ГРОДНА
Панядзелак,
22 ліпеня
2024 года
 

100-годдзе нараджэння для Неба бл. Цэліны Бажэнцкай

З жыцця Касцёла

26 кастрычніка ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы ўрачыста адзначалі 100-годдзе нараджэння для Неба бласлаўлёнай Цэліны Бажэнцкай – адной з заснавальніц Кангрэгацыi Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста (змёртвыхпаўстанак).
Кангрэгацыя была зас­навана ў Рыме ў 1891 г. Цэлінай і Ядзвігай Бажэнцкімі, маці і дачкой. Цэліна Бажэнцкая (у дзявоцтве Хлюдзінская) нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. y Антавілі каля Оршы. Паслухмяная волі бацькоў, выйшла замуж, нарадзіла чатырох дзяцей, дваіх з якіх памерлі ў маленстве. Пасля смерці мужа рэалізавала сваё прагненне да манаскага жыцця і разам з малодшай дачкой Ядзвігай заснавала кангрэгацыю сясцёр змёртвыхпаўстанак. Памерла 26 кастрычніка 1913 г. у Кракаве (Польшча).
    Жыццё бласлаўлёнай як жонкі, маці, удавы, манахіні і заснавальніцы кангрэгацыi сясцёр змёртвыхпаўстанак, беатыфікаванай у Рыме 27 кастрычніка 2007 г., звязана з Беларуссю. У другой палове ХIХ ст. бласлаўлёная Цэліна разам са сваёй дачкой Ядзвігай, 150-годдзе нараджэння якой адзначаецца сёлета, жылі на гродзенскіх і віцебскіх землях.
Першыя этапы жыцця Цэ­ліны звязаны з наступнымі месцамі: Антавіль, каля Оршы, – месца нараджэння і дзяцінства; Лескавічы – гады маладосці; Абрэмшчына, Заневічы – гады жыцця ў сужэнстве. Да касцёла ў Квасоўцы бласлаўлёная часта прыходзіла на малітву і св. Імшу.
    На ўрачыстасць 100-годдзя смерці Маці Цэліны прыбыў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, святары Гродзенскай дыяцэзіі і іншых мясцін, прадстаўнікі мясцовых улад і шматлікія вернікі парафіі ў Квасоўцы і наваколля.
    Перад літургіяй вернікі маліліся Ружанец, прадстаўляючы Богу свае просьбы праз заступніцтва бласлаўлёнай Цэліны. Урачыстую св. Імшу ўзначаліў кс. бп Казімір Велікаселец. На пачатку быў агучаны ліст Генеральнай настаяцельніцы сясцёр змёртвыхпаўстанак у Рыме маці Тэрэзы Марыі Крэфт CR. У ім Генеральная настаяцельніца выказвае ўдзячнасць Касцёлу ў Беларусі, у першую чаргу на Гродзеншчыне, за руплівае пашырэнне і распаўсюджванне культу бласлаўлёнай, і дзякуе за тое, што Касцёл у Беларусі памятае пра сведкаў веры, якія на працягу стагоддзяў жылі на гэтай зямлі.
    Вітаючы прысутных, пробашч парафіі і ініцыятар урачыстасці кс. Ян Занеўскі ўзгадаў апошнія словы Маці Цэліны, якія яна прамовіла да сваіх сясцёр: “У Богу вечнае шчасце”. Святар заўважыў, што на ўсіх этапах свайго жыцця бласлаўлёная старалася выконваць Божую волю і быць паслухмянай слугой Пана.
    Біскуп Казімір Велікаселец у гаміліі разважаў пра жыццё і шлях да нябеснай хвалы бласлаўлёнай Цэліны і яе дачкі Ядзвігі. Іерарх адзначыў, што святасць магчыма і ў наш час, бо “да святасці кожнага з нас кліча сам Пан Бог, кажучы: «Будзьце святымі, як Я святы»”.
    Па словах біскупа, самай паспяховай дарогай да святасці з’яўляецца малітва і рэгулярны ўдзел у нядзельнай Імшы. “Нам трэба ўзрастаць у мудрасці, любові і святасці. Для таго ж, каб гэта стала магчымым, нам трэба ісці да алтара, бо толькі там мы можам атрымаць усе гэтыя Божыя дары”, – сказаў іерарх.
    Біскуп звярнуў увагу, што фундаментам жыцця бласлаўлёнай Цэліны была вера ў Бога і рэгулярная малітва. У яе сэрцы “заўсёды было месца для Бога, бо яна кожны дзень жыла верай”. “Мы павінны наследаваць яе, асабліва ў гэты Год веры прасіць аб памнажэнні нашай веры, каб мужна яе вызнаваць і перадаваць маладому пакаленню”, – дадаў іерарх.
    Па словах біскупа, Цэліна і Ядзвіга Бажэнцкія сваім жыццём паказалі, што існуе Бог і існуе любоў. Іерарх адзначыў, што “кожны з нас штодзень павінен быць падрыхтаваны да таго, каб стаць перад Богам з чыстай душой”. Звяртаючыся да бацькоў, біскуп заклікаў іх кожны дзень самім дбаць пра чысціню сваёй душы і вучыць такому дасканаламу жыццю сваіх дзяцей, дадаўшы, што выдатным прыкладам гэтага з’яўляецца Маці Цэліна, якая заснавала манаскую супольнасць разам са сваёй дачкой.
    Пасля св. Імшы пробашч кс. Ян Занеўскі прэзентаваў кнігу “Слядамі бласлаўлёнай Маці Цэліны і Маці Ядзвігі Бажэнцкіх у Беларусі” аўтарства с. Ганны Алены Скалік CR. Па словах святара, чытаючы гэтую кнігу пра маці і дачку Бажэнцкіх і іх сувязь з Беларуссю, можна прайсці слядамі іх жыцця на нашай зямлі і лепш пазнаць жыццярыс гэтых дзвюх жанчын.
    Ксёндз Ян Занеўскі падзя­каваў усім, хто пашырае на Гродзенскай зямлі культ бласлаўлёнай Цэліны, а таксама выказаў падзяку мясцовым уладам за дапамогу, якая аказваецца касцёлу ў Квасоўцы, асабліва ў будаўніцтве капліцы ў Абрэмшчыне.
    Напрыканцы адбылося набажэнства да бласлаўлёнай Цэліны і ўшанаванне яе рэліквій. Такое набажэнства, падчас якога вернікі праз заступніцтва бласлаўлёнай звяртаюцца са сваімі просьбамі да Бога, адбываецца ў парафіі ў Квасоўцы кожны 26-ы дзень месяца.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  163

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.