яшчэ раз сказаць сабе і захаваць гэтыя словы ў сваім сэрцы: “Ён увесь мой. Ён памёр за мяне і даў мне неба, Ён думаў пра мяне на крыжы, а цяпер думае пра мяне ў небе і клапоціцца пра тое, што карысна для мяне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  27

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.