ГРОДНА
Серада,
24 ліпеня
2024 года
 

Алтар св. Міхала Арханёла адноўлены

З жыцця Касцёла

Пробашч кс. Ян Кучынскі прыклаў шмат намаганняў, каб алтар св. Міхала Арханёла ў катэдральнай базіліцы захапляў вернікаў сваім выглядам

Сотні вернікаў сабраліся 29 верасня ў катэдральнай базіліцы, святкуючы ўрачыстасць святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала. У гэты дзень быў таксама ўрачыста адкрыты пасля рэстаўрацыі самы старэйшы алтар святыні – алтар св. Міхала Арханёла. Дзякуючы намаганням пробашча кс. Яна Кучынскага, працы людскіх рук і ахвярнасці дабрачынцаў, алтару быў вернуты яго стыль.
Дзень 29 верасня як дата адкрыцця алтара быў выбраны невыпадкова, бо менавіта ў гэты дзень Касцёл успамінае трох вядомых нам па імёнах арханёлаў – Міхала, Габрыэля і Рафала, якія “ўваходзяць перад абліччам славы Пана”.
    На пачатку св. Імшы быў урачыста адкрыты, а затым асвечаны кс. біскупам Аляксандрам Кашкевічам алтар св. Міхала Арханёла, які захапіў сваім бляскам вернікаў, што прыбылі на ўрачыстасць.
    Прамаўляючы гамілію, іерарх падкрэсліў, што праўда пра анёлаў застаецца не да канца адкрытай таямніцай, паколькі са Святога Пісання мы ведаем, што анёлы неахвотна раскрываюць свае імёны, каб сваёй асобай не адцягваць увагу чалавека ад пашаны для Імя Божага.
    – Пра гэтую сферу нябесных духаў мы маглі б сказаць: “Ані вока не бачыла, ані вуха не чула, ані сэрца чалавечае не здольна ўявіць”. Усё, што мы ведаем пра анёлаў, мы ведаем толькі дзякуючы Божаму аб’яўленню. Пан Бог у сваёй бясконцай дабрыні і мудрасці падымае перад намі заслону таямніцы і дазваляе нам часткова пазнаць той звышнатуральны свет.
– Бог робіць гэта не для таго, каб задаволіць нашую цікаўнасць. Ён дае нам пазнаць звышнатуральную рэчаіснасць, каб мы зразумелі, якім вялікім і цудоўным з’яўляецца нашае прызначэнне, і каб мы не выпусцілі з поля зроку мэту нашай зямной пілігрымкі, – казаў кс. бп Аляксандр. – Пан Бог прагне, каб мы, жывучы на гэтай зямлі, сумавалі па нашай нябеснай Бацькаўшчыне і не шкадавалі сіл, каб пасля заканчэння зямной вандроўкі дасягнуць вечнага шчасця.
    Божае слова паказвае нам гісторыю свету і чалавецтва, выкарыстоўваючы вобраз пастаяннага змагання, зацятай барацьбы паміж Панам Богам – найвышэйшым дабром, і сіламі зла і цемры, на чале якіх стаіць шатан. У гэтай барацьбе на баку Бога выступілі анёлы на чале з Міхалам, якога Святое Пісанне называе Вялікім Князем. Імя Міхал у стараяўрэйскай мове азначае “хто ж як Бог”. Гэта заклік ці дэвіз, які акрэслівае тоеснасць арханёла і паказвае сутнасць яго прызначэння. Св. Міхал змагаецца на баку Пана Бога і ў гэтай барацьбе з трыумфам перамагае. Не можа быць інакш, бо ва ўсім Сусвеце няма нікога мацнейшага за Бога.
    Зацятая барацьба паміж дабром і злом распачалася на небе, калі некаторыя анёлы збунтаваліся супраць Бога, пагардзілі Яго любоўю. Тады Міхал і яго анёлы, будучы вернымі Пану Богу, змагаліся з цмокам і перамаглі яго, скінуўшы на зямлю разам з іншымі паўшымі анёламі, бо ў небе ўжо не было для іх месца. Калі змей, старадаўні спакуснік, які падманваў усю зямлю і абвінавачваў вызнаўцаў сапраўднага Бога, быў назаўсёды звергнуты з аблічча велічы Божай, тады барацьба на жыццё і смерць перанеслася на зямлю. “Затым надышло гора зямлі і мору, – гаворыць нам св. апостал Ян, – бо сышоў д’ябал, поўны вялікай злосці, ведаючы, што мае мала часу”. Гэты апакаліптычны вобраз шатана, якога скінулі з неба на зямлю і які заўзята змагаецца з рэштай сіл супраць вызнаўцаў Бога, на першы погляд здаецца вельмі песімістычным і мог бы напоўніць нас трапятаннем і жахам, калі б яго не ўраўнаважыла найважнейшая ісціна хрысціянскай веры – ісціна пра ўваскрасенне Хрыста.
