ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Мастацтва добрага жыцця

Слова рэдактара

   Спосабаў для добрага жыцця шмат. Добрае не заўсёды азначае мудрае, а таму не кожны са спосабаў, якія мы сустракаем на сваім шляху, з’яўляецца мудрым. Сёння сучаснасць гоніцца за ідэаламі шчасця, якія, як нас спрабуюць упэўніць, заўсёды звязаны з пэўнымі поспехамі. Лепш за ўсё было б перажыць некалькі поспехаў у жыцці: тых, якія датычацца сям’і, прафесіі і, безумоўна, грошай – напрыклад, выйграць у латарэі ці мець высокія заробкі, каб ні аб чым не шкадаваць у жыцці. Менавіта такім чынам мы пачынаем уяўляць наша новае і добрае жыццё. Паняцце “новае і добрае жыццё”, на жаль, неадназначнае. У першую чаргу варта задумацца над гэтым “добрым” у маральным сэнсе. Трэба адказаць на асноўныя пытанні, якія Бог у сваім Дэкалогу задае кожнаму чалавеку. Толькі тады стане зразумела, якое яно – наша жыццё. Варта над ім часта задумвацца, бо добра і мудра жыць сёння становіцца вялікім мастацтвам. На жаль, бачачы сённяшнія рэаліі, не ўсе могуць дасягнуць гэтага мастацтва. А найбольшая праблема тоіцца ў самім чалавеку.
   Жыць мудра і прыгожа – значыць жыць з Богам. Кожны з нас павінен не толькі марыць аб такім жыцці, але імкнуцца да яго – да жыцця, якое заключае ў сабе любоў, пачуццё бяспекі, жыцця, у якім мы будзем акружаны сям’ёй, сябрамі, добразычлівасцю. Менавіта такія намеры існуюць у Бога адносна кожнага з нас, а мы павінны апанаваць такое мастацтва жыцця. Давайце прыгадаем словы Хрыста: “Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (параўн. Ян 10, 10).
Кожны чалавек мае выдатную магчымасць пакаштаваць гэтага жыцця, а тым больш, гэта павінен зрабіць веруючы чалавек. Прыгадаем сабе, што дар прысутнасці Бога ў нашым жыцці становіцца для нас найбольшым шчасцем. Такі чалавек павінен мець адкрытае сэрца і менавіта тады, па прыкладзе самарыцяніна, ён пачуе голас іншых людзей, пачуе голас Хрыста. З хвіліны святога хросту на нас увесь час сыплюцца дары, якія ідуць ад Хрыста.
    Падчас адной з ранішніх св. Імшаў у доме св. Марты папа Францішак спытаўся ў сабраных, ці дазваляюць яны Богу, каб Ён пісаў гісторыю іх жыцця, або, можа, любой цаной хочуць зрабіць гэта самастойна. Я лічу, што менавіта такая пастава чалавека, які дазваляе Богу весці сябе, робіць яго жыццё добрым і мудрым. Непрыемнасці часам здараюцца, але не варта ўвесь час іх прыгадваць. Прыглядаючыся да сваёй штодзённасці, варта збіраць тыя малыя “шчасці”, якія ёсць вакол нас, каб пазней быць шчаслівым і рабіць шчаслівымі іншых. Я разумею, што мы прысвячаем шмат часу на тое, каб зарабіць якую-небудзь капейку на жыццё, паколькі з кожным днём яно не становіцца лягчэйшым, але мы павінны яшчэ знайсці час і сілы на тое, каб паразважаць над сваім жыццём, над сваёй дарогай да неба. Варта сваім жыццём пачаць ужо цяпер зводзіць неба на зямлю.
    Каб даць нам добрае і багатае жыццё, Бог выцерпеў вялізную ахвяру: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Давайце не страцім у сваім жыцці гэтай бясцэннай сувязі з Богам. Езус адзіны, хто можа нас ашчаслівіць на заўсёды. Варта заахвочваць тых, хто знаходзіцца паводдаль ад Бога, да добрага жыцця і да веры. Давайце маліцца аб тым, каб нашая вера павялічвалася, а таксама аб добрым сумленні нашага народа. Давайце будзем часцей сабе прыгадваць, што Бог нас любіць і мае для нашага жыцця цудоўны план. Замест таго, каб пытацца ў сябе, што добрага Бог зрабіў у нашым жыцці, давайце запытаемся, што мы зрабілі для Бога і бліжняга чалавека. Кожны з нас павінен асабіста прыняць Хрыста як Збаўцу і Пана.
    Падсумоўваючы свае разважанні, я магу дакладна сцвердзіць, што выбіраю добрае і мудрае жыццё разам з Богам. Гэта вялікае мастацтва, якому я вучуся на працягу ўсяго жыцця, каб разам з Богам не змарнаваць гэтага дару жыцця. А якое жыццё выбіраеш Ты?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.