ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

57 гадоў на службе Богу і людзям

З жыцця Касцёла

Кс. прэлат Юзаф Трубовіч30 верасня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне ўрачыста адзначыў 57-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння кс. прэлат Юзаф Трубовіч. Ксёндз прэлат з’яўляецца самым старэйшым святаром у Гродзенскай дыяцэзіі.
Урачыстасці распачаліся святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку Імшы іерарх заахвоціў удзельнікаў маліцца за святара, які адзначае такую значную дату прыняцця пасвячэння.
    Па словах біскупа, кожнаму святару неабходна духоўная падтрымка вернікаў. “Малітва вельмі патрэбна кожнаму святару; дзякуючы малітве сваіх парафіян ён можа ўзрастаць у пакліканні і з кожным днём станавіцца ўсё больш верным слугой Евангелля”, – дадаў іерарх.
    Гамілію прамовіў кс. Юрый Марціновіч, які паходзіць з парафіі, дзе зараз служыць кс. Юзаф Трубовіч. “Нам добра вядома, як неабходны чалавеку святар, бо менавіта ён мае ўладу, дадзеную яму з неба, каб падчас кожнай Імшы зводзіць Бога на зямлю, – сказаў кс. Марціновіч. – Кожны святар сваім голасам, жэстамі і прагненнем сэрца «прыводзіць» да нас Бога. Яго голас становіцца голасам Хрыста, яго ногі нясуць Хрыста іншым людзям”.
“Святарства – гэта перш за ўсё служэнне, – дадаў святар. – Прыклад гэтага служэння даў нам сам Хрыстос, калі, напрыклад, абмыў ногі вучням падчас Апошняй Вячэры”.
    Па словах кс. Юрыя Марціновіча, “святаром становяцца не для сябе, а для іншых”. “Быць для іншых, быць з іншымі, цешыцца шчасцем іншых, падзяляць праблемы іншых... Па-сапраўднаму любіць іншых, служыць ім усёй сваёй асобай... Святар не жыве для сябе, ён жыве для вас, як паўтараў часта св. Ян Марыя Віянэй”, – нагадаў святар.
    “Святкаванне 57-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння ў нашай парафіі – цудоўнае сведчанне таго, што юбіляр жадае далей верна крочыць шляхам свайго паклікання”, – адзначыў святар, кажучы пра кс. прэлата Юзафа Трубовіча.
    Напрыканцы св. Імшы прадстаўнікі розных парафій, дзе служыў ксёндз прэлат, выказалі яму сардэчныя віншаванні.
    Ксёндз Юзаф Трубовіч у сваім слове падзякаваў Богу за ўсе дары і ласкі, якія ён атрымлівае ад Бога штодзень; выказаў падзяку таксама біскупу Кашкевічу за сапраўдны айцоўскі клопат аб святарах, а ўсім вернікам, што сабраліся ў гэты дзень на малітву, – за ўдзел у Імшы і за выразы цеплыні і любові. Святар таксама папрасіў прысутных аб далейшай памяці пра яго ў малітвах.
   Мудры і шчаслівы той, хто, атрымаўшы жыццё, не страціў падабенства і дзяцінства Божага (кс. Юзаф Трубовіч) Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў кс. Трубовічу за ахвярнае служэнне ў дыяцэзіі, за вялікі клопат аб новых пакліканнях і за апостальскую руплівасць, якая, нягледзячы на сталы ўзрост, не пакідае святара. Па словах іерарха, ксёндз прэлат з’яўляецца для ўсіх прыкладам гарачай малітвы і па-сапраўднаму адданага святарскага жыцця.
    Пасля св. Імшы свята працягнулася ў дольным касцёле, дзе група вернікаў з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі падрыхтавала канцэртную праграму. Тут адбылася прэзентацыя новай кнігі кс. Трубовіча “Як наконт праўды і рэальнасці?” (“Dlaczego o prawdzie i rzeczywistości?”), выпушчанай у 2013 г. выдавецтвам Гродзенскай дыяцэзіі. У кнізе аўтар прыгадвае навучанне Касцёла ў пытаннях веры, перасцерагае перад дзеяннем шатана.
    Сваю першую кнігу – “Шлях звычайнага жыцця” – кс. прэлат Юзаф Трубовіч выдаў у 2006 г. з нагоды 50-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння. У кнізе святар падзяліўся ўспамінамі з савецкіх часоў і ўражаннямі душпастарскага служэння.
    У дольным касцёле адбылася таксама мультымедыйная прэзентацыя аб жыцці кс. Трубовіча, якая суправаджалася цытатамі з яго новай кнігі. Прагучалі рэлігійныя спевы, моладзь прачытала вершы на тэму святарства і паклікання. Свята завяршылася супольным пачастункам і размовамі, падчас якіх многія вернікі падыходзілі да святара, дзякуючы яму за ўдзелены калісьці сакрамант хросту ці сужэнства.
    Прэзбітэрскае пасвячэнне Юзаф Трубовіч атрымаў 30 верасня 1956 г. у Рызе (Латвія) з рук біскупа Казіміра Дулбінскага.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.