    Перажываючы Год веры, мы як хрысціяне, вызнаўцы Хрыста, з’яўляемся ўдзельнікамі Яго перамогі і, як піша св. Павел, “надзеяй ужо збаўленыя”. Гэтая ісціна, аднак, не выключае факта, што нашае жыццё тут, на зямлі, з’яўляецца няспыннай барацьбой, бо кожны з нас штодзённа адчувае, як нялёгка ісці за Хрыстом, як складана весці жыццё, згоднае з ідэаламі Яго Евангелля, як многага нам каштуе ў кожнай сітуацыі прыслухоўвацца да голасу сумлення, пазбягаючы зла і выбіраючы дабро. Чалавек мае спакусу пайсці шляхам найменшага супраціўлення, шукання кампрамісу са злом і выбірання фальшывых каштоўнасцей. Гэтую слабасць нашай волі выкарыстоўвае шатан, які хоча нам нашкодзіць, а таму ён стараецца аддаліць нас ад Бога і прывесці да зла.
    – У нашым штодзённым змаганні са злом мы, усё ж, не адзінокія. Хрыстос няспынна падтрымлівае нас сваёй ласкай, а св. арханёл Міхал з’яўляецца для нас прыкладам абсалютнай адданасці Хрысту, безагаворачнага знаходжання на старане Бога, мужнай і адважнай барацьбы са злом, якое знаходзіцца вакол нас і ў нас саміх. Імя св. Міхала – “хто ж як Бог” – павінна быць для нас заахвочваннем супрацьстаяння ўсяму таму, што супярэчыць Божай волі, а таксама прыгадваць, што канчатковая перамога належыць Богу, – працягваў біскуп.
    Гаворачы беспасрэдна пра адноўлены алтар св. Міхала Арханёла, кс. бп Аляксандр адзначыў, што ён з’яўляецца сапраўдным духоўным скарбам парафіі, як і ўсяго горада Гродна, бо ён прыгадвае нам пра сувязь з пакаленнем хрысціян, якія раней тут жылі, працавалі, вялі барацьбу і пакутавалі за веру. Даўнія алтары часта акружае мноства анёлаў. Крылатыя постаці адаруюць, падтрымліваюць ці проста аздабляюць. У той жа час алтар св. Міхала Арханёла ў фарным касцёле мае характар, які рэдка дзе сустракаецца: ён поўнасцю прысвечаны Божаму пасланніку. Св. Міхал, які сотні гадоў глядзеў на вернікаў з гэтага алтара, дадаваў ім бадзёрасці, суцяшаў, узмацняў у веры і надзеі.
    На заканчэнне іерарх заахвоціў вернікаў дзякаваць Богу за такое цудоўнае сведчанне веры, атрыманае ад нашых продкаў, а таксама выказаў словы ўдзячнасці тым, хто ўдзельнічаў у рэстаўрацыі алтара, даючы сваім удзелам прыгожае сведчанне хрысціянскай самаахвярнасці.
    – Няхай святы Міхал Арханёл выпрошвае для нас неабходныя ласкі, каб мы, як і ён, заўсёды былі на баку Хрыста, а нашым дэвізам няхай будуць словы: “Хто ж як Бог”, – пажадаў кс. бп Аляксандр Кашкевіч.
    Кс. Ян Кучынскі, пробашч катэдральнай парафіі: “Мы своечасова пачалі рэстаўрацыю алтара”
    – Алтар св. Міхала Арханёла – самы старэйшы алтар у катэдральнай базіліцы, бо ён паходзіць з 1664 года. Ён знаходзіўся яшчэ ў першапачатковым касцёле айцоў езуітаў пад тытулам святых апосталаў Пятра і Паўла. З гісторыі вядома, што 3 верасня 1664 года ў Гродна быў унесены цудатворны абраз Маці Божай, сёння называны Кангрэгацкай, у той час ён меў дзве назвы – Рымскай ці Снежнай. Абраз быў змешчаны ў старым драўляным касцёле айцоў езуітаў, дзе для яго быў пабудаваны алтар. А калі была пабудавана сучасная катэдральная базіліка, алтар са старога касцёла быў разабраны і перанесены сюды. Існуюць сумненні, ці адразу ён стаяў у бакавой капліцы Маці Божай Кангрэгацкай. Праўдападобна, так, бо мы бачым гэты алтар намаляваны на фрэсках на лавах у гэтай капліцы. У 1725 годзе быў пабудаваны новы мураваны алтар Маці Божай Кангрэгацкай, а стары драўляны быў перанесены ў левую бакавую наву. Але і тут ёсць некаторыя прабелы ў гісторыі. Невядома, ці ён адразу быў перанесены і названы алтаром св. Міхала Арханёла, ці пэўны час знаходзіўся разабраны ў падвале. Гэтыя сумненні будзіць той факт, што пры рэстаўрацыі алтара былі знойдзены капітэлі, якія ўжо былі падгніўшымі. Было відаць, што іх раней захоўвалі ў вільготным месцы, пра што сведчыць стан дрэва і дэталяў.
    Калі мы гаворым пра алтар, мы не можам не ўспомніць, што ён мае абсалютна іншую канструкцыю і вылучаецца з усёй архітэктуры святыні. Падчас рэстаўрацыі мы таксама заўважылі, што ніз алтара ўжо замяняўся. Гэта значыць, што, хутчэй за ўсё, у мінулым стагоддзі ўжо праводзіўся рамонт, былі таксама заменены калоны. У сваю чаргу верхняя частка алтара засталася арыгінальнай, нават барэльефы засталіся з тых часоў. Рэстаўратары, якія працавалі пры алтары, падкрэслівалі, што былі вельмі ўзрушаны, калі дакраналіся да гэтых скульптур, бо нічога падобнага яны не сустракалі ні ў якім іншым касцёле. Казалі, што скульптуры выкананы вельмі далікатна і кожная з іх мае сваё красамоўства, сваё значэнне.
    Мы вырашылі распачаць аднаўленне алтара св. Міхала Арханёла, бо ўжо было відаць, што ён знаходзіцца ў аварыйным стане. І калі было пастаўлена рыштаванне і пачаліся падрыхтоўчыя працы, мы адразу ўпэўніліся ў тым, што алтар патрабуе неадкладнага ўмяшання і рэстаўрацыі. Алтар не меў сваёй структуры: ён стаяў толькі на калонах і дошках, гэта значыць, што ў пэўны момант ён мог проста абваліцца. Ён быў прывязаны дротам да сцяны, а фігуры анёлаў былі проста прыбіты цвікамі да алтара.
    Першым этапам нашых прац было даследаванне алтара – з чаго пачаць яго аднаўленне. Другім этапам было ўмацаванне ўсёй канструкцыі: мы злучылі алтар са сцяной, каб ён меў апору. Былі таксама заменены некаторыя часткі, якія ўжо былі пашкоджаны караедамі ці проста спарахнелі. А тыя часткі, якія яшчэ можна было ўратаваць, былі ўмацаваны хімічнымі сродкамі.
    Чарговым этапам была афарбоўка алтара, але тут узнікла праблема з каларыстыкай, бо алтар некалькі разоў перафарбоўваўся, а першапачаткова ён быў карычневы. Нашай задачай было дапасаваць алтар да стылю ўсёй святыні, таму пэўная каларыстыка была ўзята з алтара Маці Божай Кангрэгацкай, штосьці – з каларыстыкі галоўнага алтара. Затым алтар быў пазалочаны. Мы аднавілі таксама два абразы: св. Міхала Арханёла, які мае звыш 4 метраў у вышыню, і меншы круглы абраз, на якім адлюстраваны трое святых – св. Францішак, св. Аляксандр і св. Антоні. Рэстаўратары і ахвяравальнікі пры алтары св. Міхала Арханёла
    Калі казаць пра спецыялістаў, што праводзілі працы па аднаўленні алтара, на гэты раз мы распачалі супрацоўніцтва са спецыялістамі з Мінска. Гэта былі прафесіяналы, аб чым сведчыць факт, што яны змаглі зарыентавацца ў справе, ацаніць стан алтара і правесці грунтоўную працу. Было відаць, што яны ўжо мелі практыку ў такіх рэчах, мелі свае ідэі, свой падыход. Я вельмі задаволены іх працай. Гэта была невялікая група, якая складалася з членаў адной сям’і: муж займаўся канструкцыяй алтара і падрыхтоўкай да пазалочвання, а яго жонка, бацька і дзеці ачышчалі і пазалочвалі дэталі. Такая праца ў сям’і мела шмат плюсаў. Напрыклад, муж, прывозячы канструкцыі ў Мінск, мог растлумачыць, дзе знаходзіліся пэўныя часткі, як яны павінны выглядаць, бо калі мы аддавалі іх на пазалочванне, яны выглядалі інакш, чым потым, таму цяжка было б прыгадаць, дзе канкрэтна яны павінны знаходзіцца на алтары. Падчас рэстаўрацыі працавала яшчэ адна група з Мінска, якая фарбавала алтар пад мармур.
    Калі працы падыходзілі да канца, ахвяравальнікі, якія дапамагалі ў рэстаўрацыі, часта пыталіся ў мяне, што адчувае чалавек, дакранаючыся да дрэва з 17-га стагоддзя, бо гэта свайго роду святыня. А я, у сваю чаргу, думаў, што пакінуць на памяць тым людзям, якія працавалі пры алтары і фінансава дапамаглі ў справе рэстаўрацыі. У нас былі кавалкі ад спаленых фігур з галоўнага алтара, таксама з 17-га стагоддзя. Сталяр прапанаваў мне зрабіць з іх вялікі крыж. Гэта была сапраўды добрая прапанова, але я падумаў, што трэба зрабіць меншыя крыжыкі і ўручыць іх як падзяку і памятку тым, хто нам дапамагаў.
    Я ўручыў гэтыя крыжы падчас урачыстай св. Імшы і падкрэсліў, што цяпер кожны, хто мае гэты крыж, можа дакрануцца да сямнаццацівечнай гісторыі і мець яе ў сябе дома. Я таксама адзначыў, што на гэтых крыжах няма фігуркі Пана Езуса, а таму гэта крыжы радасці, крыжы уваскрослага Хрыста, крыжы, якія застаюцца для нас знакам нашага збаўлення і перамогі жыцця над смерцю.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  161

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.